Пракуратура лічыць ужываньне кайданкаў у дачыненьні да хворага арыштаванага Сяргея Клюева абаснаваным
Моладзевы актывіст Сяргей Клюеў атрымаў адказ з пракуратуры Савецкага раёну сталіцы на сваю скаргу, у якой прасіў правесьці пракурорскую праверку па факце таго, што падчас знаходжаньня ў інфекцыйным шпіталі супрацоўнікі праваахоўных органаў прыкавалі яго кайданкамі да ложка на ўсю ноч. Гэта адбылося 26 ліпеня, калі паводле пастановы Савецкага райсуду Менску па справе аб адміністратыўнм правапарушэньні ад 24.07.07 Сяргей Клюеў адбываў 10-суткавы арышту за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў да Дня прыняцьця дэкларацыі аб незалежнасьці Беларусі. Знаходзячыся ў спецпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна, актывіст атруціўся ежай, выкліканая "хуткая дапамога" даставіла яго пад канвоем у інфекцыйны шпіталь, дзе хворыя разьмяшчаюцца па асобных боксах. Нягледзячы на тое, што Сяргей Клюеў не аказваў ніякага супраціву супрацоўнікам міліцыі ці непадпарадкаваньня іх законным патрабаваньням і ў выніку атручваньня знаходзіўся ў цяжкім фізычным стане, тым ня менш на ноч міліцыянты прыкавалі яго кайданкамі да ложка. Дадзеныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі цалкам можна кваліфікаваць як факт выкарыстаньня катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня. У сувязі з перавышэньнем службовых паўнамоцтваў супрацоўнікаў міліцыі і была накіраваная скарга ў пракуратуру пацярпелага Сяргея Клюева - ён прасіў правесьці пракурорскую праверку і прыцягнуць віноўных да адказнасьці ў адпаведнасьці з дзеючым заканадаўствам.
Як вынікае з афіцыйнага адказу з пракуратуры Савецкага раёну Менску, "паколькі памяшканьне клінічнага шпіталю не прадугледжана для ўтрыманьня асобаў, падвергнутых арышту, не мае спецыяльна абсталяваных камер, абсталяваньня для назіраньня і спецыялізаванай аховы, у супрацоўнікаў міліцыі меліся ўсе падставы меркаваць, што Сяргей Клёеў можа здзейсьніць уцёкі. Такім чынам, ужываньне супрацоўнікамі міліцыі кайданкаў пры канваіраваньні зьяўляецца законным і абаснаваным, якія-небудзь парушэньні заканадаўства дапушчаны не былі".
Хочацца зьвярнуць увагу на фразу - "ужываньне супрацоўнікамі міліцыі кайданкаў пры канваіраваньні", і ні слова пра тое, ці мелі права супрацоўнікі міліцыі ўжываць кайданкі ў дачыненьні да Сяргея Клюева падчас начнога сну, і ці меў ён увогуле здольнасьць і магчымасьць уцячы, знаходзячыся ў цяжкім фізічным стане! Што і казаць, пракурорская праверка, здаецца, яшчэ ні разу не знайшла прыкметаў парушэньня заканадаўства ў дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі, якія перавышаюць свае службовыя паўнамоцтвы ў дачыненьні да дэмакратычных актывістаў: ці тое была двойчы зьбітая дзяўчына Тацяна Цішкевіч, ці тое быў моладзевы лідэр Мікіта Сасім, якога таксама прыкавалі кайданкамі да бальнічнага ложку пасьля аперацыі, ці тое быў непаўнагадовы сын былога палітвязьня Валера Леванеўскага, які распаўсюджваў улёткі на Гарадзенскім рынку. Усіх тых выпадкаў і не пералічыш...