viasna on patreon

Праваабарончы ген Сашы Кулаевай. Частка 3 Фота

2018 2018-08-31T12:32:57+0300 2018-10-05T12:32:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kulaeva_viasna_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" сустрэўся з вядомай праваабаронцай Сашай Кулаевай, якая 16 гадоў свайго жыцця прысвяціла працы з краінамі Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека. Мы даведаліся, як прайшла першая працоўная місія міжнароднай праваабаронцы ў Беларусі. Чаму першы праваабарончы форум праходзіў у лесе? Што звязвае Сашу Кулаеву і Беларусь, акрамя працы? Чытайце ў апошняй частцы нашага інтэрв'ю.

«Першы раз, калі прыехала ў Беларусь, мне здавалася, што паўсюль напісана  «Сардэчна забараняем»»

— Для міжнароднага праваабаронцы Беларусь — гэта вельмі яркая краіна. Тут ёсць шмат чаго, што дзівіць уяўленне чалавека, які не вырас у гэтай краіне. Цяжка сказаць, што менавіта мяне ўразіла ў працы з Беларуссю. Таму што 16 гадоў прайшлі па-рознаму. Памятаю першы працоўны прыезд у Мінск, з якога і пачалася мая праца тут. Гэта быў Форум праваабаронцаў у 2004 годзе. Праходзіў ён у беларускіх заснежаных лясах. Тады ўсе сталічныя гасцініцы адмовіліся супрацоўнічаць з намі на розных падставах: працёк вады, адсутнасць электрычнасці і іншыя. Катэдж у лесе быў зняты ледзь не пад падставай нейкага вяселля.

Саша Кулаева на IV Беларускім праваабарончым форуме, 21 кастрычніка 2017 года
Саша Кулаева на IV Беларускім праваабарончым форуме, 21 кастрычніка 2017 года

На форуме прысутнічалі дзесяткі людзей: ДЫП-корпус, міжнародныя і рэгіянальныя праваабаронцы, журналісты. Той праваабарончы форум быў сапраўдным падпольным дзействам у экстрэмальных умовах. Памятаю, стаяў дзікі холад: мінус трыццаць. Усе спалі ў футрах і шапках. Гэта было нагляднае ўвядзенне ў тэму становішча правоў чалавека ў Беларусі. Пры гэтым, гэта быў жывы выдатны форум, на якім абмяркоўваліся надзённыя пытанні. Узровень дыскусіі ўразіў усіх, тым больш на фоне умоваў часоў газеты «Іскра» і бальшавіцкага падполля. З тых часоў Беларусь не пераставала мяне «радаваць» і дзівіць, сур'ёзна. Я зараз нават мову значна лепш разумею. Першы раз, калі прыехала ў Беларусь, мне здавалася, што паўсюль напісана «Сардэчна забараняем». Гэта вельмі адпавядала майму разуменню і пачуццю — усё вельмі сардэчна, і ўсё забаронена. Потым разабралася, і «Добро пожаловать» па-беларуску для мяне ўжо не сакрэт.

Саша Кулаева на кансультацыйнай сустрэчы спецдакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харасці з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні, 31 студзеня 2018 г.
Саша Кулаева на кансультацыйнай сустрэчы спецдакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харасці з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні, 31 студзеня 2018 г.

«Заўсёды ўражвала мужнасць людзей, якія выходзілі пры гэтых абставінах на вуліцу»

— Моцна ўразіла мяне, вядома, барацьба і гора людзей, звязаных з пытаннем смяротнага пакарання: дочкі, маці, адвакаты асуджаных да расстрэлу. Людзі змагаюцца за жыццё сваіх блізкіх, што б яны не здзейснілі, але ў выніку сутыкаюцца з бяздушнай нечалавечай машынай правасуддзя...

eto-oktjabr-2016ho-hoda-tam-ja-ales-rais
Саша Кулаева ў Курапатах, кастрычнік 2016 г. На фота Прэзідэнт Сусветнай Кааліцыі супраць смяротнага пакарання Фляранс Беліўе, кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі і кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская. Фота з архіву Сашы Кулаевай

Падчас місій я назірала за шэрагам дэманстрацый у самім Мінску. Заўсёды ўражвала мужнасць людзей, якія выходзілі пры гэтых абставінах на вуліцу. Але працавала ж я не толькі па Беларусі, а па многіх рэгіёнах. Паралельна былі падзеі ў Грузіі ў 2008 годзе, кангрэс у Арменіі ў 2010, дзе на той момант было досыць шмат палітычных зняволеных. Прысутнічала гэтае пастаяннае пачуццё, што ніхто не адзін, і што мы ўсе разам. Федэрацыя кожны раз адгукалася на заклікі, як і асобныя праваабаронцы. Так, Алесь Бяляцкі ў свой час ездзіў на поўдзень Кіргізіі, калі там ва ўсю адбываліся сутыкненні. Бачыў, як адбываліся пахаванні, эксгумацыі. Таксама ездзілі разам у рэвалюцыйны Туніс, дзе патрабавалася дапамога грамадзянскай супольнасці. У сітуацыі, дзе краіна вызвалялася ад шматгадовай дыктатуры, патрэбен быў досвед іншых. Гэта незаменна. У адрозненне ад іншых міжнародных механізмаў, гэта такая сінэргетыка, якая альбо ёсць, альбо яе няма. Гэта не проста даклад, які ты пішаш і падаеш кудысьці. Гэта складаны хімічны міжнародны працэс, які выбудоўваецца гадамі. Думаю, што ў Федэрацыі шмат чаго атрымліваецца менавіта з-за апоры на чалавечы фактар, выбудаваны міжнароднай салідарнасцю.

Саша Кулаева ў Ёханэсбургу (ПАР) у турмы часоў апартэіду. На фота праваабаронцы
Саша Кулаева ў Ёханэсбургу (ПАР) каля турмы часоў апартэіду. На фота праваабаронцы "Вясны" Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы Кыргызстана Талекан Ісмаілава і Аіда Байджуманова, праваабаронца Казахстана Ружа Акулбекова. Фота з архіву Сашы Кулаевай

«Мабыць, у лёсе ў чалавека нешта ёсць, што рана ці позна прыводзіць яго туды, адкуль ён родам»

— Беларусь для мяне, у першую чаргу, краіна маіх блізкіх сяброў, людзей, з якімі ў нас выпрацаваліся вельмі моцныя праваабарончыя і чалавечыя сувязі. Гэта краіна, у якой адбываецца шмат цікавага, што выклікае ў мяне і спачуванне, і эмпатыю. За ўсе гады працы я не ўспрымаю тое, што адбываецца там як чужыя праблемы. Гэта стала і маімі праблемамі, і маімі радасцямі, калі яны ёсць.

Тут мне, акрамя ўсяго, прыемна і добра. Калі я пачала тут часта бываць, я раптам усвядоміла тое, чаго не разумела раней: Беларусь — Радзіма маіх продкаў. У гэтай краіне ў мяне ёсць асабістыя зачэпкі. Калі я стала сюды ездзіць, то не вельмі свядома стала ўсплываць, што наша сямейная гісторыя канкрэтна з двух бакоў сыходзіць у нейкія беларускія карані. Словы з пасведчання аб нараджэнні майго таты «нарадзіўся ў пасёлку Навабеліца Гомельскай вобласці» загучалі па-новаму. З мамінага боку прадзеды i прабабулі — мінчане. Я знайшла сямейныя дарэвалюцыйныя паштоўкі з мінскімі адрасамі, пабывала ў Гомелі. На гомельскім сайце знайшла інфармацыю, што мой прадзед Мірон Васільевіч Лапо у свой час быў «галавой» Навабеліцы, а потым і першым мэрам Гомеля.

Саша Кулаева на Радзіме сваіх продкаў, Гомель, чэрвень, 2017 г.
Саша Кулаева на Радзіме сваіх продкаў, Гомель, чэрвень, 2017 г. Фота з архіву Сашы Кулаевай

У нас ёсць фатаграфіі з татавага боку гэтага велізарнага сямейства, многія з якіх, як высвятляецца, дажылі да 2000-х гадоў у гэтай самай Навабеліцы, але ў нас з імі сувязі не было. Мы былі ўжо піцерцы і масквічы, і ўсё гэта здавалася такім далёкім. А вось сваякі па мамінай лініі звязаныя з габрэйскай гісторыяй Мінска (сям'я дзеда з Мінска, а сям'я бабулі з Вільні). У нас нават ёсць завяшчанне на дом у Мінску на імя майго прадзеда!

Дзіўна — я шмат разоў бывала ў Курапатах, гэта месца вельмі мяне заўсёды ўражвала. І толькі нядаўна пабывала ў «Ямы», паклала там каменьчык па традыцыі - а бо там, напэўна, ляжаць і мае сваякі.

Саша Кулаева падчас місіі ў Беларусь у мемарыяла
Саша Кулаева падчас місіі ў Беларусь у мемарыяла "Яма", прысвечанага ахвярам Халакоста. Фота з архіву Сашы Кулаевай

Цяпер у нас тут вядомых мне сваякоў не засталося. Мабыць, у лёсе чалавека нешта ёсць, што рана ці позна прыводзіць яго туды, адкуль ён родам. Хоць мяне гэта сваяцтва дагнала, калі нікога акрамя майго пакалення ўжо не засталося ў жывых... Як гэта ні смешна, але само разуменне гэтага прыйшло менавіта праз прафесійную дзейнасць.

Праваабарончы ген Сашы Кулаевай. Частка 1

Праваабарончы ген Сашы Кулаевай. Частка 2

Партнёрства

Сяброўства