viasna on patreon

ЭВАНГЕЛЬСКІЯ ХРЫСЬЦІЯНЕ ПАКІДАЮЦЬ ЗА САБОЮ ПРАВА НЕ ПАДПАРАДКОЎВАЦЦА НОРМАМ ДЫСКРЫМІНАЦЫЙНАГА ЗАКОНУ

2002 2002-11-04T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У зьвязку з падпісаньнем прэзыдэнтам закону “Аб свабодзе сумленьня і
рэлігійных арганізацыях” Аб’яднаньне абшчынаў хрысьціянаў поўнага Эвангельля
(т.278-10-72) прыняло “Адкрытую заяву”, у якой абвяшчаецца, што хрысьціяне
поўнага Эвангельля пакідаюць за сабою права не падпарадкоўвацца нормам
гэтага закону, якія пярэчаць Божаму Закону -- Бібліі.

Гаворыць віцэ-пастар менскай Царквы Ісуса Хрыста Зьміцер Зяленскі (т.
202-30-39): “мы расцэньваем падпісаньне гэтага закону як “падарунак”
беларускім пратэстантам на Дзень Рэфармацыі, які ва ўсім сьвеце адзначаецца
31 кастрычніка. У выпадку, калі нормы закона будуць сур’ёзна абцяжарваць, а
часам і рабіць немагчымым правядзеньне набажэнстваў, сумесных малітваў,
пропаведзі Эвангельля, мы пакідаем за сабою права не падпарадкоўвацца гэтым
нормам. Таксама гэта датычыцца экспэртызы друкаваных выданьняў Экспэртнай
радай ў яе сёньняшнім складзе і прадстаўленьне той альбо іншай інфармацыі аб
цэрквах і іх сябрах дзяржаўным органам. Акрамя гэтага, мы супраць падзелу
канфэсіяў на “правільныя” й “няправільныя”. Усе павінны быць у роўных
умовах”.
Ніжэй мы выкладаем поўны тэкст “Адкрытай заявы”:

Адкрытая заява
31 кастрычніка 2002 году Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі быў падпісаны Закон
“Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”.
У чарговы раз цяперашняя ўлада прадэманстравала поўную непавагу да думкі
тысячаў грамадзянаў Беларусі і дзясяткаў мільёнаў хрысьціянаў усяго сьвету.
Уводам у дзеяньне гэтага Закону нанесены ўдар па свабодзе сумленьня – адной
з асноваўтваральных свабодаў дадзеных Богам чалавеку, на якой базуюцца
асноўныя дэмакратычныя інстытуты. Мы лічым, што ў дадзеным выпадку
цяперашняя ўлада перавысіла паўнамоцтвы дадзеныя Богам.
Лепшыя часы гісторыі Беларусі зьвязаныя са сьцьверджаньнем на Канстытуцыйным
узроўні прынцыпаў міжрэлігійнай, міжнацыянальнай талерантнасьці і свабоды
веравызнаньня. Парушэньне гэтых прынцыпаў ў XVII стагодзьдзі прывяло да
хранічнага нацыянальнага крызысу. Да чаго прывядуць падобныя антыбіблійныя
дзеяньні ўладаў на пачатку XXІ стагодзьдзя?
Прыняты Закон вымушае нас парушаць асноўны Закон, на якім базуецца наша вера
– Закон Божы.
Мы, як вернікі, маем поўнае права не падпарадкоўвацца законам і пастановам,
што супярэчаць нашай веры й сумленьню, выкарыстоўваючы ў гэтым выпадку
Біблійны прынцып “належыць больш падпарадкоўвацца Богу, чым людзям”.

Аб імя абшчынаў Аб’яднаньня
хрысьціянаў поўнага Эвангельля
ў Рэспубліцы Беларусі

Прэзыдэнт А.В.
Саковіч
01.11.02
Інфармацыйны цэнтар “Свабода сумленьня”
Кантакты: 276 07 54; e-mail: infarmacyja@hotmail.com

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства