Праваабаронцы прэзентавалі ўнікальную фотавыставу пра Курапаты. Вялікі фотарэпартаж Фота
На мінскай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” 9 ліпеня была прэзентаваная ўнікальная фотавыстава “Курапаты, Дзяды-1989. 30-ыя ўгодкі шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты”. У аснову выставы былі пакладзеныя працы вядомага беларускага фатографа Уладзіміра Сапагова. Арганізатарамі і ўкладальнікамі фотавыставы выступілі Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Цэнтр даследванняў грамадзянскай супольнасці.
На пляцоўцы сабралася каля паўсотні чалавек, каб убачыць унікальныя гістарычныя фотаздымкі. Сярод іх таксама — вядомыя абаронцы Курапатаў.
На жаль, арыгіналы фотаздымкаў не захаваліся. Архіў фотамастака пакуль алічбаваны часткова. Але і гэтую частку атрымалася захаваць цудам. Калі Уладзімір Сапагоў памёр ад інсульту ў 2012 годзе, усе фотаздымкі былі выкінутыя на сметнік, але яго сябрам удалося выратаваць калекцыю негатываў.
Імпрэза на “Тэрыторыі правоў” адкрылася вершам пісьменніка Анатоля Сыса “Адпусціце мяне, Курапаты”. Ён з’яўляўся адным з удзельнікаў Таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя", якія і падалі заяўку на першы масавы мітынг у Беларусі “Дзяды-88”.
Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі адзначыў, што менавіта ў той перыяд быў зроблены моцны штуршок для стварэння дэмакратычнага руху Беларусі. Незадоўга да “Дзядоў” былі ўтвораныя арганізацыя “Мартыралог Беларусі” і аргкамітэт Беларускага народнага фронту.
“Незалежнасць не ўпала проста так беларусам, як многія кажуць. Змаганне пачалося ў 80-х гадах”, — адзначыў Бяляцкі.
Старшыня “Вясны” ўзгадаў і правядзенне першага шэсця ў Курапатах “Дзяды-88”, як аднаго з самых масавых мірных мітынгаў на прасторы тагачаснага СССР. Але ён быў жорстка разагнаны ўладамі — з выкарыстаннем спецтэхнікі. Самога Алеся тады хутка затрымалі.
“Курапаты — моцны ўдар па той уладзе. У 1988-м годзе беларусы ўпершыню за 70 гадоў кінулі выклік уладзе”, — узгадвае Алесь Бяляцкі.
На выставе можна ўбачыць фотаздымкі першага крыжа ў Курапатах — Крыжа Пакуты, які захаваўся там і дагэтуль.
“Ён быў сімвалам пэўнай маральнай перамогі і памяці бязвінна расстралянных людзей”.
Вядома, што гэтае супрацьстаянне працягваецца і сёння. Нашая выстава нечакана атрымала сучасны працяг. Тое, што адбываецца ў апошнія месяцы, нагадвае, наколькі гэта для ўсіх беларусаў святое месца”.
Падчас адкрыцця выставы выступіла і старшыня Цэнтра даследванняў грамадзянскай супольнасці Паліна Сцепаненка, якая таксама ўзгадала падзеі 1988 года, у прыватнасці эксгумацыю ў Курапатах, на якой яна была асабіста.
На выставу былі запрошаныя людзі, якія з’яўляліся сведкамі тых падзеяў. Выступалі падчас імпрэзы вядомы мастак Алесь Марачкін, праваабаронца Валер Шчукін.
Нібы сышоўшы з фатаграфіі Сапагова, выступіў Зміцер Марчук. На чорна-белым фотаздымке ён на мітынге 20-гадовы хлопчык з павязкай на галаве побач з Зянонам Пазняком.
Адзначыў на імпрэзе юрыдычныя акалічнасці Курапатаў юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка. Ён распавёў, як год таму накіроўваў запыт у пракуратуру адносна эксгуміраваных парэшткаў з Курапатаў, але ведамства праігнаравала яго зварот.
Фотавыставу “Курапаты, Дзяды-1989. 30-ыя ўгодкі шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты” можна наведаць на "Тэрыторыі правоў" па адрасе: г. Мінск, вул. Ложынская,16, памяшканне 404 (ст. метро "Уручча") |
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96