Суботняя хроніка затрыманняў і пераследу Дапоўнена
У апошні кастрычніцкі дзень пераслед людзей па палітычных матывах працягваецца ў Беларусі. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі, і іншыя формы ціску.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
На 31 кастрычніка ў Мінску былі анансаваныя марш людзей з неабмежаванымі магчымасцямі каля Чырвонага касцёлу, а таксама жаночы Марш салідарнасці. Працягваюцца пікеты і акцыі салідарнасці сярод студэнтаў навучальных устаноў.
У студэнцкіх чатах паведамляецца, што каля 11:30 у Мінску ў двары супрацоўнікамі амапу былі затрыманыя двое маладых хлопцаў. Як мяркуецца, студэнты МДЛУ.
Раніцай у Віцебску да суда быў затрыманы студэнт дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Нвокіке Дзяніс.
У Мінску распачаўся Жаночы марш у атачэнні бусікаў з амапам. Міліцыя папярэджвае ўдзельніц акцыі пра адказнасць за несанкцыянаваную акцыю.
У Гародні у раёне вакзала забралася каля 150 чалавек. Праз некаторы час амапаўцы пачалі разгон дэманстрантаў. Некалькі чалавек затрымана.
У Гродне затрымалі "БЧБ-нявесту" — Іну Зайцаву з Мінска, якая стала сімвалам мірнага пратэсту. Яна прыходзіла на акцыі супраць фальсіфікацый і беззаконня ў сукенцы нявесты. З ёй была сяброўка - Пашкевіч Марыя Генадзьеўна. Яны абодва знаходзяцца ў Кастрычніцкім РУУС г. Гродна", піша чытач @nashaniva.
Затрыманні адбыліся і ў Мінску на Жаночым маршы. У раёне парка Горкага былі затрыманыя сама меней двое жанчын.
У Мінску на Курапацкай варце затрымалі Ганну і Віктара Шапуцькаў, а таксама Рыгора Асаўлу. Сказалі, што за бел-чырвона-белы сцяг. Куды вязуць - пакуль невядома.