viasna on patreon

“Кожны мае права”: Салідарнасць

2018 2018-06-28T13:50:00+0300 2018-07-04T15:41:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/solidarity_ko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Несправядлівасць, дапушчаная ў адносінах да аднаго чалавека, з’яўляецца пагрозай усім нам!”

Шарль Луі дэ Мантэск’ё, французскі філосаф

Сучасная канцэпцыя правоў чалавека мае тры асноўныя складнікі – філасофскі, юрыдычны і этычны. Калі ўявіць гэтую канцэпцыю ў выглядзе будынка, то філасофія будзе яе падмуркам, цэглы выразных юрыдычных нормаў і механізмаў абароны складаюць яе сцены, а этыка – ці “культура правоў чалавека” – служыць растворам, які трывала змацоўвае паміж сабой усе элементы канструкцыі.

Этыка таксама складаецца з некалькіх інгрэдыентаў: дасведчанасці, свядомасці, узаемапавагі, але галоўным з іх з’яўляецца салідарнасць. Менавіта яе частковая маса, ці не ў першую чаргу, вызначае, наколькі надзейным будзе гэты раствор.

Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы” у прававым лікбезе ад “Вясны” тлумачым, што такое чалавечая салідарнасць і чаго з яе дапамогай можна дасягнуць?

Што такое салідарнасць?

Салідарнасць пачынаецца тады, калі мы ўсведамляем, што кожны чалавек на зямлі мае такі ж аб’ём правоў, што і мы. Што годнасць кожнага чалавека такая ж уразлівая і мае патрэбу ў абароне.

І гэтае ўсведамленне не толькі дыктуе нам неабходнасць устрымлівацца ад дзеянняў, якія правакуюць наступ на годнасць іншых людзей, але і падахвочвае ўставаць на дапамогу тым, хто абараняе  свае правы і свабоды. Нават калі гэта непасрэдна не закранае нашых інтарэсаў. Нават тады, калі мы не падзяляем поглядаў тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы.

Навошта людзям трэба аб’ядноўвацца?

Без салідарнасці немагчымая ніводная сапраўдная перамога. Улада нашмат мацнейшая за кожнага з нас, яе не пераконваюць галасы адзінак. А вось калі адзінкі яднаюцца, каб разам заяўляць свае патрабаванні, улада проста вымушаная прыслухоўвацца.

Аб’ядноўваючыся, мы робім мацнейшым адно аднаго і ўрэшце можам стаць мацнейшымі за ўладу.

Што стала вынікам яднання людзей?

Менавіта дзякуючы такому яднанню базавыя чалавечыя патрэбы адна за другой былі прызнаныя неад’емнымі правамі і замацаваныя на ўзроўні прававых нормаў. Гэты сладаны і драматычны працэс працягваўся шмат стагоддзяў. Людзі, высоўваючы ўладзе свае патрабаванні, атрымлівалі перамогі і цярпелі паразы. Але перамогаў было больш, і зараз усе мы можам карыстацца гэтымі дасягненнямі.

А паспяховыя прыклады салідарнасці ў гісторыі былі?

Так, на пачатку ХІІ стагоддзя незадаволеныя ўзмацненнем каралеўскай улады, замахам караля на іх свабоду і ўласнасць англійскія бароны здолелі аб’яднацца з духавенствам, рыцарамі і часткай свабодных грамадзянаў і высунуць свае патрабаванні каралю Іаану Беззялмельнаму. Наўрад ці ён з уласнай волі адмовіўся б ад сваёй фактычна неабмежаванай улады, але сіла пратэсту была большая за сілу яго войска, і ён быў вымушаны прызнаць і гарантаваць пратэстантам той аб’ём правоў і прывілеяў, які яны патрабавалі. Так у 1215 годзе нарадзілася Вялікая хартыя вольнасцяў – дакумент, які істотна паўплываў на станаўленне брытанскага канстытуцыяналізму і развіцця канцэпцыі правоў чалавека наогул.

Праз 500 гадоў пасля гэтага таксама англічане, але ўжо на іншым кантыненце, былі абураныя несправядлівым і пастаянным ростам падаткаў, а таксама няроўным стаўленнем да іх з боку метраполіі. Яны паўсталі супраць улады і са зброяй у руках здабылі незалежнасць ад Брытанскай кароны. Людзі, якія належалі да розных палітчыных класаў і сацыяльных груп, змаглі аб’яднацца дзеля абароны фундаментальных каштоўнасцяў – чалавечай годнасці, роўнасці і свабоды. Так нарадзіліся ЗША – першая ў свеце краіна, якая паклала прынцыпы правоў чалавека ў аснову сваёй дзяржаўнасці.

Няўжо салідарнасць вырашыла ўсе праблемы ў мінулым?

Нажаль, не. На рэалізацыю абвешчаных у амерыканскай канстытуцыі правоў многім амерыканцам давялося змагацца яшчэ больш за 200 гадоў. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя дыскрымінацыя цемнаскурага насельніцтва была заканадаўча замацаваная ў шматлікіх штатах.

Адзінкавыя пратэсты, якія ўспыхвалі то тут, то там на працягу двух стагоддзяў, істотна не ўплывалі на сітуацыю. Пратэст Розы Лі Паркс, цемнаскурай швачкі, якая была асуджаная за адмову пакінуць у грамадскім транспарце месца, прызначанае “толькі для белых”, таксама растварыўся б у дзесятках папярэдніх пратэстаў, калі б у яе падтрымку не выступілі тысячы абураных амерыканцаў. Пасля байкоту цемнаскурым насельніцтвам грамадскага транспарту ў Мантгомеры, які доўжыўся амаль год і нанёс каласальную шкоду перавозчыкам, улады штата былі вымушаныя адмяніць несправядлівы мясцовы закон. Спатрэбілася яшчэ больш за дзесяць гадоў мітынгаў, пешых паходаў на Вашынгтон, сутыкненняў з паліцыяй, судовых спраў, крыві і слёз, але дзякуючы аб’яднанню намаганняў соцень тысяч амерыканцаў заканадаўчая дыскрымінацыя чарнаскурых был скасаваная канчаткова.

Не менш працяглай і драматычнай была, напрыклад, барацьба жанчын за роўныя з мужчынамі выбарчыя правы, якая ў шмат якіх развітых краінах завяршылася перамогай толькі ў канцы ХХ стагоддзя. І якая таксама не была б паспяховай без актыўная салідарнай падтрымкі.

Салідарнасць і сёння выконвае сваю важную ролю ў барацьбе за правы чалавека. 

А што ў Беларусі?

Яскравым прыкладам салідарнасці ў Беларусі з’яўляецца кампанія ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які быў затрыманы 4 жніўня 2011 года, а потым асуджаны на чатыры з паловай гады зняволення па сфабрыкаванай справе за сваю праваабрончую дзейнасць. Але выйшаў на свабоду раней за прысуджаны тэрмін.

Гэта адбылося дзякуючы надзвычай шырокаму руху інтэрнацыянальнай салідарнасці ў падтрымку праваабаронцы.

«Без вашае дапамогі нічога б не было. Міжнародная і ўнутраная падтрымка прывялі да таго, што мяне адпусцілі раней на год і восем месяцаў», — так праваабаронца адказаў на пытанне пра прычыну яго датэрміновага вызвалення ўсім, хто прыйшоў сустракаць яго на чыгуначную платформу 21 чэрвеня 2014 года.

У 2017 годзе быў выдадзены “Альбом салідарнасці”, у якім сабраныя і апісаныя вельмі важныя і больш сціплыя, стратэгічныя і сімвалічныя, скаардынаваныя і спантанныя крокі мноства людзей і арганізацыяў з розных краінаў свету, якія паказалі глыбіню і моц чалавечай неабыякавасці. Насамрэч дзеянняў у падтрымку Алеся Бяляцкага было больш, але цяжка ахапіць неабдымнае. Гэтая кампанія міжнароднай салідарнасці з беларускім палітычным зняволеным, праваабаронцам застанецца ў гісторыі змагання за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі.

4 жніўня быў абвешчаны Міжнародным днём салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Чытайце таксама: пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасць і Прынцыпы правоў чалавека.


Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.

У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.

Партнёрства

Сяброўства