Сталічнага студэнта асудзілі ў пяты раз: агульны тэрмін арышту — 71 суткі
Студэнта чацвёртага курса БДУІР Яна Салановіча асудзілі ўжо на 71 суткі адміністрацыйнага арышту запар па пяці эпізодах: маці мяркуе, што агулам гэты тэрмін можа быць яшчэ большым.
"Як многія, хто не згодны з тым, што адбываецца ў нашай краіне, ён выходзіў на мірныя акцыі пратэсту, — распавядае маці Яна Вольга. — Ніякіх супрацьзаконных дзеянняў ён не здзяйсняў (зрэшты, як і ўсе тыя, хто мірна гуляе). Першага лістапада майго сына затрымалі на нядзельным мірным маршы ў Курапаты супраць тэрору і, па маіх звестках, адвезлі ў Партызанскі РУУС. Там яго дапытвалі, напэўна, аказвалі нейкі ціск і ў выніку ён нібыта прызнаўся ў 15 эпізодах удзелу ў мітынгах за жнівень, верасень і кастрычнік 2020 года. Адтуль яго даставілі на Акрэсціна — і тут пачалося проста ПЕКЛА, якое цягнецца да гэтага часу".
Агулам Ян Салановіч атрымаў 71 суткі адміністрацыйнага арышту па пяці эпізодах: 12 сутак яму прызначылі другога лістапада, 15 сутак — пятага лістапада, 15 сутак — дзясятага лістапада, 15 сутак — 18 лістапада, 14 сутак — 26 лістапада.
Вольга мяркуе, што Яна чакаюць яшчэ чатыры суды, таму агулам яе сын можа атрымаць яшчэ больш.
"У справах не маецца ніякіх доказаў, а толькі, мяркую, выбітае ў майго сына яго ксеракопія прызнанняў аб удзеле акцыях пратэсту ў верасні-кастрычніку 2020 года, — кажа яна. — Мой сын сцвярджаў, што ён мае канстытуцыйнае права на выказванне свайго меркавання як чалавека і грамадзяніна. Аднак у суддзяў па ўказцы "старэйшых таварышаў" — сваё меркаванне ў парушэнне ўсіх мажлівых і неймаверных законаў нашай краіны. Мой сын можа проста не вытрымаць па стане здароўя ўсіх катаванняў і здзекаў, якія з ім дзеюцца з ім у ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама. Ён ужо атрымаў 71 суткі адміністрацыйнага арышту, а наперадзе яшчэ зможа быць 45 сутак. Усяго 117 сутак — магчыма, у карцэры. Ён можа выйсці на волю толькі ў сакавіку 2021 года".