Амапаўскі карагод вакол Галоўнай ёлкі краіны: шмат зьбітых, ёсьць затрыманыя (аднаўляецца)
Акцыя ў абарону незалежнасьці Беларусі, прымеркаваная да прыезду Уладзімера Пуціна завяршылася жорсткім разгонам. Роўна ў 18-00 на Кастрычніцкай плошчы пачалі збірацца прадстаўнікі партый, дэмакратычныя лідэры, моладзь. Перад пачаткам акцыі за палацам рэспублікі сканцэнтраваліся аўтазакі і аўтобусы з амапам. На плошчы і каля яе заўважалася шмат пераапранутых міліцыянтаў. Сярод мітынгоўцаў, якіх сабралася каля сотні, намесьнікі старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч, Аляксей Янукевіч, Вінцук Вячорка. Але як толькі дэманстранты ўзнялі тры бела-чырвона-белыя сьцягі, спэцназаўцы набеглі з усіх бакоў, пачалі вырываць з рук сцягі, біць моладзь. Стварыўшы ланцуг пачалі выціскаць усіх за плошчу. Моладзь скандуе “Жыве Беларусь!”. Людзі не даюць затрымліваць моладзь, вырываюць юнакоў з учэпістых рук амапу. У гэты час па папярэдніх дадзеных затрымана трое актывістаў, верагодна сярод іх і лідэр моладзі БНФ Алесь Каліта. пакуль гэта інфармацыя не падцвердзілася.
Тым часам, большая частка дэманстрантаў, якіх паболела, падыйшлі да Палацу прафсаюзаў, дзе адразу ж была ўзята ў амапаўскі ланцуг. Тых, хто спрабаваў вырвацца – жорстка збівалі і валілі на зямлю. Упаў, не адпускаючы сьцяг Зьміцер Хведарук, прычым так моцна, што страціў прытомнасьць. Праз некаторы час яго забрала “Хуткая дапамога”. Міліцыянты жорстка выціскаюць людзей у бок цырку, аднак дэманстранты разыходзіцца не зьбіраюцца. Пад’ехалі аўтамабілі ДАІ і яго супрацоўнікі сочаць за парадкам на праспекце. Вялікая колькасьць спэцназаўцаў ідзе сьледам за часткай дэманстрантаў, якія нясуць бел-чырвона-белы сьцяг і падышлі амаль да будынку Цырка. Некаторых дэманстрантаў зьбіваюць; пастаянна ўзьнікаюць сутычкі, калі спэцназаўцы намагаюцца адабраць сьцягі. Ад цырку частку ўдзельнікаў акцыі завярнулі ў бок Свіслачы.
Аднак патрулі і пераапранутыя амапаўцы працягваюць дзяжурыць на Кастрычніцкай плошчы
Далей – паведамленьні карэспандэнтаў радыё “Свабода”:
19:10 Група дэманстрантаў на чале з Алесем Міхалевічам стаіць у атачэньні міліцыі ля гатэлю "Беларусь". Пакуль спэцназаўцы не дазваляюць людзям разыходзіцца.
19:14 Мабільныя тэлефоны многіх моладзевых атывістаў не адказваюць, сярод дэманстрантаў іх таксама ня бачна.
19:20 Каля двух дзесяткаў дэманстрантаў цяпер блізу Камсамольскага возера. Побач стаіць аўтазак, актыўных дзеяньняў пакуль не прадпрымае ніводзін з бакоў. Зьбіты актывіст Зьміцер Хведарук дастаўлены ў 9-ы клінічны шпіталь Менску. Ягоны стан складаны.
19:27 Усіх удзельнікаў акцыі, якіх выціснулі ў бок Камсамольскага возера, міліцыя пасадзіла ў трамвай у бок вуліцы Арлоўскай. Усяго -- больш за 25 чалавек. Самі міліцыянты таксама зьехалі.