Кропкавыя затрыманні і галадоўка на 30-суткавым арышце. Хроніка палітычнага пераследу 28 сакавіка
Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу: затрыманні, ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Да жыхара Іванава Андрэя Дражына прыйшла міліцыя праз бела-чырвоную шыльду з назвай вуліцы на доме, паведамляе Белсат.
Інцыдэнт адбыўся яшчэ 26 сакавіка. Міліцыянты палічылі гэта адзіночным пікетаваннем. Яны правялі агляд жытла, сараю, гаража і лазні, якія належаць мужчыну. Пазней дзве бела-чырвоныя шыльды, якія віселі на доме з 2015 года, забралі. А самога мужчыну (бацьку траіх дзяцей) змясцілі ў ІЧУ Іванаўскага РАУС. 29 сакавіка над ім адбудзецца суд.
У Віцебску быў затрыманы Дмітрый Валадкевіч за адзіночны пікет. Мужчыну даставілі ў Першамайскі РАУС.
У Мінску быў затрыманы Аляксей Талкачоў. Падрабязнасці затрымання - пакуль невядомыя.
На журналістку Аліну Скрабунову з Магілёва склалі пратакол за каментар тэлеканалу "Белсат", паведамляе Еўрарадыё.
Мясцовыя міліцыянты палічылі такія дзеянні журналісткі вырабам прадукцыі СМІ без адпаведнага на тое дазволу.
У інтэрвію, якое доўжылася прыблізна хвіліну, Скрабунова расказала пра вобшук, які правялі міліцыянты ў яе кватэры 5 сакавіка. Тады ў журналісткі забралі ўсю тэхніку: сістэмны блок камп'ютара, два ноўтбукі, дзве відэакамеры, тэлефоны, флэш-дыскі. Судовае пасяджэньне прызначанае на 31 сакавіка.
Бабруйчанін Иван Манько быў затрыманы 25 сакавіка і пакараны судом на 30 сутак арышту. У ІЧУ Бабруйска мужчына абвясціў галадоўку ў знак пратэсту і беззаконня ўладаў.
Інфармацыя будзе дапаўняцца