viasna on patreon

Сяргей Луканін: «Далёка не ўсе ў Беларусi ведаюць, што адбываецца з правамi чалавека ў рэлiгiйнай сферы...»

2007 2007-05-30T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вось ужо на працягу месяца вернiкi розных рэлiгiй збiраюць подпiсы супраць закона Рэспублiкi Беларусь “Аб свабодзе сумлення i рэлiгiйных арганiзацыях”. Як сумна жартуюць некаторыя вернiкi, згодна з дзеючым законам, калi ты збярэшся з сябрамi ў хаце выпiць гарэлкi, цябе нiхто чапаць не будзе, але калi вы будзеце чытаць Бiблiю, вас затрымаюць. Сiтуацыю "Народной воле" тлумачыць юрыст царквы “Новае жыццё”, адначасова прэс-сакратар i каардынатар кампанii па абароне правоў на свабоду сумлення Сяргей ЛУКАНIН.

— Сяргей, раскажыце, калi ласка, як праходзiць кампанiя па зборы падпiсаў?

— Кампанiя набiрае досыць шпаркiя абароты. Адразу хачу падкрэслiць, што гэта iнiцыятыва не толькi нашай царквы. У кампанiю ўваходзiць ужо больш за 60 цэркваў, у тым лiку пратэстанцкiя i каталiцкiя. Падключаюцца таксама асобныя грамадскiя аб'яднаннi. Актыўны ўдзел бяруць праваслаўныя вернiкi, але гэта толькi асобныя людзi, а не прыходы. Я асабiста знаёмы з праваслаўнымi актывiстамi, якiя насамрэч з'яўляюцца сапраўднымi вернiкамi, i актыўна ўдзельнiчаюць у гэтай кампанii. Таму што ўва ўсiх ёсць абсалютнае разуменне таго, што закон “Аб свабодзе сумлення i рэлiгiйных арганiзацыях”, супраць якога мы зараз выступаем, змяшчае абмежаваннi для любых рэлiгiй, не толькi для хрысцiянскiх. Гэты закон складзены так, што дазваляе ўладзе i чыноўнiкам кантраляваць не толькi цэрквы, прыходы як пэўныя структуры, але i асабiстае жыццё вернiкаў. Няма нiчога больш асабiстага ў жыццi кожнага чалавека, як стасункi з Госпадам. I гэты закон дае магчымасць кантраляваць гэтую асабiстую, можна сказаць, iнтымную сферу. Напрыклад, у 25-м артыкуле гэтага закона напiсана, дзе можна малiцца, а дзе нельга. I атрымлiваецца, што калi два чалавекi збяруцца, каб памалiцца цi пачытаць Бiблiю ў сваёй кватэры, то для гэтага яны павiнны звярнуцца ў сваю царкву, каб царква iнiцыявала зварот у выканкам, i выканкам будзе разглядаць пытанне, дазволiць цi не дазволiць гэтым вернiкам сустрэцца ў iх жа кватэры. Гэта, канечне, не нармальна. I гэта толькi адзiн са шматлiкiх пунктаў, якiя рэальна парушаюць як Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь, так i некаторыя iншыя прававыя акты, якiя рэгулююць сферу правоў чалавека.

— Чаго вы намагаецеся дасягнуць?

— Мы абвяшчаем аб жаданнi сабраць не менш як 50.000 подпiсаў грамадзян Беларусi для накiравання звароту ў Канстытуцыйны суд. Гэтым мы хочам выявiць волю значнай часткi беларусаў, звярнуць увагу ўлад на несупадзеннi асобных палаженняў закона з Канстытуцыяй. Бо так далей працягвацца не можа.

Другая мэта — гэта асветнiцтва. Ход кампанii дазваляе гаварыць пра тое, што актывiсты нясуць асвету нашаму грамадству. Таму што далёка не ўсе ў Беларусi ведаюць, што адбываецца з правамi чалавека ў рэлiгiйнай сферы, якi закон у нас дзейнiчае сёння, што ў iм дрэннага, што добрага (калi ёсць нешта добрае). I для большасцi людзей, якiм прапаноўваюць паставiць свой подпiс, гэта iнфармацыя становiцца адкрыццём. Усе здзiўляюцца, што ў нашай краiне ў ХХI стагоддзi дзейнiчаюць законы пачатку ХХ стагоддзя. Гэта можна параўнаць з даваенным перыядам савецкай гiсторыi, часамi нейкага глыбокага цемрашальства.

На пачатку кампанii мы не чакалi, што людзi будуць актыўна ў ёй удзельнiчаць, падпiсваць лiсты. Я быў упэўнены, што нашы людзi недастаткова актыўныя для таго, каб увогуле ўдзельнiчаць ў нейкай акцыi. Тым больш калi гаворка iдзе пра тое, каб паставiць свой подпiс супраць iснуючага закона. Я думаў, што 15—20 працэнтаў апытаных людзей будуць ставiць свае подпiсы. Але ў нас зусiм iншая статыстыка. Каля 60 працэнтаў ставяць свае подпiсы супраць гэтага закона. I калi мы збяром 50.000 подпiсаў, то дасягнём колькасцi прыкладна ў 100—120 тысяч чалавек, якiя будуць апытаны i праiнфармаваны.

Ёсць яшчэ трэцяя мэта. Гэта павышэнне актыўнасцi i аб'яднанне хрысцiян. Бо сёння, на жаль, нельга казаць пра нейкую еднасць. Але кампанiя ўжо зараз дае пэўны плён. З'яўляюцца дадатковыя нагоды для стасункаў памiж свяшчэннаслужыцелямi, рознымi цэрквамi i iх вернiкамi.

— Колькi ўжо подпiсаў сабрана?

— Сёння мы можам гаварыць пра 15.000 сабраных подпiсаў. Гэта вельмi нядрэнны вынiк, таму што кампанiя працягваецца ўсяго адзiн месяц. Гэта адна з самых вынiковых кампанiй у Беларусi за апошнi час. У ёй удзельнiчаюць больш за 35 буйных горадоў Беларусi i непадлiчаная колькасць мястэчкаў i вёсак. Але кампанiя працягваецца, i гэта не канчатковы вынiк.

ДАРЭЧЫ

27 мая быў затрыманы пастар “Царквы Ян Прадвеснiк” Антось Бакун

Царква не мае свайго будынка, таму Вялiкае свята Святой Тройцы было вырашана адслужыць дома ў самога пастара, аб чым Бокус паведамiў загадзя ў гарвыканкам. Падчас служэння ў дом увайшлi 10 мiлiцыянтаў i на вачах жонкi i трох дзяцей забралi Антося Бакуна ў аўтазак.

На наступны дзень стала вядома, што суд абвiнавацiў Антося Бакуна ў арганiзацыi несанкцыянаванага набажэнства. Яго аштрафавалi на 620 тысяч беларускiх рублёў.

Разам з Антосем Бакуном за рэлiгiйную дзейнасць падвергся пераследу яшчэ адзiн служыцель гэтай жа царквы, польскi грамадзянiн Яраслаў Лукасiк, якi ўжо 14 год жыве ў Беларусi. Яго абвiнавацiлi ў пагрозе нацыянальнай бяспецы i загадалi тэрмiнова пакiнуць тэрыторыю Беларусi. У Яраслава Лукасiка ёсць жонка i трое дзяцей з беларускiм грамадзянствам. У сям'i размаўляюць па-беларуску, дзецi выхоўваюцца на беларускай культурнай спадчыне. У вынiку абвiнавачвання сям'я можа быць парушана, цi жонцы з дзецьмi прыйдзецца з'язджаць за мяжу. Гэта не першы i не адзiны выпадак рэпрэсiй у адносiнах да свяшчэннаслужыцеляў. З канца мiнулага года па сённяшнi дзень з краiны высланы больш за 25 замежных мiсiянераў. Большасць з iх абвiнавачвалi ў дзейнасцi, якая пагражае нацыянальнай бяспецы Беларусi.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства