viasna on patreon

“Кожны мае права”: Свабода і асабістая недатыкальнасць

2018 2018-11-20T15:11:00+0300 2018-12-14T12:34:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mae_prava_p14_prev.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы”, у прававым лікбезе ад “Вясны” распавядаем, што маецца на ўвазе пад правам на свабоду і асабістую недаткальнасць.

Што такое права на свабоду?

Права на свабоду - адно з асноўных правоў чалавека - магчымасць рабіць усё, што не парушае правоў іншых людзей і грамадства ў цэлым.

Права на свабоду, у прыватнасці, уключае комплекс канкрэтных правамоцтваў, якія рэалізуюцца ў сферы асабістага (свабода выбару месца знаходжання, свабода перамяшчэння, гендэрная свабода і інш.), палітычнага (свабода думкі, свабода слова і г.д.), прафесійнага (свабода працы, свабода творчасці) жыцця.

Дзе замацавана права на свабоду і асабістую недатыкальнасць?

У арт. 3 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека абвяшчаецца:

Кожны чалавек мае права на жыццё, на свабоду і на асабістую недатыкальнасць.

Таксама ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана (арт. 9):

Кожны чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або ўтрыманнем пад вартай. Ніхто не павінен быць пазбаўлены волі інакш, як на такіх падставах і ў адпаведнасці з такой працэдурай, якія ўстаноўлены законам.

Артыкулам 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадугледажна:

Дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабiстай свабоды магчыма ў выпадках i парадку, устаноўленых законам.

Чым важная свабода?

Калі была ўведзена забарона на беспадстаўнае абмежаванне волі?

Забарону на беспадстаўнае абмежаванне волі мы можам сустрэць у першых гістарычных дакументах, якія гарантавалі людзям абарону іх правоў з боку дзяржавы. Пра гэта гаварылася і ў Вялікай хартыі воьлнасцяў, выдадзенай каралём Англіі ў 1213 годзе, і ў Дэкларацыі незалежнасці ЗША, прынятай ў 1776 годзе, і ў Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна, абвешчанай у Францыі ў 1789 годзе, і, вядома, ва ўсіх пазнейшых міжнародных дагаворах па правах чалавека. 

Што ж такое права на асабістую недатыкальнасць?

Не будзем падманвацца назвай – права на свабоду і асабістую недатыкальнасць не азначае, што ніхто не мае права датыкацца да нас без нашага дазволу. Гаворка ідзе найперш пра тое, што дзяржава павінна паважаць свабоду асобы і не можа беспадстаўна арыштаваць аднаго з нас. Чалавека нельга ўтрымліваць пад вартай, калі няма абгрунтаванага падазрэння ва ўчыненні сур’ёзнага злачынства. Але і ў гэтым выпадку абмежаваць свабоду чалавека можна толькі на падставе закона паводле рашэння суда, які, разгледзеўгы абставіны, можа вызначыць грамадскую небяспеку знаходжання такога чалавека на свабодзе.

Еўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў Турцыю парушальніцай гэтага права ў выпадку, калі вайскоўцамі падчас антытэрарыстычнай аперацыі быў без падставаў і без захавання законнай працэдуры арыштаваны і вывезены ў невядомым накірунку спадар Юзейір Курт. Паводле рашэння суда, Турцыя не стрымала сваіх абавязацельстваў і не засцерагла спадара Курта ад самавольства сваіх прадстаўнікоў.

Якія ўмовы павінны выконвацца пры абмежаванні свабоды?

Па-першае, для абмежавання свабоды чалавека дзяржава павінна мець сур’ёзныя падставы. Па-другое, кожны затрыманы павінен быць неадкладна праінфармаваны аб прычынах свайго арышту. Па-трэцяе, кожны затрыманы мае права неадкладна паўстаць перад незалежным судом, які вызначыць правамернасць яго арышту, або быць вызваленым з-пад варты да адпаведнага рашэння суда.

Калі гэта не выканана, Камітэт па правах чалавека ААН і Еўрапескі суд могуць ўстанавіць парушэнне свабоды і асабістай недатыкальнасці.

Акрамя гэтага, любы чалавек, чыё ўтрыманне пад вартай было незаконным, можа патрабаваць кампенсацыю ад урада краіны, якая дапусціла такое парушэнне.

Чытайце таксама пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасцьПрынцыпы правоў чалавекаСалідарнасцьНедыскрымінацыю, Абмежаванні, Свабоду ад катаванняў, Права на жыццёСмяротнае пакаранне ў Беларусі, Вяршэнства праваПрыватнасць, Свабоду сумлення і веравызнання, Свабоду выказвання меркавання.


Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.

У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.

Партнёрства

Сяброўства