Патрабуем неадкладна спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да блогера Сяргея Пятрухіна
Супольная заява праваабарончых і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці
Мінск, 02 красавіка 2019 г.
9 красавіка 2019 г. у судзе Леніскага р-на г. Брэста распачнецца разгляд крымінальнай справы у дачыненні да вядомага брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна.
Пастанову аб прад’яўленні абвінавачвання С. Пятрухіну па ч.2 арт. 188 (“Паклёп”) і ч.2 арт. 189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь вынес 1 красавіка Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэту (СК).
Падставай для прыцягнення блогера да крымінальнай адказнасці сталі відэаролікі, якія былі знятыя ў сакавіку 2018 г. і трансляваліся на відэахостынгу YouTube. У гэтых відэароліках С. Пятрухін заявіў аб датычнасці шэрагу супрацоўнікаў Ленінскага РУУС г. Брэста да збіцця ў міліцэйскім участку ў 2016 г. грамадзяніна П. Камінскага.
Варта адзначыць, што збіты супрацоўнікамі Ленінскага РУУС г. Брэста П. Камінскі звярнуўся з заявай у Следчы камітэт аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, указаных у відэароліках С. Пятрухіна. Нягледзячы на тое, што экспертыза зафіксавала нанесеныя П. Камінскаму пабоі і не выключае іх прычыненне пры заяўленых Камінскім абставінах, СК вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. За перыяд з 2016 па 2019 гг. было вынесена восем пастаноў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, сем з якіх адмянялася вышэйстаячымі органамі СК і пракуратуры ў сувязі з непаўнатой праведзенай праверкі па заяве. На дадзены момант чарговая скарга на раней вынесеныя пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі накіраваныя П. Камінскім на імя пракурора г. Брэста і ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.
У сувязі з тым, што працэдура па праверцы заявы П. Камінскага аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў міліцыі пакуль не скончаная, папярэдняга расследавання не праведзена, прыцягненне да крымінальнай адказнасці С. Пятрухіна з’яўляецца незаконным і неабгрунтаваным. Мы таксама лічым, што яго крымінальны пераслед мае палітычна-матываваны характар і звязаны выключна з рэалізацыяй С.Пятрухіным гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека свабодаў – свабоды выказвання меркавання, збору і распаўсюду інфармацыі.
Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый. Міжнародныя органы, ААН і АБСЕ, рэкамендавалі скасаваць законы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю, або, як мінімум, не пазбаўляць волі за здзяйсненне дыфамацыйных правапарушэнняў, прыняўшы за норму грамадзянска-прававы пераслед. Паўнамоцныя прадстаўнікі ААН, АБСЕ і ААД па пытаннях свабоды слова заяўлялі, што «крымінальны пераслед за дыфамацыю не з'яўляецца апраўданым абмежаваннем свабоды выказвання перакананняў; усе законы пра крымінальны пераслед за дыфамацыю падлягаюць адмене і замене, дзе гэта неабходна, грамадзянска-прававымі мерамі адказнасці».
Брэсцкі блогер Cяргей Пятрухін — сталы ўдзельнік акцый пратэсту супраць будаўніцтва экалагічна шкоднага акумулятарнага завода, раней неаднаразова затрымліваўся ў сувязі з гэтым супрацоўнікамі міліцыі. Таксама С. Пятрухін стаў вядомы дзякуючы шматлікім відэаролікам, якія крытыкуюць дзейнасць прадстаўнікоў мясцовай улады, у тым ліку і органаў унутраных спраў.
Апошнія выпадкі крымінальнага пераследу ў дачыненні да блогераў С. Пятрухіна, А. Кабанава і А. Павука выклікаюць нашую сур’ёзную занепакоенасць і могуць сведчыць аб узмацненні кантролю над інтэрнэт-сферай напярэдадні маючых адбыцца на прыканцы бягучага году выбарах.
У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі заклікаем:
неадкладна спыніць крымінальны пераслед Сяргея Пятрухіна і зняць з яго ўсе прад’яўленыя абвінавачванні;
не выкарыстоўваць Крымінальны кодэкс па справах, звязаных з дыфамацыяй.
Публічная ўстанова “Беларускі дакументацыйны цэнтр”;
Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
РПГА “Беларускі Хельсінскі камітэт”;
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Камітэт рэпрэсаваных “Салідарнасць”;
Таварыства “Ініцыятыва FORB”;
Цэнтр прававой трансфармацыі "lawtrend";
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
ГА "Экадом".