viasna on patreon

Працоўная група ААН: "Ніякага судовага разгляду па справе Ціханоўскага не мусіла праводзіцца" Document

2021 2021-11-09T15:16:00+0300 2021-11-09T19:45:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tihanouski_dw.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Siarhei Tsikhanouski. Photo: Aliaksandra Bahuslauskaya/Deutsche Welle

Siarhei Tsikhanouski. Photo: Aliaksandra Bahuslauskaya/Deutsche Welle

Пазбаўленне волі Сяргея Ціханоўскага з'яўляецца адвольным, беларускія ўлады павінны прыняць тэрміновыя меры для яго неадкладнага вызвалення, выплаты кампенсацыі за парушэнне яго правоў, і правесці расследаванне акалічнасцяў, якія суправаджалі яго адвольнае зняволенне. Такія патрабаванні выставіла да ўрада Беларусі Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях у сваім рашэнні, прынятым 6 верасня.

Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях разгледзела скаргу, пададзеную ў абарону Сяргея Ціханоўскага па факце яго затрымання на перадвыбарным пікеце 29 траўня 2020 года і яго папярэдняга зняволення па крымінальнай справе, якія суправаджаліся парушэннем шэрагу яго фундаментальных правоў.

Якія паўнамоцтвы ёсць у Працоўнай групы па адвольных затрыманнях

Працоўная група па адвольных затрыманнях — гэта прававы механізм, які створаны Саветам па правах чалавека ААН. Гэтая група складаецца з пяці экспертаў, абраных на конкурснай аснове з прызнаных спецыялістаў у галіне права, надзеленая кампетэнцыяй разглядаць індывідуальныя скаргі. Рашэнне прымаецца на пасяджэнні Працоўнай групы па выніках спрачальнай працэдуры, у якой дзяржаве даецца магчымасць аспрэчыць сцвярджэнні заяўніка, і адказ дзяржавы ўлічваецца падчас прыняцця рашэння. У дадзеным выпадку дзяржава ўдзельнічала ў такой працэдуры, паказаўшы тым самым, што прызнае кампетэнцыю Працоўнай групы. 14 траўня 2021 года Працоўная група накіравала Ураду Беларусі паведамленне ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага. Урад Беларусі адказаў на паведамленне 24 чэрвеня гэтага года. 

У сваіх меркаваннях Працоўная група падкрэсліла, што ў адпаведнасці з прынцыпамі, прынятымі ў яе прававой практыцы, калі крыніца прадставіла наяўнасць дастатковых доказаў парушэння міжнароднага права ў форме незаконнага затрымання, цяжар даказвання ляжыць на дзяржаве, калі яна мае намер аспрэчыць гэтыя заявы.

Да адвольнага затрымання Працоўная група прылічвае любыя формы адвольнага пазбаўлення волі, у тым ліку ўзяцце пад варту і зняволенне паводле прысуду суда. 

Справа Сяргея Ціханоўскага: якія высновы можна зрабіць да пачатку разгляду ў судзе

Праваабарончы цэнтр «Вясна» напярэдадні пачатку працэсу над палітвязнем успамінае храналогію парушэнняў правоў Сяргея Ціханоўскага, фігуру якога ўлады «падстрэлілі» на ўзлёце, не даўшы яму браць удзел у выбарчай кампаніі ні ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты, ні ў якасці кіраўніка выбарчага штаба Святланы Ціханоўскай.

Да якіх высноваў прыйшлі эксперты Савета па правах чалавека ААН

Працоўная група прыйшла да высновы аб тым, што беларускія ўлады парушылі палажэнні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога з'яўляецца Беларусь.

Абвінавачванне ў гвалце не пацвердзілася

Працоўная група адзначае, што крыніца падала падрабязнае апісанне падзей, якія прывялі да затрымання Ціханоўскага, у той час як Урад аддаў перавагу таму, каб не разглядаць сцвярджэнні, якія ўспрымаюцца Працоўнай групай як акалічнасці, сфабрыкаваныя дзеля арышту Ціханоўскага. Замест гэтага Урад толькі сцвярджае, што затрыманне было выклікана гвалтам, ужытым Ціханоўскім супраць прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

Пры гэтым Працоўная група звяртае ўвагу, што абвінавачванні, выстаўленыя пасля супраць Ціханоўскага, не тычыліся ніякіх падазрэнняў у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, за якія ён быў затрыманы і ўзяты пад варту.

Працоўная група прызнала парушэнне права на судовы кантроль за змяшчэннем пад варту

Сяргей Ціханоўскі "не быў неадкладна дастаўлены ў судовы орган у парушэнне артыкула 9 (3) Пакта". Яго змяшчэнне пад варту да суда было санкцыянавана пракурорам, ры гэтым Працоўная група нагадвае, што пракуратура не можа лічыцца судовым органам, і падкрэслівае, што "судовая ўлада павінна ажыццяўляць эфектыўны нагляд і кантроль за любой формай пазбаўлення волі на любых падставах".

Працоўная група канстатуе, што ўлады парушылі права блогера асабіста прысутнічаць на ўсіх судовых пасяджэннях па скаргах на законнасць ягонага ўзяцця пад варту — у парушэнне артыкула 9(4) Пакта. Ціханоўскаму не далі магчымасці без прамаруджання скарыстацца сваім правам абскардзіць законнасць свайго затрымання, паколькі яму таксама было адмоўлена ў доступе да свайго адваката "на працягу прыкладна 35 гадзін пасля затрымання", што яшчэ больш адмоўна адбілася на ягоным праве і здольнасці ажыццяўляць свае правы паводле артыкулу 9 (4) Пакта.

Працоўная група сцвярджае, што ўлады "не змаглі выявіць прававыя падставы затрымання сп. Ціханоўскага ў адпаведнасці з палажэннямі Пакта".

Такім чынам, Працоўная група лічыць, што "ягонае затрыманне было адвольным", паколькі "для яго няма прававых падставаў".

Пазбаўленне свабоды за ажыццяўленне фундаментальных правоў — адвольнае

"Працоўнай групе абсалютна відавочна, што падставай для затрымання і далейшага ўзяцця пад варту сп. Ціханоўскага было фактычна ажыццяўленне ім свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў, а таксама права браць удзел у кіраванні дзяржавай. Няма ніякіх доказаў таго, што якія-небудзь яго дзеянні былі гвалтоўнымі, што ён падбухторваў да гвалту ці што ягоныя дзеянні сапраўды прывялі да гвалту з боку іншых", — адзначаюць эксперты.

Працоўная група асобна звяртае ўвагу на Рэзалюцыю 24/5 Савета па правах чалавека, якая "нагадвае дзяржавам аб іх абавязальніцтве паважаць і ў поўнай ступені абараняць правы ўсіх асобаў на свабоду мірных сходаў і свабоду асацыяцыі як у рэжыме анлайн, гэтак і ў рэжыме афлайн, у тым ліку ў кантэксце выбараў, і ўключаючы праваабаронцаў, сябраў прафсаюзаў, асобаў, якія прытрымліваюцца поглядаў ці перакананняў, якія не падзяляе большасць ці адрозніваюцца ад агульнапрынятых, і іншых асобаў".

Працоўная група лічыць, што гэты кейс з'яўляецца яшчэ адным прыкладам крымінальнага пераследу, які выкарыстоўваецца дзеля прадухілення выказвання сваіх поглядаў палітычнымі апанентамі ўладаў і іх удзелу ў грамадскім жыцці ў парушэнне артыкулаў 19, 20 і 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулаў 19, 21 і 25 Пакта. Працоўная група асобна адзначае заявы Аляксандра Лукашэнкі з гэтай нагоды (падчас наведвання Мінскага трактарнага заводу 29 траўня і ў звароце да чыноўнікаў Мінскай вобласці 28 чэрвеня 2020 года), якія Урад не аспрэчвае.

У адказ на заяву ўладаў пра тое, што падчас пікету 29 траўня 2020 года ў Гродне Ціханоўскі парушыў правілы збору подпісаў, Працоўная група падкрэсліла "практычную немагчымасць выканання патрабаванняў закона, які, дазваляючы збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты, забараняе любую палітычную агітацыю".

"Правесці адрозненне паміж імі ва ўмовах выбарчай кампаніі практычна немагчыма, паколькі ў грамадскасці, вельмі верагодна, паўстануць пытанні пра палітычныя погляды кандыдата, і без выказвання такіх поглядаў працэс збору подпісаў наўрад ці будзе мець поспех", — гаворыцца ў паведамленні Працоўнай групы.

"Беручы да ўвагі выснову пра тое, што пазбаўленне сп. Ціханоўскага свабоды з'яўляецца адвольным паводле катэгорыі II (калі зняволенне з'яўляецца вынікам ажыццяўлення правоў і свабодаў, гарантаваных Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах — заўв. рэд.), Працоўная група хацела б падкрэсліць, што ніякага судовага разгляду па справе сп. Ціханоўскага не павінна было праводзіцца", — да такой высновы прыходзіць экспертны орган ААН.

Ціханоўскаму было адмоўлена ў праве на справядлівы судовы разгляд: парушаныя канфідэнцыйнасць размоваў з адвакатам, прэзумпцыя невінаватасці, а суд над ім праходзіць за зачыненымі дзвярыма.

Працоўная група адзначае, што ўся гэтая інфармацыя была даведзеная да ведама ўладаў. Аднак у сваім адказе прадстаўнікі афіцыйнага Мінска пакінулі згаданыя факты без увагі.

Парушанае права на юрыдычную дапамогу і канфідэнцыйныя размовы з адвакатам

Працоўная група нагадвае:

"Права на зносіны з адвакатам, замацаванае ў артыкуле 14 (3) (b) Пакта, уключае ў сябе патрабаванне аб тым, каб адвакат меў магчымасць сустракацца са сваімі кліентамі сам-насам і размаўляць з абвінавачваным ва ўмовах, якія цалкам забяспечваюць прыватнасць іх камунікацыі. Сп. Ціханоўскаму ў гэтым было адмоўлена".

Урад не адмаўляе, 27 і 28 красавіка 2021 года, напярэдадні пачатку суду над Ціханоўскім, на нацыянальным тэлебачанні трансляваліся некалькі відэаматэрыялаў, у тым ліку відэа канфідэнцыйнай кансультацыі паміж Ціханоўскім і яго адвакатам.

Ад абароны палітвязня Сяргея Ціханоўскага адхіляюць адвакатку Наталлю Мацкевіч

Старшыня БХК Алег Гулак і старшыня БАЖ Андрэй Бастунец паведамілі праваабаронцам «Вясны», што яны атрымалі паведамленне ад адвакаткі Наталлі Мацкевіч пра тое, што загадам Міністэрства юстыцыі ад 12 кастрычніка 2021 яна адхіленая ад выканання прафесійных абавязкаў з 13 кастрычніка ў сувязі з распачатай у дачыненні да яе дысцыплінарнай справы.

Працоўная група мяркуе, што трансляцыя падобных відэа на нацыянальным тэлебачанні незадоўга да пачатку судовага працэсу над Ціханоўскім, якія, у дадатак, паказваюць яго злачынцам, парушае абавязальніцтва краіны паважаць права на прэзумпцыю невінаватасці, паводле артыкула 11 (1) Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулу 14 (2) Пакта.

Старшыня БРКА пра парушэнне прыватнасці: "У мяне няма падставаў займацца гэтым пытаннем"

"Наша Ніва" звярнулася да старшыні Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктара Чайчыца з пытаннем, ці будзе нейкая рэакцыя адвакацкай супольнасці на ўмяшанне ў іх працу.

Працоўная група таксама адзначае, што ўлады Беларусі не падалі інфармацыі пра тое, як выключна мірныя дзеянні Ціханоўскага былі прыраўняныя да злачынства, і, у прыватнасці, падкрэслівае, што ўсе ягоныя папярэднія затрыманні звязаныя з падзеямі, аналагічнымі тым, якія папярэднічалі затрыманню 29 траўня 2020 г.

У выпадку з затрыманнем Сяргея Ціханоўскага Працоўная група адзначае, што ён быў затрыманы і змешчаны пад варту выключна за ажыццяўленне сваіх правоў, якія абараняюцца Пактам. Такім чынам, Працоўная група лічыць, што затрымка паміж затрыманнем і судовым разглядам Ціханоўскага з'яўляецца парушэннем артыкула 14 (3) Пакта.

Беручы гэта да ўвагі, Працоўная група прыходзіць да высновы, што парушэнні права Сяргея Ціханоўскага на справядлівы судовы разгляд былі настолькі сур'ёзнымі, што надалі ягонаму пазбаўленню свабоды адвольны характар, які падпадае пад катэгорыю III (калі поўнае ці частковае незахаванне міжнародных нормаў, якія тычацца права на справядлівы судовы разгляд, з'яўляецца настолькі сур'ёзным, што надае пазбаўленню свабоды адвольны характар — заўв. рэд.).

"На думку Працоўнай групы, існуе відавочная мадэль стаўлення беларускіх уладаў да сп. Ціханоўскага", — гаворыцца ў рашэнні.

Працоўная група адзначае, што шматлікія затрыманні Ціханоўскага, у тым ліку 29 траўня ў Гродне, былі апісаныя ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў у дакладзе Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2020 і 2021 гадах. Гэта таксама карэлюе з назіраннямі, зробленымі ў дакладзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека за 2021 год аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Дыскрымінацыя па палітычных перакананнях

Беручы пад увагу ўсё вышэйпададзенае, Працоўная група мяркуе, што затрыманне і змяшчэнне пад варту Сяргея Ціханоўскага ўяўляюць сабою парушэнне артыкулаў 2 і 7 Усеагульнай дэкларацыі праў чалавека і артыкулаў 2 (1) і 26 Пакта на падставе дыскрымінацыі па ягоных палітычных перакананнях. Такім чынам, яго затрыманне з'яўляецца адвольным паводле катэгорыі V (калі пазбаўленне волі ўяўляе сабою парушэнне міжнароднага права на падставе дыскрымінацыі, якая накіраваная на ці можа прывесці да ігнаравання роўнасці людзей — заўв. рэд.).

Адзіночнае зняволенне

Працоўная група "прымае да ўвагі бясспрэчныя сцвярджэнні" пра тое, што на працягу ўсяго перыяду знаходжання ў СІЗА Ціханоўскаму не дазваляюць сустракацца ні з кім, акрамя яго адваката, і што ён зазнаў пакаранне ў выглядзе 14 сутак у ШІЗА. Працоўная група адзначае адсутнасць адказу ад уладаў Беларусі па гэтай інфармацыі.

Працоўная група лічыць, што абыходжанне, якое зазнае Ціханоўскі ў зняволенні, мяркуючы па ўсім, з'яўляецца помстай уладаў за ягоную палітычную актыўнасць і несумяшчальнае з абавязальніцтвамі, узятымі на сябе Беларуссю ў адпаведнасці з артыкулам 10 Пакта.

Працоўная група пастанавіла, што ў адпаведнасці з правілам 45 Правілаў Мандэлы, ужыванне адзіночнага зняволення павінна суправаджацца пэўнымі гарантыямі. Адзіночнае зняволенне павінна выкарыстоўвацца толькі ў выключных выпадках у якасці крайняй меры, на як мага карацейшы тэрмін, пры ўмове незалежнага разгляду і з дазволу кампетэнтнага органа. У гэтай справе такія ўмовы, як відаць, не выконваліся.

Якія дзеянні павінен зрабіць урад Беларусі ў сувязі з прынятым рашэннем

Працоўная група па адвольных затрыманнях прызнала, што зняволенне Сяргея Ціханоўскага супярэчыць артыкулам 2, 7, 9, 10, 11, 19, 20, 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулам 2(1), 9, 14, 19, 21, 25 і 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, з'яўляецца адвольным і падпадае пад катэгорыі I, II, III і V.

Працоўная група просіць урад Беларусі зрабіць захады, неабходныя для неадкладнага выпраўлення сітуацыі Ціханоўскага і прывядзення яе ў адпаведнасць з адпаведнымі міжнароднымі нормамі, уключаючы тыя, якія выкладзеныя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Працоўная група лічыць, што, беручы пад увагу ўсе акалічнасці справы, "належным сродкам прававой абароны было б неадкладна вызваліць сп. Ціханоўскага і даць яму права на кампенсацыю, якая мае пазоўную сілу, і іншыя адплаты ў адпаведнасці з міжнародным правам".

У бягучым кантэксце глабальнай пандэміі каранавірусу (COVID-19) і пагрозы, якую яна ўяўляе ў месцах утрымання пад вартай, Працоўная група заклікае ўрад "зрабіць тэрміновыя захады дзеля забеспячэння неадкладнага вызвалення спадара Ціханоўскага".

Працоўная група настойліва заклікае ўрад забяспечыць "поўнае і незалежнае расследаванне акалічнасцяў адвольнага зняволення сп. Ціханоўскага і прыняць адпаведныя меры ў адносінах да асобаў, адказных за парушэнне яго правоў".

Працоўная група перадае цяперашні кейс для прыняцця адпаведных захадаў: Спецыяльнаму дакладчыку па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне; Спецыяльнаму дакладчыку па правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый і Спецыяльнаму дакладчыку па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Працоўная група просіць крыніцу і ўрад на працягу 6 месяцаў з моманту перадачы гэтага заключэння падаць інфармацыю аб яго рэалізацыю.

Меркаванні Працоўнай групы па адвольным затрыманні ад 6 верасня 2021 г. у дачыненні да Сяргея Ціханоўскага накіраваныя дзяржаве, заяўніку і будуць апублікаваныя ў базе дадзеных рашэнняў гэтага органа на сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН.

Працоўная група ААН: "Ніякага судовага разгляду па справе Ціханоўскага не мусіла праводзіцца"

Latest news

Partnership

Membership