Начны захоп тэлеграм-канала «Нашай Нівы»
Уначы з 25 на 26 сакавіка зламыснікі часова атрымалі доступ да тэлеграм-канала «Нашай Нівы», узламаўшы акаўнты трох супрацоўнікаў, у тым ліку намесніка галоўнага рэдактара Змітра Панкаўца, паведамляе адноўлены ТГ-канал “Нашай Нівы”.
Такія спробы ўзлому адбываюцца другую ноч запар — прыблізна а 3-й ночы работнікі «НН» атрымліваюць паведамленні аб спробе ўзлому.
Зламыснікі ў захопленых акаўнтах рэдактараў змянілі назву канала на непрыстойную, выдалілі ўсе навіны за 25 сакавіка і пачалі блакаваць падпісчыкаў. Яны паспелі выдаліць каля 1300 падпісчыкаў, пакуль адміністратар «НН» не вярнуў сабе кантроль над каналам.
Аднак магчыма, што зламыснікі завалодалі ўсімі перапіскамі Змітра Панкаўца. Гэта важна ведаць тым, хто нешта абмяркоўваў з імі у прыватнай перапісцы.
Цікава, што спрабавалі ўзламаць не толькі тэлеграм-акаўнты штатных работнікаў «Нашай Нівы», але і пазаштатных супрацоўнікаў. Некалькі месяцаў таму Следчы камітэт настойліва запытваў кантактныя дадзеныя кожнага з іх.