Пасьля сустрэчаў з беларускімі праваабаронцамі ў Жэневе Сьпецыяльны дакладчык ААН па садзейнічаньні і абароне свабоды меркаваньняў выказаў жаданьне наведаць Беларусь
У Жэневе, падчас працы 61-ай сесіі Камісіі па правах чалавека, старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі меў сустрэчу са Сьпецыяльным дакладчыкам па садзейнічаньні і абароне свабоды меркаваньняў спадаром Амбеўі Лігаба. Сьпедакладчык вельмі цікавіўся сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, асабліва з магчымасьцю вольна выказваць свае думкі і свабодай распаўсюджваць інфармацыю.
Атрымаўшы поўную інфармацыю пра тыя парушэньні, якія адбываюцца ў гэтай галіне, Сьпецыяльны дакладчык выказаў жаданьне наведаць Беларусь, пра што ён неўзабаве будзе весьці гаворку з беларускім урадам. Таксама абмяркоўваліся іншыя шляхі ўплыву міжнароднай супольнасьці на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Дамоўлена пра далейшае супрацоўніцтва паміж Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і офісам Сьпецяльнага дакладчыка.