Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікаў польскія ўлады звярнуць увагу на сітуацыю, якая склалася вакол тыднёвіка “Ніва” і школ з вывучэннем беларускай мовы на Беласточчыне.
Зварот
Праваабарончага цэнтру “Вясна”
у абарону сяброў Праграмнай Рады штотыднёвiка беларусаў Польшчы “Нiва” і школ з вывучэннем беларускай мовы
Праваабарончы цэнтр “Вясна” занепакоены дзеяннямі дыскрымінацыйнага характару ў дачыненні да беларускай меншасці ў Польшчы.
Мы заклікаем звярнуць увагу на сітуацыю, якая склалася вакол тыднёвіка “Ніва” і школ з вывучэннем беларускай мовы на Беласточчыне.
Сябрам Праграмнай Рады штотыднёвiка беларусаў Польшчы “Нiва” -- аўтарытэтным грамадскiм дзеячам Яўгену Вапу, Яўгену Мiрановiчу, Мiхасю Андрасюку, Юрыю Хмялеўскаму i Мiхалу Стэльмашуку прад’яўлены абвінавачанні ў няправiльным выкарыстаннi грашовых сродкаў, выдаткаваных польскай дзяржавай на падтрымку выдання.
Паралельна з абвiнавачаннямі ў адрас газеты “Нiва” кантрольная палата (NIK) пачала праверкі ў школах з вывучэннем беларускай мовы.
Гэтыя дзеянні польскіх уладаў успрымаюцца намі як форма запалохвання беларускай нацыянальнай меншасці з мэтай выключэння яе з культурнага, грамадскага і палітычнага жыцця Польшчы.
Выклікае занепакоенасць тое, што польскія ўлады паўтараюць практыку, якая існуе сёння ў Беларусі пры аўтарытарным рэжыме А.Лукашэнкі, арыентаваным на русіфікацыю беларускага грамадства і дыскрымінацыю беларускай культуры і адукацыі.
Мы ўпэўнены, што ў інтарэсах польскай дзяржавы развіваць традыцыі талерантнасці.
Рэспубліка Польшча з’яўляецца сябрам Еўрапейскага Звязу, ратыфікавала асноўныя пакты і канвенцыі ААН, тым самым узяла на сябе абавязацельствы па захаванні правоў нацыянальных меншасцяў.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае кіраўніцтва краіны прыняць меры па спыненні праяваў дыскрымінацыі і забяспечыць выкананне міжнародных абавязацельстваў і стандартаў у галіне правоў чалавека ў дачынені да беларускай нацыянальнай меншасці.
2 лістапада Зварот накіраваны Прэзідэнту Рэспублікі Польшча Сп. Аляксандру Квасьнеўскаму
Амбасадару Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь
сп. Тадэвушу Паўлеку
Копія: Праграмнай Радзе штотыднёвіка “Ніва”