Генеральная асамблея ААН асудзіла парушэнне правоў чалавека ў Беларусі
У Генеральнай асамблеі ААН прайшло галасаванне па рэзалюцыі, якая асуджае парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. 72 краіны падтрымалі рэзалюцыю, 33 – галасавалі супраць і 78 – устрымаліся. У выніку, большасцю галасоў дакумент быў прыняты.
Супраць дакумента галасавалі Расея, Куба, Паўночная Карэя, Іран, Сірыя, Судан, Зімбабве і іншыя. У адказ прадстаўнік ЗША ў ААН назваў Беларусь "апошняй дыктатурай у Еўропе", паведаміў "Тэлеграф".
Раней прэс-цэнтр Хартыі’97 паведамляў, што Трэці камітэт ААН прыняў праект рэзалюцыі, прапанаваны ЗША, у якім асуджаецца парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. У дакуменце гаворыцца, што ў Беларусі працягваюцца сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, а таксама прыгнёту і пераследу СМІ, апазіцыі і праваабаронцаў.
Рэзалюцыя абвяшчае, што прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся 19 сакавіка 2006 года, былі "праведзеныя з сур'ёзнымі парушэннямі, абумоўленымі адвольным ужываннем улады дзяржавай, і ў значнай ступені не адпавядалі абавязальніцтвам Беларусі ў рамках Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе ў дачыненні правядзення свабодных і справядлівых выбараў".
У ААН выказалі "глыбокую занепакоенасць з нагоды выкарыстання сістэмы крымінальнага правасуддзя для таго, каб прымусіць замоўкнуць палітычную апазіцыю і праваабаронцаў, у тым ліку ў форме адвольнага затрымання, незахавання належных працэсуальных нормаў і закрытых палітычных судовых працэсаў над вядучымі прадстаўнікамі апазіцыі і праваабаронцамі".