Затрыманых віцебскіх актывістаў прысудзілі да штрафаў
Алену Залескую на судзе абвінавацілі ў парушэньні часткі 3 артыкула 23.34. КаАп РБ і пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічыняў, Антаніна Піванос атрымала 2 базавыя. А суд над Барысам Хамайдай перанесены на 1 красавіка, паколькі актывіст запатрабаваў перакладчыка.
Сёньня ў Віцебску ля “сіняга дому” мясцовыя актывісты зладзілі пікет, прысвечана 90-угодкаў утварэньня БНР. Некалькі актывістаў трымалі бел-чырвона-белыя балёнчыні і парасоны нацыянальных колераў. Жанчыны разгарнулі вышываны рушнік з сімволікай БНР. Праз некалькі хвілінаў да іх падыйшлі міліцыянты, якія затрымалі Барыса Хамайду, Алену Залескую, Антаніну Піванос і карэспандэнта Рацыі Уладзіміра Жукоўскага. Журналіста пасьля высвятленьня асобы адпусцілі.
У РУУСе міліцыянты пачалі складаць пратаколы. Бел‑чырвона‑белыя шалікі, якія ў часе акцыі мелі на сабе Б. Хамайда і А. Залеская, супрацоўнікі міліцыі ў пратаколе пазначылі, як сьцягі, паведаміў Уладзімер Падгол. А габэлен, на якім на белым фоне чырвонымі ніткамі былі вышытыя словы малітвы «Ойча наш» па‑беларуску, супрацоўнікі палічылі за плякат.