Родныя беларускіх палітвязьняў выступілі з лістом-зваротам да міжнароднае грамадзкасьці з заклікам не дазволіць далучэньне Беларусі да Савету па правах чалавека
Пра гэта паведаміла прэс-служба Аляксандра Казуліна. У лісьце зазначаецца, што ў нашае краіне няма судовае сістэмы, усе органы судовай улады кантралююцца органамі выканаўчае ўлады. Людзі, якія падпісалі зварот, паведамляюць аб тым, што ўсе іх родныя былі пазбаўленыя права на справядлівыя судовыя незалежныя працэсы і былі пакараныя па палітычных матывах. Большасьць судоў над імі прайшлі ў зачыненым для грамадзкасьці рэжыме. Родныя палітвязьняў лічаць, што сёньняшні стан з правамі чалавека ў Беларусі робіць немагчымым удзел прадстаўнікоў дзяржавы ў якасьці сяброў Савета пра правах чалавека ААН і заклікаюць міжнародную грамадзкасьць устрымацца ад далучэньня нашае краіны да Савета па правах чалавека да таго часу, пакуль беларускі ўрад ня будзе рэальна прытрымлівацца прынцыпаў Усеагульнае дэкларацыі правоў чалавека.