viasna on patreon

"Галоўнае, захаваць здароўе". 21 траўня — Дзень палітвязняў

2024 2024-05-07T10:13:00+0300 2024-05-20T09:57:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prisoners_day_no.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. Сёлета будзе ўжо трэцяя гадавіна са дня смерці ў шклоўскай калоніі № 17 палітзняволенага актывіста Вітольда Ашурка. З таго часу ў месцах няволі памерлі яшчэ пяць палітвязняў: Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч. Іх усіх аб’ядноўваў не толькі палітычны пераслед у адносінах да сябе, але і тое, што ім несвоечасова ці няякасна была аказана медыцынская дапамога ў зняволенні, а таксама праблемы са здароўем, нягледзячы на якія іх усё роўна ўзялі пад варту ці адправілі ў калоніі. Па стане на 6 траўня 2024 году праваабаронцам вядома не менш чым 254 палітвязня, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Для некаторых з іх кожны дзень у няволі — крытычны, ад якога залежаць іх здароўе і нават жыццё. Таксама многія палітвязні падчас і пасля зняволення маюць праблемы з псіхічным здароўем.

Таму сёлета тэма Дня палітвязняў Беларусі права на здароўе і медыцынскую дапамогу ў зняволенні. "Вясна" заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да праблемаў неаказання належнай медыцынскай дапамогі ў месцах няволі, і ў чарговы раз запатрабаваць ад рэжыму вызвалення ўсіх палітзняволеных. Падабязнасці шукайце на адмысловым сайце.

Чаму менавіта 21 траўня стаў Днём палітвязняў Беларусі?

Праваабаронцы абралі дату Дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі невыпадкова. Менавіта 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17 памёр актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак: палітвязень быў асуджаны ў закрытым рэжыме да пяці гадоў зняволення. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. На відэа з калоніі, якое Следчы камітэт апублікаваў пасля смерці палітвязня, ён выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным паказалі цела Вітольда, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў справу. 

За гэтыя гады праваабаронцы сабралі сведчанні былых палітзняволеных аб жорсткіх умовах утрымання ў шклоўскай калоніі і праблемах з медыцынскай дапамогай. Некаторыя з гісторый былі апублікаваныя.

Якая тэма Дня палітвязняў-2024?

Паводле арт. 12 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Беларусь як дзяржава, якая яго ратыфікавала, прызнае права кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя. Права на здароўе з'яўляецца ўніверсальным правам, якое не можа быць абмежавана пазбаўленнем волі. Але беларусаў і беларусак, затрыманых па палітычных матывах, ужо амаль чатыры гады ўтрымліваюць у нечалавечных антысанітарных умовах у ізалятарах, пазбаўляюць сродкаў гігіены і лекаў. Людзей з інваліднасцю і з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем трымаюць пад вартай і адпраўляюць у калоніі, дзе не забяспечваюць належным медыцынскім абслугоўваннем. Многія палітзняволеныя падчас і пасля вызвалення пакутуюць на праблемы з псіхічным здароўем. Таксама ў месцах няволі практычна не надаецца ўвагі асаблівым медыцынскім патрэбам жанчын. Туберкулёз, цынга, пнеўманія, каронавірус — прыклады хваробаў, на якія хварэюць беларускія палітвязні. Гэта далёка не ўвесь спіс праблемаў, з якімі сутыкаюцца сёння палітвязні ў зняволенні. 

Пытанне захавання здароўя палітвязняў за кратамі — вострае для ўсяго беларускага грамадства, перакананая праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук:

"Сёлета ў Дзень палітвязняў праваабаронцы прапаноўваюць прыцягнуць увагу да сістэмнага парушэння права на здароўе і медыцынскую дапамогу зняволеным у турмах, ізалятарах і калоніях. Менавіта праз праблемы са здароўем, несвоечасовай і/ці неякаснай медыцынскай дапамогі ў месцах зняволення памерлі шэсць палітзняволеных. Больш за 250 чалавек знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Важна, каб сотні людзей за кратамі захавалі сваё здароўе як фізічнае, так і псіхалагічнае. Былая палітзняволеная, якая вызвалілася ў красавіку гэтага года, вельмі трапна адзначыла: "Галоўнае, захаваць здароўе". Сапраўды, гэта галоўнае для кожнага і кожнай у няволі. І мы мусім ім у гэтым дапамагчы любымі спосабамі".

Нагадаем, сімвалам першага Дня палітвязняў праваабаронцы абралі жоўтую бірку, якая прысвойваецца ў калоніях усім асуджаным па палітычных артыкулах і цягне асаблівае стаўленне да іх. Мы звярнулі ўвагу на дыскрымінацыю вязняў уладамі па палітычных перакананнях. Жоўтая бірка, пра якую ў сваіх лістах распавядаў Вітольд Ашурак, стала сімвалам палітвязняў Беларусі. Летась тэмай Дня было права на ліставанне, якога, па сутнасці, цяпер пазбаўлены палітзняволеныя Беларусі, а некаторых (Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Марыя Калеснікава, Максім Знак і іншыя) утрымліваюць у рэжыме інкамунікада. Сёння палітвязні абмежаваныя ў праве на бесперашкодную карэспандэнцыю, а салідарнасць з імі фактычна крыміналізаваная. 

Што можна зрабіць да Дня палітвязняў?

Памятайце пра правілы бяспекі. Далучайцеся да салідарных дзеянняў, толькі калі гэта бяспечна для вас.

  1. Арганізаваць у сваім горадзе акцыю ці іншае мерапрыемства ў падтрымку беларускіх палітвязняў і на знак памяці загінулых палітвязняў.
  2. Дадаць 21 траўня да свайго адзення сімвал Дня — жоўтую бірку ці чырвонае сэрца, сфатаграфавацца і выкласці ў сацсеткі з хэштэгам #дзеньпалітвязняў
  3. Змяніць на адзін дзень у сацсетках аватарку на жоўты колер біркі палітвязня, каб зрабіць тэму палітвязняў больш бачнай.
  4. Падтрымаць адрасна палітвязняў такімі спосабамі, як напрыклад, пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай, падтрымкай сям'і.
  5. Прыдумаць і рэалізаваць іншае дзеянне на знак салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.

Падабязнасці шукайце на адмысловым сайце.

Праваабаронцы збіраюць інфармацыю пра мерапрыемствы да Дня палітвязняў Беларусі  дасылайце іх у тэлеграме: @Viasnainfo 

Больш за 25 акцый і мерапрыемстваў. Далучайцеся да Дня палітвязняў!

Распавядаем, да якіх акцый і мерапрыемстваў можна далучыцца 19-26 траўня з нагоды Дня палітвязняў.

Будзьце салідарнымі! Свабоду палітвязням! 

Latest news

Partnership

Membership