viasna on patreon

Чаму салідарнасць выратуе свет? Адказваюць праваабаронцы Фота

2019 2019-06-25T11:46:21+0300 2019-06-25T13:40:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palit_viazn_o.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пятніцу, 21 чэрвеня, на пляцоўцы "Тэрыторыя Правоў" адбыўся вечар Салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі, Украіны і Расеі. “Вясна” пагутарыла з эксперткамі Анісіяй Казлюк, каардынатаркай Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна”, і Янай Ганчаровай, каардынатаркай праекта "РосУзник" і праваабаронцай "Human Constanta". Мы высветлілі, для чаго і каго ладзяцца такія імпрэзы, навошта выказваць салідарнасць і чаму трэба выходзіць за межы адной краіны.

palit_viazn_o.jpg
Анісія Казлюк і Яна Ганчарова падчас вечара Салідарнасці. Фота: Юра Мецельскі

Што такое салідарнасць і чаму яна так важная?

Салідарнасць — гэта адзін з нешматлікіх інструментаў, даступных літаральна кожнаму, распавядае праваабаронца Яна Ганчарова. На нядаўнім прыкладзе справы расійскага журналіста Вані Галунова можна сказаць дакладна — салідарнасць працуе. Часам яна дапамагае ратаваць ад турмы, а часам нават выратоўвае жыццё, як у выпадку з іранцам Мехрдадам Джамшыдзіянам.

У месцах пазбаўлення волі не абаронены амаль ніхто. Там вельмі шмат гвалту, безвыходнасці, шэрасці і змроку. І гэта не толькі ў Беларусі, але і амаль у любой краіне свету. Любому чалавеку ў такіх умовах вельмі складана, а калі чалавек пацярпеў толькі толькі за свае погляды і перакананні — складана ўдвая. Кожнаму з нас важна чуць, што ён каштоўны, што ён робіць правільныя рэчы, што ён не адзін. Важная падтрымка.

Чалавек у зняволенні не проста адзін, яго яшчэ спрабуюць пераканаць, што ад яго ўсе адмовіліся. "Колькі разоў я чула гісторый, што супрацоўнікі следства казалі арыштаваным за палітыку — табе ніхто не піша, цябе ніхто не шукае, ты нікому не патрэбны, таму прызнавайся. У такой сітуацыі любая падтрымка вельмі важная", — адзначае Яна.

Людзі, якія падвяргаюцца палітычнаму пераследу, маюць патрэбу ў падтрымцы, дадае Анісія Казлюк. Асаблівасць палітычнага пераследу ў тым, што ён накіраваны на тое, каб вымусіць чалавека адмовіцца ад актывізму. І сутыкаючыся з непрапарцыйнай жорсткасцю пакарання, людзям вельмі важна ведаць, што іх чакаюць на волі, што гэта не дарэмная ахвяра, што пра іх памятаюць і кажуць.

Якія формы салідарнасці існуюць?

palit_viazn_4o.jpg
Падчас вечара Салідарнасці. Фота: Юра Мецельскі

Анісія Казлюк адзначае, што ў розных краінах — свае формы падтрымкі палітзняволеных. Шмат дзе ёсць грашовыя фонды, якія ідуць на перадачы для зняволеных. Валанцёрская служба “Вясны”, у асноўным, падтрымлівае палітзняволенных праз ліставанне. Пісаць лісты — самая простая і даступная форма салідарнасці. З лістоў вязні даведваюцца пра навіны, атрымліваюць кавалачак вольнага жыцця. Лісты і паштоўкі падтрымліваюць іх у змаганні з пастаянным ціскам, дапамагаюць перажываць несправядлівасць зняволення.

Праваабаронца Яна Ганчарова дадае, што акрамя лістоў, салідарнасць можна выказаць праз акцыю і нават праз пост у сацыяльных сетках. “Гэта ўсё кроплі ў велізарным струмені, які прарывае інфармацыйную блакаду да вязняў, і яны адчуваюць, што яны не адны”, — адзначае праваабаронца.

Навошта падтрымліваць палітзняволеных у іншых краінах?

palit_viazn_576o.jpg
Падчас вечара Салідарнасці. Фота: Юра Мецельскі

Як адзначае Анісія, Валанцёрская служба ПЦ “Вясна” штогод ладзіць мерапрыемствы, накіраваныя на міжнародную салідарнасць: “Выходзім за межы Беларусі, каб паказаць палітвязням, што іх падтрымліваюць не толькі ў іх краіне, але і за яе межамі”.

Калі ў акцыях салідарнасці ўдзельнічаюць не толькі жыхары канкрэтнай краіны, але і міжнародная супольнасць, гэта падымае праблему на новы ўзровень, тлумачыць Яна Ганчарова. Гэта як мінімум дае сігнал дзяржаве пра тое, што гэта праблема не лакальная і заўважаная іншымі людзьмі і ўрадамі. Часам гэта можа сур'ёзна паўплываць на лёс палітвязня, аж да таго, што яго выпусцяць. Любая ўвага — гэта гарантыя таго, што над вязнем не будуць або будуць менш здзекавацца і беспадстаўна караць.

"Салідарнасць выратуе свет, таму што менавіта праз салідарнасць людзі становяцца бліжэй адзін да аднаго. Яны ўспамінаюць, што, перш за ўсё, яны людзі, і што некаторыя нагоды могуць закрануць зусім любога. Салідарнасць — гэта пра яднанне і сціранне межаў, пра ўзаемадапамогу, якая можа спатрэбіцца любому і заўсёды. Пакуль палітыкі, фанатыкі, радыкальныя групоўкі спрабуюць падзяліць грамадства, навесіўшы ярлыкі і прысвоіўшы ўсім класы, салідарызацыю дазваляе гэтыя цэтлікі зняць і аб'яднаць грамадства", — разважае каардынатарка праекта "РосУзник".

palit_viazn_o7.jpg
Вечара Салідарнасці на "Тэрыторыі правоў". Фота: Юра Мецельскі

“Для мяне салідарнасць — гэта жэст, акт і заява, пазначэнне таго, што мне не ўсё адно. Мне важна памятаць, што я не далучылася да маўклівай большасці, якая закрывае вочы на несправядлівасьць, а зрабіла хаця б нешта, каб ёй супрацьстаяць”, — адзначае напрыканцы праваабаронца Яна Ганчарова.

"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць

ПЦ "Вясна" падрыхтавала інструкцыю, як пісаць лісты палітвязням, якія ёсць асаблівасці і лайфхакі.

Партнёрства

Сяброўства