Дэпутаты-галадоўнікі зьвярнуліся да А.Лукашэнкі з патрабаваньнем выконваць Канстытуцыю
Некаторыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выказваюць падтрымку калегам. Тымчасам здароўе галадоўнікаў паступова пагаршаецца. Лекары па-ранейшаму выказваюць занепакоенасьць станам Валерыя Фралова, у якога зафіксаваная брадыкардыя і гіпатанія, у Марыны Багдановіч — праблемы ў імуннай і сардэчна-сасудзістай сыстэмах. У Віктара Івашкевіча — падвышаны ціск.
Дэпутаты-галадоўнікі падрыхтавалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Пра зьмест адкрытага ліста паведамляе адзін зь яго аўтараў дэпутат Уладзімер Парфяновіч: “Сэнс у тым, каб ён вярнуўся ў рамкі Канстытуцыі. Сам пісаў — хай сам і выконвае. Гэта самае галоўнае патрабаваньне на сёньняшні дзень, якое ёсьць. Гэта адкрыты ліст, які больш датычыцца нашых грамадзян, каб яны ведалі, мы павінны давесьці да нашых людзей тое, дзеля чаго мы робім нашую галадоўку”.
Сяргей Скрабец паведаміў, што частка дэпутатаў — Уладзімер Навасяд, Іван Пашкевіч, Ігар Баслык — выступаюць з адкрытай падтрымкай галадоўнікаў, некаторыя — толькі неафіцыйна.
Ігар Баслык прапаноўваў дэпутатам калектыўна адрэагаваць на гэтую акцыю пратэсту, даць ацэнку кіраўніцтву палаты і папрасіць калегаў прыпыніць галадоўку, але ягоная прапанова не знайшла ў парлямэнце падтрымкі. На думку спадара Баслыка, больш як палова дэпутатаў лічаць спадароў Фралова, Скрабца і Парфяновіча мужнымі людзьмі і ў душы іх падтрымліваюць. Але казаць адкрыта пра гэта баяцца.
Калега Баслыка Анатоль Красуцкі ўпэўнены, што акцыя пратэсту галадоўнікаў вырасла на пустым месцы, з прычыны невыкананьня кіраўніцтвам палаты рэглямэнту. Але цяпер адказнасьць за магчымыя наступствы галадоўкі ляжыць на ўсім парлямэнце.
Паводле Радыё Свабода