Галасуе Украіна: Фотарэпартаж "Вясны" з участка Пятра Парашэнкі Фота
Сёння, 31 сакавіка, ва Украіне праходзіць першы тур выбараў прэзідэнта, удзел у якім бяруць 39 кандыдатаў. Гэта рэкордная колькасць кандыдатаў за ўсю гісторыю Украіны.
Участкі для галасавання адчыніліся ў 8:00, і скончаць сваю працу ў 20.00, пасля чаго пачнецца падлік галасоў выбаршчыкаў. Як паведамляе "Украінская праўда" арыентыровачная колькасць выбаршчыкаў Украіны складае 29 мільёнаў 789 тыс. 643 чалавек. Па звестках Цэнтральнай выбарчай камісіі Украіны па стане на 15:00 яўка выбаршчыкаў склала 45,09%, то бок каля 13,5 мільёнаў чалавек.
Ва Украіне прадстаўлена шырокая сетка назіральнікаў. Для назірання за выбарамі зарэгістраваныя 2344 міжнародных афіцыйных назіральнікаў ад 19 міжнародных арганізацый і 17 замежных дзяржаваў.
Прадстаўніца Камітэта выбаршчыкаў Украіны (усеўкраінскай грамадскай арганізацыі, галоўнай задачай якой з'яўляецца назіранне за ходам выбарчых кампаній) паведаміла “Вясне”, што за выбарчай кампаніяй 2019 года зарэгістравалася назіраць 139 грамадзянскіх арганізацый.
За выбарамі прэзідэнта Украіны таксама назірае старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына і прадстаўніца Парламента Беларусі Ганна Старавойтава. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс-Захад".
“Вясна” наведала выбарчы ўчастак №800588 у Цэнтральным доме афіцэраў Узброеных сіл, дзе галасаваў дзеючы Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.
Нягледзячы на тое, што па выбарчым заканадаўстве Украіны кандыдатам у прэзідэнты забаронена весці агітацыю за дзень да выбараў і непасрэдна ў дзень галасавання, на вуліцах Кіева можна сустрэць білборды са "схаванай агітацыі" кандыдатаў, а то і лістоўкі з прамой агітацыяй.
Гэта з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства, як заяўляюць грамадзянскія арганізацыі Украіны.
Наталля Ліннік, намесніца генеральнага дырэктара Камітэта выбаршчыкаў Украіны распавяла “Вясне”, што ў параўнанні з папярэднымі выбарамі выбары-2019 сталі больш дэмакратычнымі:
“Бясспрэчна выбары ва Украіне эвалюцыянуюць. Наша арганізацыя адзначае, што, напрыклад, практычна знікла такое парушэнне, як прымяненне "адміністрацыйнага рэсурсу". Спрыяла гэтаму палітыка дэцэтралізацыі”.
У сувязі з выбарамі ўсе падраздзяленні Міністэрства ўнутраных справаў Украіны ў гэты час працуюць ва ўзмоцненым рэжыме.