Пікет у Віцебску скончыўся затрыманьнямі
Сёньня ў Віцебску ля “сіняга дому” мясцовыя актывісты зладзілі пікет, прысвечаны 90-угодкам утварэньня БНР. Некалькі актывістаў трымалі бел-чырвона-белыя балёнчыні і парасоны нацыянальных колераў. Жанчыны разгарнулі вышываны рушнік з сімволікай БНР. Праз некалькі хвілінаў да іх падыйшлі міліцыянты, якія затрымалі Барыса Хамайду, Алену Залескую, Антаніну Піванос і карэспандэнта Радыё Рацыя Уладзімера Жукоўскага.
Як паведамляе праваабаронца Леанід Свецік, усіх затрыманых даставілі ў Чыгуначны РАУС, дзе складаюць пратаколы.
У той жа час у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебска пачаўся суд над кіраўніком віцебскай філіі Моладзі БНФ Аляксандрам Кузняцовым, які быў затрыманы ўчора ўвечары. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.