Аляксандра Васільева аштрафавалі на 700 тысяч рублёў
Сёньня судзьдзя Пінскага гарадзкога суду Тацяна Сьвібовіч аштрафавала актывіста кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Аляксандра Васільева на 700 тысяч рублёў. Ён абвінавачаны ў непадпарадкаваньні міліцыі. Пратакол на яго быў складзены 21 студзеня, калі ў Пінску адбыўся стыхійны мітынг прадпрымальнікаў ля будынку гарвыканкаму.
Аляксандар Васільеў паведаміў “Свабодзе”, што суд сёньня разглядаў два міліцэйскія пратаколы. Адзін удалося аспрэчыць. Спадар Васільеў нават без адваката пераканаў суд у супярэчлівасьці сьведчаньняў міліцыянтаў:
“Яны заблыталіся ў сваіх сьведчаньнях. Дагаварыліся да таго, што я нібыта кідаўся на аўтамашыны, якія праяжджалі міма. Поўная лухта! І галоўнае, што мы змусілі міліцыянтаў уласнаручна абазначыць на схеме месца, дзе яны стаялі. Адлегласьць — 90 мэтраў. Суд канстатаваў, што, знаходзячыся ў аўтамашыне, нельга на такой адлегласьці пачуць, што чалавек брыдкасловіць”.
Аляксандар Васільеў лічыць, што сёньняшні суд спыніў у Пінску арышты апазыцыі па надуманых абвінавачаньнях:
“Нават тое, што мы адбіліся ад аднаго пратаколу, — спрыяльны прэцэдэнт. Ім ёсьць над чым задумацца. Варыянты бяздумнага абвінавачваньня не праходзяць. У прынцыпе, я задаволены вынікам”.