viasna on patreon

“Наша грамадзтва не разумее праблем інвалідаў”

2007 2007-05-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чаму праблемы паўмільёна беларускіх інвалідаў ня вельмі цікавяць беларускіх чыноўнікаў і ўвогуле ўсё грамадзтва? Ці не парушае правы чалавека намер уладаў скасаваць ільготы інвалідам?

Гэты ды іншыя тэмы абмяркоўваюць у перадачы “Экспэртыза “Свабоды” старшыня Цэнтральнай рады “Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў” Сяргей Драздоўскі і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька.

Цыганкоў: “Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі колькасьць інвалідаў, якія стаяць на ўліку ў дзяржаўных структурах, перавышае 509 тысяч чалавек. З году ў год колькасьць інвалідаў у Беларусі расьце. Але, у адрозьненьне ад заходнеэўрапейскіх краінаў, мы ня бачым гэтых людзей на вуліцах, на працоўных месцах, у крамах. Іхніх праблемаў як бы не існуе ў грамадзкай сьвядомасьці. Хто ў гэтым вінаваты – улада ці само грамадзтва і што трэба зрабіць?”

Драздоўскі: “Думаю, і ўлада вінаватая, і грамадзтва. Бо, паводле аднаго з сацыялягічных дасьледаваньняў, каля 40 працэнтаў упамінаньняў у прэсе пра інвалідаў зусім беспрадметныя. Таму і складваецца ўражаньне, што мала кажуць і ня так, і не пра тое. То бок згадваньне ў прэсе пра інвалідаў не вяло ні да якай мэты. Журналісты не знаходзілі ніякай праблемы і не шукалі выхаду з сытуацыі”.

Цыганкоў: “Ці часта вы сустракаецеся з нэгатыўным стаўленьнем? Ці ёсьць людзі, якія да вас ставяцца, як да тых, хто адбірае кавалак пірага – маўляў, вы атрымліваеце зашмат ільготаў?”

Драздоўскі: “Ёсьць і такое. Дакладней, ёсьць такая пазыцыя, што вы, інваліды – дармаеды ў грамадзтве, якіх кормяць іншыя. Гэта прыйшло да нас яшчэ зь сярэдніх вякоў. Але цяперашняе грамадзтва зусім іншае – інваліды часта і зарабляюць больш, і прыносяць грамадзтву карысьці больш. Але для гэтага проста трэба стварыць умовы”.

Цыганкоў: “Тацяна, з праваабарончага пункту гледжаньня чаму беларускае грамадзтва недастаткова зьвяртае ўвагі на праблемы інвалідаў?”

Процька: “Найперш я хачу зірнуць на гэтую праблему як гісторык. У савецкай краіне (а нашы людзі яшчэ шмат у чым савецкія) інвалідаў “не было”. Гэта была тая тэма, пра якую гаварыць было сорамна. І гэта засталося. Сёньня чалавек пра сваю інваліднасьць саромеецца гаварыць, бо ён адчувае сваю непатрэбнасьць грамадзтву – тое, што ён нібыта карыстаецца дабротамі грамадзтва і не зарабляе іх. Гэта адна праблема, маральная.

Іншая праблема – простая, матэрыяльная. Да нас у БХК зьвяртаецца шмат інвалідаў, і адзін зварот мяне асабліва ўразіў. Чалавек прасіў яго забіць. “Я сам гэтага не магу, але дайце мне такую магчымасьць, бо я не магу больш так жыць”. Ён ня мог сам выходзіць з сваёй кватэры, хаця ён меў кампутар, то бок адносна іншых людзей быў няблага забясьпечаны. Але нават у такім стане ён прасіў, каб далі яму магчымасьць пайсьці з жыцьця.

Калі да нас зьвяртаюцца маці, у якіх дзеці-інваліды – гэта наагул жахліва. Як правіла, бацька сыходзіць зь сям’і, дзе дзеці хворыя. І жанчына застаецца адна з сваім горам. Яна адна, і яна павінна неяк зарабляць. А дзе, як? Дзіцячых садкоў, дзе даглядаюць дзяцей-інвалідаў так, як належыць, вельмі няшмат”.

Поўны тэкст перадачы “Інвалід павінен быць удзячны, і ня дай Бог выкажа якое нездавальненьне” на стар.: http://www.svaboda.org/articlesprograms/libertyexpertise/2007/5/4bfa19dd-bade-475d-a7ce-99e1859dd0dd.html

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства