Паездка за мяжу бяз згоды начальтва можа стацца падставаю для страты працы.
Кіраўніцтва Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту 26 лістапада не працягнула кантракт са старэйшым выкладчыкам катэдры філязофіі й гісторыі Анатолем Трафімчыкам.
Афіцыйна кантракт не працягнуты за парушэньне дысцыпліны. Трафімчык напрыканцы 2006 году зьедзіў у Вільню на канфэрэнцыю гісторыкаў без дазволу рэктарату. Гэта палічылі за палітычную дзейнасьць, піша “Наша ніва”.
Рэктар Васіль Качурка ў прыватнай гутарцы патлумчыў Анатолю, што афіцыйна ён выключаны за адсутнасьць на працы, але ў сапраўднасьці - за палітычную дзейнасьць.
Анатоль зьяўляецца кандыдатам гістаычных навук, абараняўся ў Інтсытуце гісторыі НАН Украіны. На Бацькаўшыне такі дыплём не прызнаны. Таму па заснаваньні БарДУ пачынаў працу дацэнтам. Потым быў «разжалаваны» да старэйшых выкладчыкаў. Адбылося тое амаль адразу па яго камэнтары пра бальшавіцкую кастрычніцкую рэвалюцыю для незалежнага баранавіцкага тыднёвіка «Intex-press».
Пра тое, што адбылося, расказвае сам Трафімчык. “У верасьні 2007 году рэктар не пусьціў мяне ў Польшчу, куды я быў запрошаны на канфэрэнцыю. Сказаў, што, маўляў, звольнім, тады і паедзеш. Закідаў мне публікацыі ў недзяржаўных выданьнях, такіх як «ARCHE», баранавіцкім «Intex-press» ды «Ганцавіцкім Часе». На думку Кучуркі, такое нельга рабіць выкладчыку дзяржаўнай установы. Зразумела, гэта не пісалася ў пратаколе камісіі. Было, аднак, зазначана, што як выкладчык і навуковец я задавальняю ўнівэрсытэт. Але ідэалёгія патрабуе чысьціні”, - распавёў Трафімчык.
Аднак да звальненьня Анатоль Трафімчык паставіўся з гумарам. “Кіруючыся лёгікай Качуркі, паводле якой ён робіць мяне апазыцыянэрам за паездку за мяжу, можна прыйсьці да жахлівых высноваў, бо само кіраўніцва БарДУ езьдзіць за мяжу нашмат часьцей за мяне. Па-другое, яны абвінавачваюць мяне ў апазыцыйнасьці на падставе маіх паблікацый. Але я друкаваўся і ў часопісе адміністрацыі прэзыдэнта «Беларуская Думка». Ці, можа, гэта таксама апазыцыйнае выданьне? І як тады патлумачыць, што кіраўніцва БарДУ не чытае БД, але чытае апазыцыйныя СМІ? Па-трэцяе, сваімі дзеяньнямі яны выштурхоўваюць мяне ў палітычнае поле апазыцыі, хоць раней я намагаўся быць апалітычным”, - кажа гісторык.
Па сканчэньні кантракту, які яму не працягнулі, то бок ад 1 сьнежня, Анатоль зьбіраецца крыху адпачыць, а надалей будзе займацца навуковай дзейнасьцю. На сёньня сасьпела патрэба ў дапісаньні дзьвюх манаграфій па гісторыі 1-й паловы ХХ стагодзьдзя і дзьвюх навукова-папуляных манаграфій. Дарэчы, па словах Анатоля, ён ужо мае прапановы працы за межамі Беларусі. Ад Нямеччыны да Літвы.