Віцебскі абласны выканаўчы камітэт палічыў правамоцнай адмову Наваполацкага гарвыканкама ў рэгістрацыі структураў Свабоднага прафсаюза Беларускага
Наваполацка-Полацкая рэгіянальная арганізацыя Свабоднага прафсаюза Беларускага, а таксама ейныя падразьдзяленьні -- пярвічкі на ААТ “Нафтан” і Наваполацкай ЦЭЦ амаль год ня можа зарэгістравацца ў мясцовых органах улады.
Прафаб’яднаньне страціла юрыдычны статус у выніку кампаніі па перарэгістрацыі. Летась прафсаюзьнікі некалькі разоў падавалі ў Наваполацкі гарвыканкам усе неабходныя для рэгістрацыі паперы. Аднак улады адмовіліся надаваць арганізацыі афіцыйны статус, бо, маўляў, ёсьць праблемы з дакумэнтамі.
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт палічыў правамоцнай адмову Наваполацкага гарвыканкама ў рэгістрацыі структураў Свабоднага прафсаюза Беларускага. У лісьце, які прыслаў на імя старшыні СПБ Генадзьдзя Быкава начальнік упраўленьня юстыцыі аблвыканкама Віктар Пранік, адзначаецца, што “рашэньне прынятае гарвыканкамам у адпаведнасьці з патрабаваньнямі дзеючага заканадаўства”.
Як мяркуюць юрысты Свабоднага прафсаюза, адказ з аблвыканкама, куды СПБ накіроўваў скаргу як у вышэйстаячую інстанцыю, аказаўся фармальным. Зараз прафаб’яднаньне рыхтуецца змагацца за свае правы ў судзе, -- паведамляе прэс-служба Асамблеі НДА.