“Выбары прайшлі свабодна” — НДА Украіны і міжнародныя арганізацыі Фота
Цэнтральная выбарчая камісія Украіны афіцыйна абвясціла другі тур выбараў прэзідэнта. Ён пройдзе праз тры тыдні — 21 красавіка. Па ўкраінскаму выбарчаму заканадаўству, калі ні адзін з кандыдатаў не набярэ больш за 50% галасоў, мусіць адбыцца другі тур.
ЦВК Украіны па стане на 18:00 апрацавала амаль усе выбарчыя бюлетэні — каля 90%. Паводле афіцыйных дадзеных кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Зяленскі набраў каля 30% галасоў, а Пётр Парашэнка — каля 16%. Яны выходзяць у другі тур выбараў.
У панядзелак, 1 красавіка, грамадзянская арганізацыя, якая займаецца маніторынгам выбарчых працэсаў, Камітэт выбарцаў Украіны (КВУ), сумесна з Еўрапейскай платформай за дэмакратычныя выбары (EPDE) зладзілі ў Кіеве брыфінг, дзе прадстаўнікі арганізацый пракаментавалі першы тур выбараў на іх адпаведнасць украінскаму заканадаўству і міжнародным стандартам. У дзень галасавання за ходам выбарчага працэсу назіралі 2034 афіцыйных назіральнікаў КВУ.
Генеральны дырэктар КВУ Аляксей Кошель распавёў аб найбольш тыповых парушэннях на выбарчых участках Украіны, сярод якіх: памылкі ў працы ўчастковых выбарчых камісій, разгалашэнне таямніцы галасавання выбаршчыкаў шляхам публікацыі адпаведных фотаматэрыялаў, правядзенне агітацыі па-за тэрмінаў, вызначанымі Законам "Аб выбарах Прэзідэнта Украіны", праблемы са спісамі выбаршчыкаў.
Прадстаўнікі Грамадскай сеткі “Апора” таксама адзначаюць, што найбольш масавымі парушэннямі на выбарах 31 сакавіка было разгалашэнне таямніцы галасавання і фатаграфаванне выбарчага бюлетэня.
“Аднак у цэлым парушэнні не насілі сістэмнага характару і былі не такімі, што маглі істотна паўплываць на вынікі волевыяўлення грамадзян. Але ёсць непрыемныя факты, якія мы павінны адзначаць”, — зазначыў аналітык КВУ Дзяніс Рыбачок падчас брыфінгу 1 красавіка.
Таксама ў панядзелак, 1 красавіка, у Кіеве адбылася вялікая сумесная прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў місіі міжнародных назіральнікаў за выбарамі ва Украіне ў складзе прадстаўнікоў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДПІЧ) АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), парламенцкай асамблеі НАТА і Еўрапейскага парламента.
Па словах спецыяльнага каардынатара АБСЕ, ганаровага прэзідэнта ПА АБСЕ Ілкі Канервы выбары ва Украіне ў цэлым праходзілі свабодна, кандыдаты маглі спаборнічаць без абмежаванняў. Ён таксама адзначыў, што на мінімізацыю парушэнняў на выбарах паўплываў у тым ліку той факт, што была вялікая колькасць міжнародных назіральнікаў.
Па выніках місіі спецыяльны каардынатар АБСЕ падкрэсліў, што парушэнні, устаноўленныя ў дзень галасавання, у цэлым не паўплываюць на вынік галасавання.
Кіраўніца назіральнікаў АБСЕ Дорыс Барнэтт заявіла падчас канферэнцыі, што негледзячы на раней выказаныя асцярогі, дзень выбараў ва Украіне прайшоў добра. Яна выказала надзею, што пасля пацверджання, вынік будзе прызнаны і другі тур будзе такім жа мірным, спарадкаваным і эфектыўным.
Нагадаем, што ўчора, 31 сакавіка, адбыўся першы тур выбараў прэзідэнта Украіны.