viasna on patreon

“Ён піша сэрцам”. Фотарэпартаж з выставы Алеся Марачкіна Фота Відэа Дапоўнена

2020 2020-02-20T08:44:30+0300 2020-02-21T10:20:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mara-2020-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Урачыстае адкрыццё мастацкай выставы Алеся Марачкіна "Зацьменне" прайшло ў Мінску на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” у сераду, 19 лютага.

Імпрэза пачалася з выступу спевака Кастуся Герашчанкі, які выканаў некалькі ўласных песень на словы мастака і паэта Алеся Марачкіна. Але гэта быў не адзіны сюрпрыз, які арганізатары імпрэзы падрыхтавалі для першых наведвальнікаў.

mara-2020-03.jpg
Праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Адкрываючы выставу праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі паведаміў, што неўзабаве мастаку споўніцца 80 год, распавёў прысутным, як узнікла ідэя арганізаваць гэтую выставу.

“Такіх мастакоў мы маем вельмі мала. Тут у адной асобе супадаюць і мастацкі талент, і грамадзянская пазіцыя, і любоў да Радзімы. А яшчэ можна дадаць ягоны дэмакратычны светапогляд і павагу да правоў чалавека”, - адзначыў Бяляцкі.

Праваабаронца прыгадаў, якое ўражанне некалі зрабіла на яго карціна “Смаленне вепрука”, якую малады мастак намаляваў якраз да стагоддзя Леніна, распавёў пра "Маці Божую ахвяр Чарнобыля", з-за якой супрацоўнікі міліцыі ў 1996 годзе, пры разгоне мітынгу моцна збілі мастака, ледзьве не зрабіўшы яго калекай.

Алесь Марачкін патлумачыў прысутным, чаму вырашыў назваць выставу "Зацьменне":

– Перад вамі – дзіця ваенных гадоў, нарадзіўся я ў 1940 годзе, перажыў і Трэці Рэйх, і партызаншчыну, і завяршэнне калектывізацыі. А зараз мы апынуліся ў тым жа часе, ад якога імкнуліся вызваліцца, у тым жа спрадвечным зацьменні.

mara-2020-05.jpg
Алена Гушча і Мечыслаў Бурак.

“Не расслабляйся, адчувай сякеру над галавой”

Некалі адзін з заснавальнікаў мастацкай суполкі «Пагоня» Яўген Кулік у размове з Алесем Марачкіным пажартаваў: “Не расслабляйся, адчувай сякеру над галавой”

На імпрэзе выступілі даўнія сябры Марачкіна –  мастак і былы кіраўнік “Пагоні” Генадзь Драздоў, акадэмік, актывіст Беларускага народнага фронту і адзін з арганізатараў і заяўнікаў шматтысячных мітынгаў пачатку 1990-х Мечыслаў Бурак, адзін з кіраўнікоў КХП БНФ Алесь Чахольскі.

mara-2020-10.jpg
Генадзь Драздоў
Кастусь Герашчанка і Алесь Марачкін.
Кастусь Герашчанка і Алесь Марачкін.

Яны віншавалі мастака з адкрыццём выставы ў такім цудоўным месцы, з блізкім юбілеем, жадалі творчага натхнення.

mara-2020-04.jpg
Таццяна Процька і Алесь Марачкін

“У мастака ёсць свой колер – і гэта колер Марачкіна, па якім можна было пазнаць ягоныя мастацкія працы, – адзначыла ў сваім выступе навукоўца і грамадская дзяячка Таццяна Процька. – Ён піша сэрцам, і важна каб яно вытрымала”.

А гасцей выставы чакалі новыя неспадзяванкі. Так, Алесь Марачкін паведаміў, што ў залі знаходзіцца адзін персанажаў ягонай карціны, актыўны абаронца Курапатаў Іларыён Трусаў, якому споўнілася сёння 16 год. Мастак павіншаваў юнака і ўручыў яму сваю працу. Дарэчы, пад час імпрэзы нечакана высветлілася, што ў залі знаходзіцца яшчэ адзін юбіляр, актыўны абаронца Курапатаў і незалежнасці айцец Вікенцій, якому споўнілася 60 год.

mara-2020-06.jpg
Алесь Марачкін віншуе Іларыёнв Трусава з 16-ці годдзем

Дык а пра што выстава?

Новыя працы мастака прысвечаныя грамадска-значным падзеям апошніх гадоў і адлюстроўваюць сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Беларусі праз уласны погляд творцы на культуру і дух беларускага народа. Каб дазнацца больш падрабязна - варта наведаць выставу самім, бо, як кажуць "лепей адзін раз убачыць, чым сто - пачуць".

Завяршыў імпрэзу выступ барда Зміцера Марчука, пасля якога прысутныя маглі паразмаўляць з мастаком, падзяліцца ўражаннямі, сфатаграфавацца з Майстрам на памяць.

mara-2020-07.jpg
Бард Зміцер Марчук.

 

Нагадаем, выстава Алеся Марачкіна "Зацьменне" будзе працаваць яшчэ некалькі тыдняў. Каб яе наведаць – патрэбна папярэдне ўзгадніць час па тэлефоне +375 (44) 716-59-93

“Ён піша сэрцам”. Фотарэпартаж з выставы Алеся Марачкіна

Партнёрства

Сяброўства