Удзельнікаў акцыі з запаленымі свечкамі штрафуюць Дапоўнена
У судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядаюцца адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля будынку КДБ у Мінску 29 кастрычніка.
Суддзя Наталля Вайцэховіч абвінаваціла Марыну Адамовіч, жонку былога палітвязня Міколы Статкевіча, ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па ч.1 арт. 23.34 КаАП, з удакладненнем – у “дэманстрацыі запаленай свечкі”. У пратаколе правапарушэння, складзеным на Адамовіч, супрацоўнік міліцыі Уладзімір Мацюшка непасрэдна так і пазначыў:
“29 кастрычніка 2016 года Адамовіч М. каля будынку КДБ у Мінску прыняла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве - пікетаванні, без дазволу Мінгарвыканкама, якое выразілася ў публічнай дэманстрацыі запаленай свечкі, чым парушыла парадак правядзення масавых мерапрыемстваў”.
Марына Адамовіч прыцягнутая судом да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 5 базавых велічынь.
Наталля Вайцэховіч сёння таксама разглядае пратаколы правапарушэнняў, складзеныя на актывістаў Леаніда Кулакова і Уладзіміра Яроменкі за ўдзел у той жа самай акцыі 29 кастрычніка.
Леанід Кулакоў вельмі здзіўлены тым, што суд сёння разглядае ягоную адміністрайную справу.
"Кожны дзень гляджу паштовую скрыню, не было ні позвы, ні пратакола правапарушэння. Нават СМС-ку не даслалі… Дык адкуль я мог ведаць пра суд? І як у такой сітуацыі выглядае маё права на абарону?"
Праваабаронцы паведамляюць, што пратакол разгледжаны без удзелу Леаніда КУлакова. Пастанова - штраф 50 базавых велічынь.
Дарэчы, 17 лістапада Кулакова чакае яшчэ адзін суд. На гэта раз за ўдзел у акцыю салідарнасці з Эдуардам Пальчысам каля будынку Мінскага гарадскога суда.
Уладзімір Яроменак таксама не прыйшоў на разгляд сваёй адміністрацыйнай справы. Яму прысудзілі штраф у памеры 50 базавых велічынь.
Нагадаем, увечары 29 кастрычніка ў Менску каля будынку КДБ на праспекце Незалежнасці адбылася акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Акцыю арганізавала грамадскае аб'яднанне «Малады фронт». Актывісты паставілі на прыступках ля галоўнага ўваходу ў будынак КДБ каля двух дзесяткаў лампад з запаленымі свечкамі і трымалі ў руках партрэты рэпрэсаваных. У акцыі ўдзельнічалі таксама Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч. Супрацоўнікі міліцыі склалі на ўдзельнікаў жалобнай акцыі больш за дзесятак пратаколаў.