viasna on patreon

Жанна Літвіна: ад працы на радыё да праваабароны адзін крок (частка 3) Фота

2018 2018-07-16T17:35:22+0300 2018-07-17T08:44:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/litvina_bazh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Вясна” схадзіла ў госці да вядомай абаронцы правоў журналістаў Жанны Літвіной, каб даведацца пра яе асабісты шлях да праваабароны. Як БАЖ, адзіная беларуская арганізацыя, атрымала прэмію «За свабоду думкі» імя Сахарава? Як быў зарэгістраваны Дом правоў чалавека? Як БАЖ змагалася з рэпрэсіямі супраць беларускіх журналістаў? 

Жанна Літвіна

“Усе прэміі, якія мы атрымалі, з’яўляліся ахоўнай граматай унутры краіны”

— Пры БАЖ пэўны час дзейнічаў Цэнтр прававой абароны СМІ, які ўзначальваў Міхаіл Пастухоў. Мы былі вельмі шчаслівыя і ўдзячныя, калі экс-суддзя канстытуцыйнага суда прыйшоў працаваць да нас у грамадскую арганізацыю. Пры Цэнтры юрыдычную дапамогу журналістам аказвалі таксама Ігар Рынкевіч і Андрэй Бастунец. У красавіку 1998 г. з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў пры падтрымцы Рады Еўропы мы правялі ў Мінску міжнародны семінар “Праблемы абароны правоў журналістаў у Беларусі”.

У 2010 годзе Цэнтр вымушаны быў спыніць сваю дзейнасць. 13 студзеня Міністэрства юстыцыі прызнала Цэнтр прававой абароны СМІ незаконным фарміраваннем, бо ён прама не прадугледжаны Статутам арганізацыі. Таксама Мінюст вынес папярэджанне, каб з пасведчанняў, якія БАЖ выдае сябрам, прыбралі неправамернае слова “PRESS”. Але, справядлівасці дзеля, трэба адзначыць, што Мінюст меў нейкую рацыю, бо згодна са Статутам сябрам БАЖ можа стаць як прафесійны журналіст, так і чалавек, які спрыяе журналісцкай дзейнасці. А калі на кожным пасведчанні напісана “Прэсса”, то сапраўды назіраецца некаторая супярэчнасць.

Жанна Літвіна і Міхаіл Пастухоў
Жанна Літвіна і Міхаіл Пастухоў. Фота прадастаўлена з архіву "БАЖ"

Адной з адметных асаблівасцяў БАЖа заўсёды з’ўлялася супраца з міжнароднымі журналісцкімі арганізацыямі. У 2010 годзе пратэстныя заявы па гэтаму папярэджанню прымалі шмат міжнародных суполак: “Рэпарцёры без межаў”, “Міжнародная федэрацыя журналістаў” і іншыя. У той перыяд, калі Беларусь была ў самаізаляцыі, утрымацца ўсё ж такі дапамагло менавіта супрацоўніцтва з міжнароднай журналісцкай супольнасцю.

Думаю, што ўсе прэміі, якія мы атрымалі, з’яўляліся своеасаблівай ахоўнай граматай унутры краіны. У 2003 г. Сусветная асацыяцыя газет узнагародзіла БАЖ “Залатым пяром Свабоды”, а ў снежні 2004 г. арганізацыя атрымала ад Еўрапарламента ўзнагароду імя Сахарава “За свабоду думкі”. Дзесяткі былі выпадкаў, калі ўлада была гатовая знішчыць БАЖ, але тая вядомасць сярод еўрапейскіх інстытутаў, змякчала рэпрэсіі супраць арганізацыі. Праблемы па знішчэнню БАЖа ды наогул праблемы, звязаныя са свабодай слова, першымі выйшлі за межы Беларусі. Менавіта ў нашай сітуацыі ўпершыню міжнародныя супольнасці спрабавалі паўплываць на рашэнні дзяржаўных структураў.

Жанна Літвіна на ўручэнні прэміі Еўрапарламента імя Сахарава “За свабоду думкі”, 2004 г.
Жанна Літвіна на ўручэнні прэміі Еўрапарламента імя Сахарава "За свабоду думкі", 2004 г. Фота прадастаўлена з архіву "БАЖ"

“Мала хто звяртае ўвагу на саму абсурднасць працэдуры пераследу блогераў і фрылансераў”

—  Кампанію за статус блогераў і фрылансераў БАЖ вядзе ўжо некалькі гадоў. Але і па сённяшні дзень гэта наша самая балючая кропка. Вельмі ўражвае лічба 2017 года: падчас ажыццяўлення сваёй прафесійнай дзейнасці былі затрыманыя 101 журналіст, большасць з якіх - фрылансеры. За мінулы год фрылансеры атрымалі штрафаў агульнай сумай на 25 тысяч еўра.

У змаганні за правы фрылансераў БАЖ востра адчувае сябе часткай міжнароднай журналісцкай супольнасці, у якой таксама існуе гэтая праблема. Дзякуючы міжнароднай дзейнасці, патрабаванні да беларускіх уладаў прызнаць журналістаў-фрылансераў на заканадаўчым узроўні, былі ўключаны ў рэзалюцыю Еўрапарламента. Двойчы экспертная група па фрыланс-журналістыцы Еўрапейскай федэрацыі журналістаў збіралася ў Мінску. І ў знак падтрымкі пацярпелых журналістаў-фрылансераў яны прапанавалі ў 2018 годзе прысвяціць міжнародны дзень салідарнасці журналістаў беларускім фрылансерам.

Да гэтага моманту назіраецца пераслед людзей, якія займаюцца зборам інфармацыі. На жаль, нам ніяк не удаецца зламаць гэтую манаполію на інфармацыю. Мала хто звяртае ўвагу на саму абсурднасць працэдуры пераследу блогераў і фрылансераў. Міліцыя, затрымліваючы фрылансера на месцы падзей, не прызнае яго журналісцкі статус і тое, што ён займаецца прафесійнай дзейнасцю па асвятленню падзеі. То бок, міліцыя нібы адмаўляе ў праве быць журналістам. Ён складае пратакол, які трапляе ў суд. А суд, у сваю чаргу, наадварот выносіць рашэнне на падставе таго, што журналіст ажыццяўляе журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі. Па арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь прадуглеждана адміністрацыйная адказнасць за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Але відавочна, што журналісты не ствараюць прадукцыю СМІ, гэта робіць рэдакцыя. Журналіст проста збірае і рыхтуе матэрыял.

bazh-nevjadomy-hod.jpg
Жанна Літвіна ў офісе БАЖа. Фота прадастаўлена з архіву "БАЖ"

Эксперты БАЖ настойваюць на зменах у Закон аб СМІ адносна паняцця журналіст. Цяпер фармуліроўка носіць абмежавальныя рамкі, бо ў нас журналіст - гэта толькі той, хто звязаны працоўнымі дамовамі альбо іншай дамоўленасцю з рэдакцыяй. Па беларускім законе без пасведчання рэдакцыі ты не журналіст і ў цябе няма права збіраць інфармацыю.

“Сам факт, што існуе ціск на журналістаў, прыкмета таго, што незалежная журналістыка ў краіне існуе”

— Галоўнай перамогай БАЖа лічу тое, што колькі існуе гэтая арганізацыя, столькі існуе альтэрнатыва ўяўленню ўлады пра журналістыку, пра месца журналіста ў грамадстве. Асноўнай праблема ў Беларусі з’яўляецца тое, што чыноўнік бачыць у журналістах абслугу і механізм сваёй падтрымкі. Наш калега з Бабруйску Анатоль Самаценка аднойчы сказаў: “У Беларусі журналіст - мелкі чыноўнік па інфармацыйных даручэннях”. Напрыклад, у Літве існуе цэлая дэкларацыя аб адкрытасці дзяржаўных структур для журналістаў. У нашай краіне з савецкіх часоў практыка пайшла такім чынам, што журналісты з’яўляюцца толькі інфармацыйным забяспячэннем, то бок, яны павінны данесці толькі тую адзіную вузкую думку, якую прадыктуе ўлада.

БАЖ вырашае асноўны пласт праблемаў, звязаны з доступам да інфармацыі, з адкрытасцю нашых дзяржаўных структураў. Сам факт, што існуе ціск на журналістаў, прыкмета таго, што незалежная журналістыка ў краіне існуе.

Але за гэты час мы шмат чаго згубілі. Мы зведалі, што такое жорсткая помста за прафесійную дзейнасць (лёс Паўла Шарамета, Дзмітрыя Завадскага, Веранікі Чаркасавай). Гэтая кроў звязаная з помстай за журналістыку. І мы вяртаемся і будзем вяртацца да гэтай праблемы. І да таго часу, пакуль жывы хоць адзін сумленны журналіст, ён павінен далучаць свой голас да патрабавання да ўлады даць адказы, хто замоўца тых забойстваў, хто выканальнік. Нядаўна трапна падмеціў журналіст Кастусь Жукоўскі: “Нас дабіваць, што неба фарбаваць”. Ёсць людзі, якіх ужо проста не зламаць.

zavadski_akcy.jpg
Акцыя ў г. Мінску на плошчы Кастрычніцкай. Фота прадастаўлена з архіву "БАЖ"

“Калі ёсць глыбокае перакананне таго, што ты правы, можна і ў нас перамагаць”

— Зразумела, што Беларусь — краіна нязменнай улады, дзе па вялікім рахунку нічога не адбываецца. Вызначаная дзяржаўная палітыка ў дачыненні да СМІ з’яўляецца непахіснай. Таму пакуль можна цешыцца нейкімі маленькімі перамогамі. Так, напрыклад, беспрэцэдэнтны выпадак адбыўся ў 2016 г., калі юрыст БАЖа Алег Агееў дабіўся кампенсацыі маральнай шкоды для журналіста Антона Суряпіна. У 2012 г., будучы яшчэ студэнтам журфака, Антон тады проста выклаў у Інтэрнэт здымкі з цацкай мядзведзіка “плюшавага дэсанту”. І за гэта ён патрапіў пад вельмі сур’ёзны ціск. Антона трымалі за кратамі на Валадарцы больш за месяц. Некалькі месяцаў ён быў пад падпіскай аб нявыездзе. Справа, зразумела, рассыпалася. Як кажуць мае калегі: калі ёсць глыбокае перакананне таго, што ты правы, можна і ў нас перамагаць.

Добра, што яму далі давучыцца, не зламалі лёс маладому таленавітаму журналісту. У 2016 годзе суд Маскоўскага раёна г. Мінска часткова задаволіў пазоўныя патрабаванні ў кампенсацыі маральнай шкоды. Антон атрымаў на старыя грошы 8 млн. рублёў кампенсацыі. Пазней Мінфін абскарджваў рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе, але суд пакінуў рашэнне ў сіле, а скаргу - без задавальнення. Такога ў Беларусі больш не было.   

litvina_report.jpg
Жанна Мікалаеўна дагэтуль захоўвае у сябе на лядоўне гэты магніт "плюшавага дэсанту" ў памяць аб справе Антона Сурапіна

“Самым галоўным у кампаніі за адмену дыфамацыйных артыкулаў у Крымінальным кодэксу было тое, што людзі нарэшце адгукнуліся і мы дастукаліся да іх разумення”

— Пасля асуджэння ў 2002 г. за паклёп прэзідэнта рэдактара газеты “Пагоня” Міколы Маркевіча, Паўла Мажэйкі, за спробу паклёпу і абразу прэзідэнта Віктара Івашкевіча, БАЖ упершыню сутыкнуўся з крымінальным пераследам нашых калегаў. Мы тады распачалі вялікую кампанію за адмену дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу (367-369). 20 недзяржаўных газетаў надрукавалі звароты да сваіх чытачоў. Мы таксама збіралі подпісы: звярталіся з просьбай да грамадзян запоўніць анкету з пазначэннем сваіх разгорнутых дадзеных і даслаць у рэдакцыю. Дарэчы, ініцыятыва была адобраная Кансультацыйнай радай апазіцыйных партый. Да нас далучыліся дэпутаты Еўрапарламенту. Польская “Gazeta Wyborcza” ў знак салідарнасці з намі таксама разгарнула на сваіх старонках кампанію. Было сабрана каля 10 тыс. подпісаў. Група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў “Рэспубліка” паспрабавала ўнесці пытанне аб адмене дыфамацыйных артыкулаў крымінальнага заканадаўства у парадак дня сесіі. На жаль, на галасаванні так і не назбіралася дастатковай колькасці галасоў.

Мікола Маркевіч і Міхаіл Пастухоў у судзе
Міхаіл Пастухоў у судзе над Міколай Маркевічам, 2002 г. Фота прадастаўлена з архіву "БАЖ"

Адной з праблемаў нашага грамадства з’яўляецца адсутнасць разумення каштоўнасці для іх неадцэнзураванай інфармацыі. Зачыняюць газеты, садзяць журналістаў, а грамадства знаходзіцца нібы ў баку. Самым галоўным у той кампаніі за адмену дыфамацыйных артыкулаў у Крымінальным кодэксу было тое, што людзі нарэшце адгукнуліся і мы дастукаліся да іх разумення.

Да 2002 года юрысты БАЖа перамагалі ў трох чацвёртых судовых працэсаў над журналістамі. Як казаў Андрэй Бастунец, цяперашні кіраўнік арганізацыі: “Усё безнадзейна, калі ёсць палітычная замова, тады судовы працэс вырачаны”.

“Жанна, забірайце гэтыя дакументы, бо такая арганізацыя ў Беларусі бліжэйшым часам ні ў якім разе не можа быць зарэгістраваная”

— Ідэя стварэння Беларускага дома правоў чалавека прыйшла звонку. Як я ўжо казала, недзяржаўным грамадскім арганізацыям дапамагала супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. Вельмі запомніўся прыезд Марыі Далі, прадстаўніцы Нарвежскага дома правоў чалавека. Яна падзялілася з намі вопытам стварэння сеткі дамоў правоў чалавека. Гэта было настолькі цікава! Некалькі ўплывовых праваабарончых арганізацый Беларусі вельмі захапіліся ідэяй, што мы можам аб’яднацца яшчэ і на тэрытарыяльным узроўні. Адразу пачалі марыць, што ўсе нашыя офісы можна размясціць ў адным Доме. Бо, як вядома, адвечнай праблемай недзяржаўных арганізацый з’яўляецца тое, што іх ганяюць з аднаго офіса ў іншы. Вельмі прывабная ідэя была.

Мы спрабавалі двойчы зарэгістравацца ў Мінюсце. Мяне тады адправілі з дакументамі ў Мінюст, каб я дазналася пра агульную сітуацыю і настрой дзяржаўных органаў. Але мне тады прамым тэкстам сказалі: “Жанна, забірайце гэтыя дакументы, бо такая арганізацыя ў Беларусі бліжэйшым часам ні ў якім разе не можа быць зарэгістраваная”. Тады мы сталі шукаць магчымасці адкрыць такі дом па-за межамі Беларусі.

Для мяне светлым прыкладам было адкрыццё “Радыё Рацыя”, калі на голым асфальце ў чужой краіне без мовы паўстала тая структура. Так і нарадзілася ідэя стварэння БДПЧ у Літве. Дарэчы, “Радыё Рацыя” ў свой час быў унікальным праектам. Вяшчанне ў Беларусі з Польшчы — здавалася нам нечым немагчымым. На той момант было цяжка ўявіць, што такое магло быць і стаць рэальнасцю. Але ў 2001 годзе пасля амерыканскай трагедыі з бамбёжкай хмарачосаў донарская палітыка ў дачыненні да Усходняй Еўропы і краін былога Савецкага саюза змянілася. І таму першая рэдакцыя “Радыё Рацыя” проста лопнула. Яны былі цалкам пазбаўленыя магчымасці атрымліваць фінансаванне. Яны былі вымушаныя часова спыніць сваё вяшчанне.

Пакуль шла рэгістрацыя Дома, дзесьці два месяцы я была яго Прэзідэнтам. Вельмі шмат зрабіў для прасоўвання гэтай ідэі Барыс Ігаравіч Звозскаў, які і стаў сапраўдным першым Прэзідэнтам БДПЧ. Гэта чалавек-сімвал у беларускім праваабарончым руху. Я вельмі радая, што зуснавальнікі Дома аднагалосна ўхвалілі ідэю назваць дом яго імем. Гэткая даніна павагі да ўсяго, што ён зрабіў.

“Ну, Літвіна, ты даеш: выстаяла супраць цэлай сістэмы!”

— У 2012 годзе на тэлеканале «Беларусь-1» з мэтай дыскрэдытацыі мяне, як кіраўніцы БАЖ, выйшаў фільм “БАШ на БАЖ”. Шчыра кажучы, я вельмі ўдзячная той прапагандысцкай перадачкі. Хоць на яе было патрачана шмат сіл і нерваў. З’езд БАЖа пасля той праграмы быў адзін з самых нецікавых, бо кожнае рашэнне, якое б не выносілася на галасаванне, праходзіла стоадсоткава. Гэта быў кранальны момант.

Канешне, тая правакацыя супраць мяне не спрацавала. Людзі ўсё разумелі. Мяне адзінае, што тады хвалявала, гэта сваякі мужа ў Столінскім раёне. Як яны да гэтага ўсяго аднясуцца... Кожнаму не патлумачыш, чым ты займаешся і чаго менавіта пра цябе тэлебачанне такі блокбастар выдала. Я вельмі ўдзячная калегам, партнёрскім арганізацыям за тую падтрымку. Адзін з калегаў, кіраўнік дзяржаўнага выдання на нейкім святочным прыёме, падышоўшы да мяне, прамовіў: “Ну, Літвіна, ты даеш: выстаяла супраць цэлай сістэмы!” Відаць, каб была доля праўды ў той праграмке, то ўсе б паводзілі сябе па-іншаму. Дапамагла справіцца з той сітуацыяй яшчэ ўпэўненасць, што маё сумленне чыстае, і што жыццё прысвечанае правільнай справе.

brussel.jpg
Жанна Літвіна ў Бруселе на 30-годдзі Прэміі Сахарава, 5 чэрвеня 2018 года. Фота прадастаўлена Жаннай Літвіной.

Жанна Літвіна: ад працы на радыё да праваабароны адзін крок (частка 1)

Жанна Літвіна: ад працы на радыё да праваабароны адзін крок (частка 2)

Партнёрства

Сяброўства