viasna on patreon

Каля 400 чалавек узялі ўдзел у акцыі "Ланцуг неабыякавых чытачоў" у падтрымку газеты "Народная воля" ў Менску

2004 2004-06-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каля 400 чалавек узялі ўдзел у вулічнай акцыі "Ланцуг неабыякавых чытачоў" у падтрымку газеты "Народная воля" на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 10-га чэрвеня. Каля 18-й гадзіны сотні людзей з асобнікамі "Народнай волі" ў руках сталі ў ланцуг уздоўж праспекта Ф. Скарыны, расцягнуўшыся ад вуліцы Энгельса да канца Дома культуры Прафсаюзаў. За акцыяй назіралі дзесяткі супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу, аднак ніхто з яе ўдзельнікаў не быў затрыманы.
Людзі, што сабраліся на плошчы, не трымалі ніякіх лозунгаў, сцягоў і не выступалі з публічнымі прамовамі, а толькі стаялі з газетамі ў руках. Сярод удзельнікаў акцыі былі такія вядомыя асобы, як былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Ганчарык, літаратары Уладзімір Някляеў, Ніл Гілевіч, Адам Глёбус, спявачка Кася Камоцкая, старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жанна Літвіна, праваабаронцы Валеры Шчукін, Людміла Гразнова, палітыкі Мікола Статкевіч, Юры Хадыка, Андрэй Саннікаў ды іншыя. Па інфармацыі Радыё "Свабода", з-за затрымак на літоўска-беларускай мяжы не змаглі ўзяць удзелу ў акцыі кіраўнікі перадвыбарчай кааліцыі "5+", якая выступіла адным з ініцыятараў акцыі. Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць газету, было таксама шмат шараговых чытачоў "Народнай волі", у тым ліку і з рэгіёнаў. Галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч прайшоў уздоўж усяго ланцуга, каб паціснуць кожнаму з удзельнікаў акцыі руку і падзякаваць за пыдтрымку. Журналістам ён у чарговы раз заявіў, што не дапусціць спынення выхаду газеты, але і не збіраецца выплочваць кампенсацыю Ягору Рыбакову.

Пра ход акцыі і паводзіны яе ўдзельнікаў падрабязна дакладалі за іх спінамі па рацыі людзі ў цывільным. На супрацьлеглым баку праспекта, з боку прэзідэнцкай рэзідэнцыі, напрацягу ўсёй акцыі стаяў міліцэйскі ланцуг, а па баках "неабыякавых чытачоў" "ахоўвалі" па некалькі АМАПаўцаў.

Акцыя на Кастрычніцкай плошчы доўжылася амаль гадзіну. Каля 19.00 частка ўдзельнікаў пачала разыходзіцца, а некаторыя з газетамі ў руках рушылі на завулак Казарменны, каб асабіста выказаць падтрымку галадоўцам з дэпутацкай групы "Рэспубліка" і тым, хто да іх далучыўся.
Ідэя правядзення акцыі ў падтрымку "Народнай волі" з'явілася пасля таго, як 31 траўня калегія Вярхоўнага суда пакінула без зменаў суму кампенсацыі (50 мільёнаў рублёў, альбо каля 23 тысяч долараў), якую "Народная воля" мусіць выплаціць былому старшыню БТ Ягору Рыбакову. (Гісторыю гэтага канфлікту можна прачытаць тут ). Апошняй судовай інстанцыяй, якая можа змяніць рашэнне калегіі Вярхоўнага суда, з'яўляецца прэзідыюм ВС, -- паведамляе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства