Партыі пад пагрозай ліквідацыі
Месяц таму Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовыя папярэджаньні шасьці партыям – Партыі БНФ, Беларускай партыі “Зялёныя”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадзе, а таксама Беларускай сацыяльна-спартовай партыі, Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды і Рэспубліканскай партыі. Чыноўнікі выклалі свае прэтэнзіі да іх і прыгразілі прыпыніць дзейнасьць альбо зьліквідаваць у судовым парадку, калі даведзеныя патрабаваньні ня будуць выкананыя. Што ж зроблена?
Міністэрства юстыцыі вінаваціла партыі ў тым, што яны, нягледзячы на папярэджаньні, дагэтуль не ўтварылі неабходнай колькасьці арганізацыйных структур. Згодна з законам, палітычныя партыі мусяць мець Менскую гарадзкую і абласныя аргструктуры ня менш чым у чатырох абласьцях. Калі партыі ня выправяцца, то Мінюст пагражае паставіць пытаньне аб прыпыненьні іх дзейнасьці альбо ліквідацыі ў судовым парадку.
Учора ўвечары сытуацыя абмяркоўвалася на ўправе Партыі БНФ. Паводле лідэра фронтаўцаў Вінцука Вячоркі, праблема не ў наяўнасьці структур, а ў атрыманьні юрыдычных адрасоў для іх:
“Мы рабілі захады, каб атрымаць юрыдычныя адрасы ў чатырох абласьцях. У Рэчыцы чалавека, які меў гэтым займацца, выслалі ў сувязі з “Дажынкамі”. У Магілёве доўга абяцалі і так абяцаньне і ня выканалі. Ну, можа, атрымаецца ў іншых гарадах. Мы рабілі добрасумленна захады, каб здабыць юрыдычныя адрасы ў большасьці з абласных цэнтраў. Ёсьць пагроза, калі не здабудзем юрыдычных адрасоў, што могуць прыпыніць”, -- заявіў палітык “Радыё Свабода”.
Кіраўнік праўнай камісіі партыі БНФ Уладзімер Лабковіч дадаў:
“Мы правялі ўстаноўчы сход у Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ і ў мінулы чацьвер падалі дакумэнты ў віцебскае абласное ўпраўленьне юстыцыі аб рэгістрацыі. У выпадку, калі яна будзе зарэгістравана ўправай юстыцыі, то, спадзяюся, што на гэтым пэўным этапе прэтэнзіі мінюста будуць зьнятыя”.
Спадар Вячорка пракамэнтаваў дзеяньні Мінюсту адносна Партыі БНФ:
“Гэта ёсьць зачыстка палітычнай прасторы ад наймацнейшых палітычных структураў напярэдадні кампаніі пад назвай “парлямэнцкія выбары”.
Пакуль невядома, як Мінюст паставіцца да Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (партыі Станіслава Шушкевіча). Справа ў тым, што спачатку гэтую партыю пераблыталі з партыяй Аляксандра Казуліна і той накіравалі папярэджаньне. Аднак потым папрасілі прабачэньня. Таму папярэджаньне сацыял-дэмакраты Шушкевіча атрымалі насамрэч толькі 28 жніўня. Актывістка Сьвятлана Губейка сказала:
“12 верасьня нам толькі аддалі пасьведчаньне і статут зацьверджаны. Я ж не магла ўсе канфэрэнцыі правесьці ў пяці структурах адначасова. Адрасы ў нас ёсьць, але пакуль што не зацьверджаны Мінюстам. Дамовы ёсьць, правялі ўсе ўстаноўчыя канфэрэнцыі. Літаральна ў сераду мы падаем апошнюю ў Менскую вобласьць”.