У сярэдзіне красавіка Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанні рэдакцыям недзяржаўных газет “Народная воля”, “Борисовские новости” і “Вольнае Глыбокае”
Акрамя гэтага, па інфармацыі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, у рэдакцыях некалькіх недзяржаўных выданняў гэтымі днямі працуюць падаткавыя праверкі.
Папярэджанне “Народнай волі” датавана 13 красавіка і падпісана міністрам інфармацыі Уладзімірам Русакевічам. Падставай для яго вынясення сталі 2 публікацыі, што з’явіліся ў сакавіку г.г. Першы артыкул быў надрукаваны 3 сакавіка і называўся “Виртуальная война внучки с бабушкой”. Мінінфармацыі палічыла, што аўтар (А. Сівы) апублікаваў не завершаныя вытворчасцю матэрыялы судовай справы без пісьмовага дазволу суддзі. 31 сакавіка ў газеце было апублікавана “Обращение к воинам-интернационалистам» лідэра руху ім. Юрыя Захаранкі «Защитники Отечества» А. Волчака. Мінінфармацыі палічыла гэта распаўсюдам інфармацыі ад імя незарэгістраванага аб’яднання. Такм чынам, на думку рэгіструючага органа рэдакцыя двойчы парушыла патрабаванні арт. 5 закона “Аб друку і іншых СМІ”.
Недзяржаўная газета “Борисовские новости”, па меркаванні Мінінфармацыі, парушыла некалькі артыкулаў заканадаўства аб СМІ. Выданню інкрымінуюць тое, што яно не паведаміла пісьмова міністэрству пра змену тэрыторыі распаўсюду (арт. 11)., публікавала рэкламныя абвесткі без пацверджання права рэкламадаўцы на ажыццяўленне ліцэнзійнай дзейнасці (арт 30) і мела памылкі ў выходных дадзеных газеты ды выкарыстоўвала нестандартных шрыфтоў (арт. 26). Папярэджанне рэдакцыі было вынесена 15 красавіка і падпісана першай намесніцай міністра інфармацыі Ліліяй Ананіч.
Практычна на тых жа прэтэнзіях грунтавалася папярэджанне заснавальніку рэдакцыі газеты «Вольнае Глыбокае» (вынесенае 15-га красавіка). Выданню інкрымінаваная змена мовы выдання на рускую і беларускую (замест беларускай) без інфармавання рэгіструючага органа; публікацыя рэкламных абвестак аб ліцэнзаваных відах дзейнасці без указання нумару ліцэнзіі, а таксама парушэнні ў выходных дадзеных выдання.