У Маладэчне ў ноч з 30 на 31 кастрычніка невядомымі быў абрабаваны офіс партыі БНФ.
Паводле актывіста маладэчанскай суполкі Партыі БНФ Алеся Капуцкага, злодзеі залезьлі ў хату праз выбітае акно: “Я раніцай прыйшоў і ўбачыў, што тут такі гармідар і тое-сёе зьнікла. Я патэлефанаваў у міліцыю, яны прыехалі, і выявілася, што тут частка аргтэхнікі зьнікла: сыстэмны блёк, факс і ксэракс, магнітола, мадэм і сканэр, а таксама радыётэлефон”.
Як вядома, тыдзень таму невядомыя абрабавалі кватэры дэмакратычных актывістаў у Менску і Віцебску. У Менску ахвярай невядомых злачынцаў стала кватэра намесьніка старшыні партыі БНФ Алеся Міхалевіча, а ў Віцебску – кватэра старшыні абласной суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алены Залескай. Там таксама злодзеі скралі аргтэхніку зь інфармацыяй пра дзейнасьць гэтых дэмакратычных арганізацый, паведамляе «Радыё Свабода».