viasna on patreon

Што насамрэч адбываецца ў Брэсце? Меркаванне праваабаронцы Фота

2019 2019-04-17T11:30:22+0300 2019-04-17T12:29:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brest_15kra_viasna_27.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Вясна” наведала горад Брэст, здаецца, у самы гарачы час. Зранку панядзелка 15 красавіка спіс затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту складаўся з 14 чалавек. Суд над імі адбываўся непасрэдна ў мясцовым РАУСе. У выніку, адсядзеўшы выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання, амаль усім выпісалі судовыя позвы па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) на іншыя даты. Відавочна, што такім чынам адбываецца ціск на мясцовых актывістаў, якія пратэстуюць супраць будоўлі акумулятарнага завода пад Брэстам.

Мясцовы праваабаронца “Вясны” Уладзімір Вялічкін таксама патрапіў пад рэпрэсіі ўлады: ён таксама правёў усе выходныя з пятніцы ў ізалятары часовага ўтрымання. У панядзелак пасля вызвалення ён жартаваў з групай падтрымкі, якая сустракала вызваленных актывістаў пад сценамі РУУС, што ў нядзелю, негледзячы на затрыманне, у іх была магчымасць пакарміць галубоў: “Мы ўзялі хлебушак на шпацыр, і паклалі яго на дах у турэмным двары, і галубы прыляцелі…

“Вясноўцы” распыталі мясцовага праваабаронцу, што ён думае пра сітуацыю, якая склалася ў горадзе: пра масавыя затрыманні актывістаў, пра суд над блогерам Сяргеем Пятрухіным і пра салідарнасць берасцейцаў, якой захапляецца ўся Беларусь.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін пасля вызвалення з ізалятара. Фота: ПЦ
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін пасля вызвалення з ізалятара 15 красавіка. Фота: ПЦ "Вясна"

ПРА СІТУАЦЫЮ, ШТО СКЛАЛАСЯ ВАКОЛ БУДАЎНІЦТВА ЗАВОДА АКБ ПАД БРЭСТАМ

— Сёння можна сказаць, што ўлады Брэста развязалі вайну супраць уласнага народа. Гэта вайна за навакольнае асяроддзе, — перакананы Уладзімір Вялічкін.

— Выканаўчыя ўлады пазбягаюць сустрэч з грамадствам. Аргументы, якія прыводзяць прадстаўнікі ўлады ў апраўданне будоўлі гэтага завода, разбіваюцца аб аргументы берасцейцаў, якія маюць веды ў гэтай галіне. Бо сярод нашых актывістаў ёсць і тыя, хто мае экалагічную адукацыю і больш грунтоўна разбіраецца ў пытаннях вырабу акумулятараў, у галіне шкоды свінца і кіслаты.

Адразу гэтая вайна была ў інфармацыйным рэчышчы. Але тут улады цалкам прайгралі. Тады яны перайшлі да іншай фазы супрацьстаяння – запалохванне актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Але і гэта не спрацавала. Потым пачалася сілавая фаза – хапанне людзей на акцыях, штрафаванне актывістаў і пасадкі іх на суткі.

Баюся, каб улада не перайшла ў наступную фазу, больш радыкальную. Галоўнае, каб яны не прадпрынялі меры, якія маглі б пашкодзіць здароўю і жыццю мясцовых грамадзян.

Пры гэтым усім, як паказваюць апошнія падзеі, людзі трымаюцца разам і маюць рашучы намер ісці да канца ў сваім змаганні.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін пасля вызвалення з ізалятара. Фота: ПЦ
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін пасля вызвалення з ізалятара. Фота: ПЦ "Вясна"

БЫЦЬ ПРАВААБАРОНЦАМ У БРЭСЦЕ

— У сучасных умовах быць праваабаронцам вельмі няпроста. Ва ўладаў няма разумення, што ў грамадстве ёсць праваабаронцы, якія змагаюцца за захаванне правоў чалавека. Яны толькі ведаюць, што ў грамадстве ёсць пэўная група незадаволеных людзей, якія не толькі праяўляюць цікавасць да грамадскага жыцця, але і намагаюцца нешта змяніць у ім. Таму ціснуць на усіх актыўных людзей, не разбіраючыся, ці ты праваабаронца, ці актывіст, ці просты чалавек, які проста баіцца за жыццё сваёй сям’і.

Слова “Жыць” для берасцейскіх уладаў — гэта лагатып пратэстнага руху супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам. Але па сутнасці хто з’яўляецца ўдзельнікам гэтага пратэстнага руху? Гэта людзі, якія проста хочуць жыць у здаровым навакольным асяроддзі, і быць упэўненымі, што іх дзеці не захварэюць ад шкодных выкідаў гэтага прадпрыемства.

Калі казаць пра мяне, як праваабаронцу, то я хачу, акрамя ўсяго, каб нашыя людзі жылі ў прававой дзяржаве. Хачу, каб міліцыя займалася сваімі прамымі абавязкамі — ахоўвала грамадскі парадак, а не хапала людзей на мірных сходах, не заламвала ім рукі і не цягала ў пастарункі. Хачу, каб суды выносілі правасудныя рашэнні, і былі незалежнымі ў прыняцці гэтых рашэнняў. Мы бачылі, як суддзя ў РАУСЕ, калі судзіў актывістаў, якія адсядзелі свае выходныя ў ізалятары, даставаў з-пад матэрыялаў справы паперку з ужо падрыхтаванай пастановай суда. Так не павінна быць. Хочацца, каб і пракуратура сачыла за законнасцю. Гэта прапісана ў Законе аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Мы проста хочам, каб выконвалася Канстытуцыя ў краіне, і ў прыватнасці ў Брэсце.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін пад сценамі Ленінскага РУУС г.Брэста. Фота: ПЦ
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін пад сценамі Ленінскага РУУС г.Брэста. Фота: ПЦ "Вясна"

ПРА АПОШНІЯ ЗАТРЫМАННІ АКТЫВІСТАЎ

— Такая практыка насцярожвае. Раней такога не было, каб людзі ў цывільным кідаліся ў натоўп, правакавалі бойку, намагаліся кагосьці выкрасці, а міліцыянты ў форме пры гэтым бяздзейнічалі.

Законапаслухмяных грамадзянаў, якія ў пятніцу законапаслухмяна прыйшлі ў Ленінскае РАУС па позве ў якасці сведкі, там і пакінулі на ўсе выходныя. Мела месца адвольнае беспадстаўнае затрыманне. У дадзеным выпадку не было падставаў садзіць на суткі людзей. Яны нічога супрацьпраўнага не зрабілі. Мэта гэтага адна — каб людзі не выйшлі ў нядзелю на плошчу і не высказаліся. Усё ўпіраецца ў парушэнне фундаментальных правоў чалавека: свабоду слова, свабоду выказвання меркавання, свабоду мірных сходаў і права на здаровае навакольнае асяроддзе.

Мы абавязкова будзем абскарджваць гэтыя затрыманні. Усіх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Але сітуацыя набыла такі “незаконны” характар не таму, што ўлады каля сотні разоў адмаўлялі ў правядзенні мерапрыемства. Па новым заяўляльным парадку не трэба пытаць дазвола ні ў каго, але ж чамусьці ў матэрыялах справы пазначаецца “без дазволу выканкама”. Права на свабоду мірных сходаў гарантаванае міжнародным правам і Канстытуцыяй. Улады падмяняюць паняцці і маніпулююць гэтымі рэчамі, каб стаць над народам і кантраляваць усе працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. Канешне, у Канстытуцыі напісана, што крыніца ўлады — народ. Але, як бачым, гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Уладзімір Вялічкін каля суда Ленінскана раёна г. Брэста, дзе часта ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў над берасцейскіх актывістаў. Фота: ПЦ
Уладзімір Вялічкін каля суда Ленінскага раёна г. Брэста, дзе часта ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў над берасцейскімі актывістамі. Фота: ПЦ "Вясна"

ПРА СУД НАД БЛОГЕРАМ ПЯТРУХІНЫМ

— Гэты суд расцэньваем як наступ на свабоду слова. Ёсць нават адпаведная заява праваабарончых арганізацый. Блогеру Пятрухіну, кажучы простай мовай, хочуць закрыць рот. Бо сапраўды да яго звяртаецца шмат людзей па дапамогу. Гэта адбываецца па той прычыне, што людзі ўжо выкарысталі ўсе магчымыя сродкі абароны сваіх правоў, ці правоў блізкіх і родных людзей. Гэтыя людзі звяртаюцца ў дзяржаўныя органы, але тыя ім не дапамагаюць. І таму ім нічога не застаецца, як шукаць дапамогу ў незалежных блогераў, медыя.

Па гэтай сітуацыі, як і па іншых, якія адбываюцца ў горадзе можна сказаць, што суды, пракуратура падпарадкаваныя Міністэрству ўнутраных справаў і пераследуюць адну мэту.

Уладзімір Вялічкін каля сцен Ленінскага РУУС, дзе адсядзеў усе выходныя з іншымі актывістамі. Фота: ПЦ
Уладзімір Вялічкін каля сцен Ленінскага РУУС, дзе адсядзеў усе выходныя з іншымі актывістамі. Фота: ПЦ "Вясна"

ПРА САЛІДАРНАСЦЬ БЕРАСЦЕЙЦАЎ

— Тут усё проста. Такая вялікая салідарнасць жыхароў Брэста звязаная з тым, што ўжо амаль кожны сутыкнуўся з самавольствам з боку міліцыі і ўвогуле ўлады. Актывісты, якія цяпер пратэстуюць супраць будаўніцтва завода, прыйшлі да гэтага не праз палітыку, а праз звычайнае жыццё. Гэтыя людзі баяцца за сваё жыццё на гэтай тэрыторыі і лёс сваіх дзяцей. Яны хочуць жыць у чыстым навакольным асяроддзі і не хвалявацца, што нехта захварэе ці нават памрэ…

Што насамрэч адбываецца ў Брэсце? Меркаванне праваабаронцы
Супрацьстаянне ўлады і берасцейскіх актывістаў

Партнёрства

Сяброўства