Анатоля Лябедзьку зноў выклікалі на допыт
14 чэрвеня ў гарадзкой пракуратуры Менску адбыўся новы допыт кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі паводле крымінальнай справы аб паклёпе на прэзыдэнта. Крымінальны перасьлед лідэра АГП распачаты пасьля ягонага інтэрвію праграме “Зеркало” расейскага тэлеканала РТР. У сваім выступе спадар Лябедзька крытыкаваў кіраўніка Беларусі за фармаваньне ценявога бюджэту, за замоўчваньне праўды пра зьніклых беларускіх палітыкаў, а таксама за ўтойваньне грошай ад продажу зброі.
Гэтым разам допыт лідэра АГП доўжыўся больш за дзьве гадзіны. Анатоль Лябедзька кажа, што прапанаваў сьледзтву шэраг дадатковых матэрыялаў, якія пацьвярджаюць праўдзівасьць ягоных выказваньняў. Вось што ён паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода: “Гэтым разам я прапанаваў пакет інфармацыі, якую публічна агучвалі дзейныя міністры, тыя, хто займаў і займае высокія пасады ў атачэньні Лукашэнкі. Калі азнаёміцца з гэтым дакумэнтам, то становіцца зразумелым, што гэтая тэма зьявілася ня сёньня. І самае галоўнае, што маё інтэрвію базуецца на выказваньнях самога Аляксандра Лукашэнкі. Я думаю, што гэта вельмі істотна паўплывала на сьледчага, хаця я разумею, што такое сьледчы ва умовах Беларусі — гэта ваеннаабавязаны чалавек”.
Спадар Лябедзька па-ранейшаму заяўляе пра палітычную матываванасьць крымінальнай справы і кажа, што, акрамя прапанаваных сьледзтву дакумэнтаў, ён мае шэраг іншых фактаў, якія намерваецца скарыстаць у выпадку, калі справа дойдзе да суду. Адвакат палітыка, Павал Сапелка, таксама не выключае магчымасьці перадачы крымінальнай справы ў суд. Але, як адвакат, ён лічыць, што юрыдычна абгрунтаваным рашэньнем было бы спыненьне сьледзтва.
Калі крымінальная справа ўсё ж будзе даведзеная да суду, то паводле артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу, на падставе якога яна распачатая, палітыку пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да пяці гадоў. У падтрымку лідэра АГП выступаюць прадстаўнікі сацыял-дэмакратычных партыяў шэрагу краінаў, якія сабралі некалькі тысяч подпісаў пад зваротам з патрабаваньнем спыніць перасьлед Анатоля Лябедзькі.