Чаргінец зьменьшыў памер пазову ў 20 разоў
Сёньня пачаўся судовы працэс па абароне, гонару, годнасьці дзелавой рэпутацыі кіраўніка афіцыйнага пісьменьніцкага саюзу Мікалая Чаргінца. Ён выказаў свае прэтэнзіі да публікацыі ў газэце “Новы час” палітычнага нарыса журналіста Аляксандра Тамковіча “Генэрал і сэнатар Мікалай Чаргінец”.
Падтрымаць Тамковіча да суду Першамайскага раёну прыйшлі Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Сіўчык, Ігар Рынкевіч, Валеры Шчукін, Сяргей Скрабец, Жанна Літвіна. Залю для слуханьня справы выдзелілі ня самую вялікую, таму частка людзей не змагла трапіць на працэс. Фактычна адразу судзьдзя Ананіч выдаліла з залі палітыка Скрабца і гісторыка Аляксея Хадыку, якія сьмяяліся, піша “Наша ніва”.
Сам Чаргінец на суд не зьявіўся, бо ў яго “важныя дзяржаўныя справы”. Прадстаўніца генэрала зачытала нядаўні ліст Аляксандра Тамковіча да Чаргінца, дзе выказвалася шкадаваньне, што публікацыя неяк абразіла палітыка. У сувязі з гэтым заяўнік зьменшыў памер пазову: ад Тамковіча цяпер ён патрабуе атрымаць 5 мільёнаў рублёў маральнай кампэнсацыі, а ад выдавецтва “Час навінаў” – 50 мільёнаў. Раней гэтыя лічбы раўняліся 500 і 100 мільёнам рублёў адпаведна.
Прэтэнзіі Чаргінца выклікаюць цэлы шэраг момантаў публікацыі: ад згадкі пра літаратурных рабоў да славалюбства генэрала і цягі яго да самапіяру. Таксама Чаргінца абурыла фраза пра “нізкую якасьць ягоных твораў”. Абарона адказала па кожным з пунктаў абвінавачваньня.
Сам Аляксандар Тамковіч заявіў, што мае за рацыю па ўсіх пунктах. Суд працягне працу сёньня па абедзе.