Менскі гарадзкі суд пакінуў Міхаіла Марыніча за кратамі
Адвакат Вера Страмкоўская зьвярнула ўвагу на юрыдычныя акалічнасьці, якія мусілі ўлічыць судзьдзі падчас разгляду яе скаргі на незаконнае ўтрыманьне Міхаіла Марыніча. Адвакат спасылалася на Крымінальны кодэкс, паводле якога ўтрыманьне Марыніча за кратамі не адпавядае цяжкасьці выстаўленага яму абвінавачаньня. Вера Страмкоўская ўказвала таксама на працэсуальныя парушэньні з боку сьледчых і пракурора Анатоля Ліска. Прэтэнзіі да пракурора ў адваката Страмкоўскай засталіся: “Я буду заяўляць адвод пракурору Ліску. Бо гэта назіральны пракурор, ён мусіў назіраць за захаваньнем закону, а замест гэтага я бачу дзеяньні, якія, на маю думку, не адпавядаюць закону”.
Цяпер, калі і гарадзкі суд пагадзіўся з утрыманьнем Міхаіла Марыніча пад вартай, Вера Страмкоўская зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе.
Міхаіл Марыніч утрымлівацца ў сьледчым ізалятары КГБ з 26 красавіка. Былога міністра і амбасадара абвінавачваюць у незаконных дзеяньнях са зброяй, аднак, паводле ягоных адвакатаў, ужо тры тыдні ніякіх сьледчых дзеяньняў зь ім не вядзецца.
Паводле Радыё Свабода