Каго ня пусьцяць за мяжу
У банк звестак аб грамадзянах Беларусі, якім часова абмежавана права на выезд з краіны, уключаюцца шэсць катэгорый асоб. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў МУС.
Нагадаем, 17 снежня прэзідэнт падпісаў указ № 643 "Аб спрашчэнні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь". Ім устаноўлена, што з 1 студзеня 2008 года часовы выезд грамадзян Беларусі за мяжу будзе ажыццяўляцца без прастаўлення ў пашпарце дазвольнай адзнакі.
Адначасова зацверджана Палажэнне аб банку звестак аб грамадзянах Беларусі, права якіх на выезд з краіны часова абмежавана. Устаноўлена, што вядзенне банка звестак ажыццяўляецца МУС, вызначана кола асоб, права якіх на выезд часова абмежавана, а таксама парадак інфармацыйнага ўзаемадзеяння дзяржорганаў, якія падаюць інфармацыю ў гэты банк звестак. Апрача таго, палажэннем вызначаны парадак інфармавання грамадзян аб тым, што іх права на выезд часова абмежавана, а таксама аб зняцці такога абмежавання. Банк звестак фарміруецца са звестак, якія падаюцца ў МУС Міністэрствам юстыцыі, Міністэрствам абароны і КДБ, а таксама на падставе звестак, што маюцца ў Міністэрстве ўнутраных спраў.
У банк звестак уключаецца інфармацыя аб грамадзянах:
‑ інфармаваных аб звестках, што складаюць дзяржаўную тайну, — да заканчэння тэрміну, указанага ў дагаворы аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў;
‑ падазроных або абвінавачваных па крымінальнай справе, — да спынення крымінальнага пераследу;
‑ асуджаных за ўчыненне злачынства, за выключэннем прыгавораных да пакарання ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, — да выканання пакарання або вызвалення ад пакарання;
‑ якія ўхіляюцца ад выканання абавязацельстваў, накладзеных на іх судом, — на тэрмін, устаноўлены судом, але не больш чым да выканання абавязацельстваў;
‑ якім прад’яўлены грамадзянскі іск у судзе, — на тэрмін, устаноўлены судом, але не больш чым да заканчэння вытворчасці па справе;
‑ якія ўхіляюцца ад мерапрыемстваў па прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве, — да яўкі на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве.
Інфармацыю аб наяўнасці або адсутнасці часовых абмежаванняў на выезд за мяжу можна будзе бясплатна атрымаць у падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў на працягу не больш як аднаго месяца з дня звароту. Грамадзянін (пры прад’яўленні пашпарта) мае права атрымаць інфармацыю аб наяўнасці ў банку звестак інфармацыі пра сябе і грамадзянах, законным прадстаўніком якіх ён з’яўляецца.
МУС папярэджвае, што даведка аб адсутнасці часовых абмежаванняў права на выезд за мяжу не будзе мець юрыдычнай сілы для прадстаўнікоў пагранічнай службы ў выпадку, калі на момант перасячэння дзяржмяжы ў банку звестак будзе ўтрымлівацца інфармацыя аб наяўнасці ў грамадзяніна часовых абмежаванняў права на выезд.
Нагадаем, на думку кіраўніка МУС Уладзіміра Навумава, у банк звестак можа быць уключана інфармацыя аб прыкладна 100 тысячах беларускіх грамадзян.