“Кожны мае права”: Свабода выказвання меркаванняў
Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы”, у прававым лікбезе ад “Вясны” распавядаем, што такое свабода выказвання меркаванняў і як яна рэалізуецца.
Што такое свабода выказвання меркаванняў? Кожны чалавек мае права на ўласныя погляды і перакананні. Але чалавек з’яўляецца сацыяльай істотай, і зносіны з іншымі людзьмі – вельмі важная патрэба кожнага і кожнай з нас. І не вельмі шмат сэнсу ў тым, каб мець перакананні, але не мець магчымасці іх выказваць. Свабода выказвання меркаванняў абараняе патрэбу кожнага чалавека дзяліцца з іншымі сваімі думкамі, эмоцыямі, стаўленнем да людзей і падзеяў. |
Чаму гэтая свабода важная? Акрамя таго, што гэтая свабода сама па сабе – важная каштоўнасць, яна з’яўляецца таксама і працэсуальным правам: не маючы яе, нельга рэалізаваць большасць з астатніх сваіх правоў і свабодаў. Еўрапейскі суд па правах чалавека ў шэрагу рашэнняў называе свабоду выказвання меркаванняў адной з нясучых апораў дэмакратычнага грамадства, найважнейшай умовай яго прагрэсу і развіцця кожнага чалавека. Гэтае права дае людзям магчымасць браць удзел у дэмакратычных працэсах, уплываць на рашэнні ўлады, фарміраваць камфортнае сацыяльнае асяроддзе. Менавіта таму аўтарытарныя дыктатарскія рэжымі маюць вельмі мала шанцаў укараніцца ў краінах, дзе традыцыйна паважаецца і абараняецца свабода выказвання меркаванняў. А краіны, у якіх свабода выказвання меркаванняў выконваецца, развіваюцца больш дынамічна, з’яўляюцца больш стабільнымі і эфектыўнымі за тыя, дзе ўлада не заахвочвае людзей свабодна думаць і казаць. |
Дзе замацавана свабода выказвання меркаванняў? Асноўныя міжнародныя дакументы па правах чалавека тлумачаць свабоду выказвання меркаванняў як права кожнага чалавека прытрымлівацца ўласных поглядаў і свабодна збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю, незалежна ад межаў.
У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь свабода выказвання меркаванняў замацавана ў артыкуле 33:
|
Якім чынам можна рэалізаваць права на свабоду выказвання меркаванняў? Часта гэтае права называюць свабодай слова. Гістарычна станаўлене гэтага права сапраўды пачыналася з гарантый для слоўнага выказвання сваіх меркаванняў. Але сёння мы маем на ўвазе нешта значна шырэйшае, чым проста права гаварыць або пісаць. Гаворка ідзе пра магчымасць любым спосабам даводзіць да іншых свае думкі, ідэі і перакананні – для гэтага мы можам спяваць, маляваць, ставіць спектаклі і здымаць кіно, праводзіць навуковыя даследванні і дыскусіі, выбіраць сабе стыль адзення, ладзіць акцыі, мітынгі, перформансы і рабіць шмат што іншае. |
Што яшчэ ўкладаецца ў паняцце свабоды выказвання меркаванняў? Свабода выказвання меркаванняў – гэта і права на крытыку. Перш за ўсё, на крытыку ўлады і публічных асобаў, дзеянні якіх уплываюць на жыццё грамадства. Гэтым правам абараняецца выказванне не толькі такіх думак, якія станоўча ўспрымаюцца грамадствам, але ці не ў першую чаргу такіх, якія шакіруюць, бянтэжаць і нават абражаюць дзяржаву або пэўную частку грамадства. Безумоўна, кожны чалавек мае права на прыватнасць і можа патрабаваць ад дзяржавы абароны ад умяшанняў у яго асабістае жыццё. Але такая абарона будзе меншая ў тых, ад чыіх дзеянняў і рашэнняў залежыць лёс многіх людзей. Гаворка ідзе пра так званых публічных людзей – палітыкаў, службовых асобаў, чыноўнікаў, лідараў думак. |
Ці толькі распаўсюд інфармацыі падлягае абароне гэтага права? Абароне падлягае не толькі права распаўсюджваць тую ці іншую інфармацыю, але і права грамадства атрымліваць такую інфармацыю, асабліва ў выпадках, калі яна істотна ўплывае на лёсы людзей. Апроч “пасіўнага доступу да інфармацыі” (атрыманне яе праз СМІ і Інтэрнэт), абараняецца і “актыўны доступ” – кожны чалавек можа афіцыйна звярнуцца ў органы ўлады і атрымаць любую інфармацыю, якая не з’яўляецца канфідэнцыяльнай або сакрэтнай. |
У якіх выпадках свабода выказвання меркаванняў можа быць абмежаванай? Свабода выказвання меркаванняў, як і большасць правоў чалавека, не з’яўляецца абсалютным правам. Дзяржава можа абмежаваць гэтае права дзеля абароны каштоўнасцяў дэмакратычнага грамадства:
Гэты пералік з’яўляецца вычарпальным, і любыя іншыя падставы ўмяшання не будуць прызнаныя прымальнымі. Акрамя гэтага, магчымасць і парадак такога ўмяшання павінны быць прадугледжаныя дзеючым заканадаўствам краіны. |
Якія абмежаванні гэтай свабоды з’яўляюцца дапушчальнымі? Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў дапушчальнае толькі ў выпадку наяўнасці “надзённай грамадскай патрэбы”, калі іншым спосабам немагчыма абараніць правы іншых людзей, якія могуць быць парушаная ў выніку публікацыі пэўнай інфармацыі. Да таго ж умяшальніцтва ў гэтае права павінна быць прапарцыйным, - не быць большым, чым патрабуецца дзеля дасягнення мэтаў гэтага ўмяшання. Занадта жорсткая рэакцыя на выказванне думак, а таксама меры, якія маюць так званы ахаладжальны эфект, адпужваюць грамадства ад спроб выказваць сваё меркаванне і часцей за ўсё прызнаюцца Еўрапейскім судом і Камітэтам па правах чалавека ААН парушэннем свабоды выказвання меркаванняў. |
Свабода выказвання меркаванняў цесна звязаная з іншым правам – свабодай мірных сходаў, якія фактычна з’яўляюцца калектыўнай формай выказвання думак. Але пра гэтае права гаворка пойдзе ўжо ў іншай частцы.
Чытайце таксама пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасць, Прынцыпы правоў чалавека, Салідарнасць, Недыскрымінацыю, Абмежаванні, Свабоду ад катаванняў, Права на жыццё, Смяротнае пакаранне ў Беларусі, Вяршэнства права, Прыватнасць і Свабода сумлення і веравызнання.
Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.
У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.