У беларускіх бібліятэках забараняюць сустрэчы з пісьменнікамі
Гарадокскі райвыканкам адмовіў ў правядзенні 20 снежня творчай сустрэчы з пісьменнікам Уладзімерам Арловым і прэзентацыі ягонай кнігі “Імёны свабоды”. А ў Слуцку 18 снежня сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў былі вымушаны перанесці з бібліятэкі ў прыватную кватэру вечар памяці, прысвечаны стагоддзю з дня нараджэння Рыгора Крушыны, беларускага паэта-эмігранта.
Улады Гарадка паведамілі арганізатарам сустрэчы, што сустрэча з Арловым не адбудзецца “у сувязі з правядзеннем афіцыйных святаў”.
— 22 снежня ў бібліятэке павінна адбыццпа мерапрыемства, прысвечанае вызваленню горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — зазначыў старшыня мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы Леанід Гаравы. — Я дакладна ведаю, што 20 снежня заля бібліятэкі свабодная.
У лісце загадчыца аддзела культуры прапанавала спадару Арлову прыехаць у Гарадок напрыканцы наступнага года. Ініцыятары сустрэчы плануюць абскардзіць дзеянні аддзела культуры на абласным узроўні.
Уладзімер Арлоў у тэлефоннай размове з журналістам “Салідарнасці” не выказаў здзіўлення захадамі ўладаў:
— Адмову чыноўнікаў я ўспрымаю як з'яву надвор'я. Я разумею, што наша сучаснае беларускае грамадства — гэта шматслойны пірог, у якім побач з людзьмі дваццаць першага стагоддзя жывуць і неандэртальцы. Пасля выхаду маёй кнігі “Імёны свабоды” я часам раздумваю, што палохае тых, хто забараняе яе прэзентацыю: ці прозвішча аўтара, ці слова “свабода”.
Апошнім часам я часта сустракаюся з чытачамі ў бібліятэках, касцёлах, на прыватных кватэрах. Спадзяюся, што гэтыя сустрэчы набліжаюць той час, калі ніякіх забаронаў не будзе.
У Слуцку мясцовыя вертыкальшчыкі разыгралі іншы сцэнарый.
— Спачатку аддзел культуры райвыканкама даў пісьмовую згоду на правядзенне вечара памяці нашага земляка Рыгора Крушыны з удзелам сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў, але за дзень да мерапрыемства нам у вуснай форме адмовілі ў яго правядзенні, — расказаў Мікалай Курыльчык, старшыня Слуцкай суполкі Таварыства беларускай мовы.
18 снежня ў Слуцк прыехалі даследчык творчасці Рыгора Крушыны Анатоль Сідарэвіч, пісьменнік Міхась Скобла і старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. Госці пабылі ў дырэктаркі бібліятэкі Людмілы Гурыновіч, падарылі ёй кнігі славутага земляка і выказалі ўдзячнасць, што персанальна яна была не супраць гэтай сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі.
— Адмова была матываваная тым, што вечар памяці паэта-земляка ў агульнадзяржаўныя планы культурных мерапрыемстваў не ўпісваўся”, — адзначыў Алесь Пашкевіч і выказаў спадзяванне, што “прыйдзе час, калі у бібліятэках будуць запатрабаваныя не толькі кніжкі аднаго з найлепшых паэтаў эміграцыі, але і праводзіцца публічныя мерапрыемствы ў яго гонар.
Тым не менш, сустрэча з чытачамі усё ж адбылася ў прыватнай кватэры. Удзел у ёй прынялі прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і дваюрадны брат паэта Міхаіл Казак, які жыве ў Слуцку.