Новыя "экстрэмісцкія" фармаванні, пераслед праваабаронцы: хроніка пераследу 17-18 верасня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17-18 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Баранавічах змясцілі ў СІЗА жанчыну, якая даўно жыла ў Еўропе
Брэсцкі дзяржканал апублікаваў відэа з Манкевіч Вольгай Уладзіміраўнай. 37-гадовую ўраджэнку Баранавічаў затрымалі 22 жніўня 2022 года на вакзале, калі яна ў чарговы раз прыехала ў Беларусь з Андоры, вынікае з роліка. Ёй інкрымінуюць абразу Лукашэнкі.
У відэа Вольга распавяла, што ў жніўні 2020 года палічыла, што выбары былі сфальсіфікаваныя. У Instagram падпісалася на старонку" Nexta", адкуль рабіла скрыншоты і выкладвала на свой старонцы, рабіла каментары. За гэта яе і затрымалі — і ўжо змясцілі пад варту ў СІЗА.
Прадстаўніца пракуратуры Іна Данільчык сказала, што жанчыне прад'яўленыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 368 КК РБ (Абраза прэзідэнта Беларусі).
Падтрымайце Вольгу лістом, бандэролькай або грашовым пераводам па адрасе:
СІЗА-6, 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 в. Манкевіч Вольга Уладзіміраўна
У Мінску затрымліваюць генетыкаў з Акадэміі навук
Як паведамляе тэлеграм-канал Свабоднага прафсаюза, з пачатку верасня ў інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі адбываюцца затрыманні.
Так, 5 верасня быў затрыманы малодшы навуковы супрацоўнік інстытута — Аляксандр Кандрацюк. Спачатку суд Першамайскага раёна Мінска арыштаваў яго на 13 сутак, а потым яго перазатрымалі паводле арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы).
14 верасня сілавікі затрымалі іншага супрацоўніка — Яўгена Сысаляціна. Цяпер яго ўтрымліваюць у ІЧУ на Акрэсціна.
Учора сілавікі зноў прыязджалі ў інстытут. Вядома, што адну з супрацоўніц міліцыянты адвозілі на «гутарку» і запісалі з жанчынай відэа.
Мазырскага праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна, меркавана, ізноў затрымалі
16 верасня, а 18-й гадзіне праваабаронцу выклікалі ў мясцовы РУУС. Але дагэтуль ён так і не выйшаў.
Вядома, што праваабаронцу выклікалі для "падпісання выпраўленых адміністрацыйных пратаколаў". Справа ў тым, што над праваабаронцам 12 і 13 верасня праходзіў суд, падчас якога высветліліся нестыкоўкі ў пратаколах: да прыкладу, пратакол апытання быў датаваны днём раней, чым пратакол аб самім адміністрацыйным правапарушэнні. Таму суддзя накіраваў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Целяпуна на дапрацоўку, а пасля рашэння суда праваабаронцу выпусцілі.
На тым пасяджэнні праваабаронцу стала дрэнна — і яму выклікалі хуткую дапамогу.
Агулам супраць Уладзіміра раней склалі чатыры пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). За рэпосты ў сацсетках з рэгіянальнага праваабарончага сайта «Палеская Вясна». Целяпуна затрымалі 3 верасня і затым асудзілі на 10 сутак арышту.
Гомельскі тэлеграм-канал "Стары Аэрадром" стаў "экстрэмісцкім фарміраваннем"
Зараз у канала 65 падпісчыкаў, у чата-14, былі створаныя ў ліпені 2020 года, асвятлялі акцыі пратэсту.
"Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" складаюць МУС і КДБ. Кожнае дзевятае там - недзяржаўнае СМІ, піша "Позірк".
Да маці журналіста Кастуся Шыталя прыходзілі сілавікі
Прыехалі пяць чалавек, зайшлі ў дом яго маці. Двое з іх у бронекамізэльках, на танаваным бусе. Паклікалі суседзяў у якасці панятых. Паказалі нейкую паперу (відаць, пастанову на агляд або ператрус), але маці не запомніла, што там было напісана. Што хацелі — незразумела. Нічога з хаты не забралі. Маці не затрымлівалі. Ніякіх папер не пакінулі.
Пра гэта краязнавец з Паазер'я напісаў у сябе ў фэйсбуку.
«Сёння, 16 верасня, да маці прыходзілі сілавікі. Яна жыве ў Крулеўшчыне Докшыцкага раёна. Я ў яе доме прапісаны, але не жыву там з 2008 года і ніякіх маіх рэчаў там няма.
Прасілі перадаць, каб я вяртаўся ў Беларусь — маўляў, «мы з ім проста пагаворым».
У Гродне затрыманы вядомы моладзевы актывіст Яўген Юнцэвіч
З ім з’явілася "пакаяльнае" відэа на праўладных тэлеграм-каналах. Прычына затрымання – нібыта Юнцэвіч зарэгістраваўся ў плане “Перамога” і распаўсюджваў "экстрэмісцкія матэрыялы". Верагодна, супраць яго распачатая крымінальная справа.
Яўген Юнцэвіч вядомы ўдзелам у розных грамадскіх ініцыятывах. Напрыклад, у 2018 годзе ён валанцёрыў у суполцы Grodno travelers’ club.
У інтэрнаце кобрынскага каледжа міліцыя правяла аблаву з сабакамі
Міліцыя разам з адміністрацыяй Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа зладзіла аблаву ў інтэрнаце вучняў, якую самі назвалі «прафілактычным рэйдам». Шукалі наркотыкі і падпіскі на «забароненыя» тэлеграм-каналы.
«13 верасня 2022 года прайшоў сумесны прафілактычны рэйд у інтэрнаце №1 УА «Кобрынскі ГПК»… спецыялістамі і спецыяльна навучаным сабакам на наяўнасць наркатычных сродкаў, а таксама правераны тэлефоны на наяўнасць забароненых тэлеграм-каналаў. Падчас рэйду забароненых сродкаў не выяўлена. Хлопцам былі дадзеныя рэкамендацыі, як засцерагчы сябе ў інтэрнэце і не зламаць сабе жыццё», — паведаміла адміністрацыя каледжа.
Палітзняволенай Эме Сцепулёнак змянілі меру стрымання
68-гадовая былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эма Сцепулёнак утрымлівалася за кратамі амаль год. Яе затрымалі 29 верасня 2021 года за каментар у сацсетках па "справе Зельцэра".
На гэтым тыдні жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт. Цяпер Сцяпулёнак дома, але абвінавачанні не знятыя, таму яна застаецца палітвязнем.