Актывістку Моладзі БНФ спрабуе запалохаць КДБ
Супрацоўнік КДБ Аляксандр Прадко некалькі дзён таму наведаўся да актывісткі Моладзі БНФ Насты Александровіч.
Нагадаем, што дзяўчына зьяўляецца маладым спэцыялістам і працуе ў недзяржаўнай арганізацыі. Супрацоўнік КДБ папярэдне сустрэўся з дырэктарам гэтай арганізацыі і прапанаваў "пазбавіцца ад актывісткі БНФ, каб пазбегнуць магчымых непрыемнасцей”. Спадар Прадко запытваўся, ці не праводзіць Наста Александровіч мітынгі, ці не захоўвае агітацыйныя ўлёткі.
Каментар самой Насты Александровіч: "Я не здзіўленая візітам супрацоўніка КДБ, бо гэта ўжо трэцяя спроба запалохаць мяне. Зараз я малады спэцыяліст, таму звольніць мяне з працы можна толькі па артыкуле, пасьля чаго я мушу выплаціць дзяржаве 16 млн. руб. Відавочна, што КДБ спрабуе ціснуць на мяне. Але запалохаць мяне ня ўдасца."
Нагадаем, што ў мінулым годзе да актывісткі моладзевага крыла Партыі БНФ у каледж прыходзілі супрацоўнікі КДБ з намерам завербаваць дзяўчыну.