Праз фізіку і філасофію — да абароны правоў чалавека (частка 1) Фота
Мы з'ездзілі ў вёску каля Смалявіч, каб шчыра паразмаўляць з вядомай праваабаронцай Таццянай Процькай пра тое, як яна прыйшла да абароны правоў чалавека, як заснавалася вядомая грамадская арганізацыя БХК, з якімі складанасцямі сутыкаліся праваабаронцы на пачатку 2000-х, і вырашэннем якіх праблем займалася грамадзянская супольнасць у часы станаўлення незалежнай Беларусі.
“На кожным этапе жыцця галоўным было тое, што дыктаваў час”
Вядома, што на праваабаронцаў не вучаць ва ўніверсітэтах ды інстытутах. У кожнага свая гісторыя на гэтым няпростым, пакручастым шляху. Таццяна Процька дзеліцца сваім жыццёвым шляхам, які прывёў яе ў шэрагі абаронцаў правоў чалавека ў Беларусі.
— Вышэйшая адукацыя ў мяне — фізічны факультэт. Займалася радыяцыйнымі дэфектамі ў крэмню. І калі здарылася аварыя ў Чарнобылі, мне як фізіку была зразумела сітуацыя, чаму так зрабілася, і чаму дзяржава закрывала гэтую катастрофу людзьмі, а не робатамі. Мне давялося працаваць з акадэмікам Міхаілам Эльяшэвічам. Нашыя сумесныя працы друкаваліся ў выбітных на тыя часы саюзных часопісах.
Перад тым як паступіць у аспірантуру ў Акадэмію навук у Інстытут філасофіі і права па філасофскім праблемах прыродазнаўства, паўгады працавала на кафедры ядзернай фізікі ў Станіслава Шушкевіча. Тэма маёй кандыдацкай — “Змена структуры фізічных ведаў у працэсе іх развіцця”.
Ужо кандыдатам філасофскіх навук мы з калегамі арганізавалі праграму “Развіццё навукі і культуры Беларусі да 1917 году”. Па савецкай дактрыне лічылася, што Беларусь да 1917-ага году ўвогуле не існавала і тут была “цьмутаракань”. Да даследавання далучыліся вядомыя беларускія навукоўцы, якія працавалі ў Акадэміі. І ў выніку ў нас атрымалася, што ўсё ж такі ў Беларусі ў ранейшыя часы навуковая думка “квітнела пышным колерам”, і толькі царызм прыгнятаў і не даваў арганізаваць вышэйшую навучальную ўстанову.
Але далейшае даследванне гэтай тэмы залежыла ад дазволу партыі. Так, рэдкалегію аднойчы выклікалі ў ЦК КПБ. Наша група даследчыкаў, якая складалася з акадэмікаў і навукоўцаў, моўчкі чакала вердыкт. Мне тады было вельмі непрыемна, што нейкі “партыйны функцыянер” такіх паважаных людзей стругае як дзяцей. І я падумала, што мне, як аспіранту, губляць няма чаго, і высказала гэтаму сакратару ўсё, што думала. Памятаю, ён стаяў тады моўчкі і павольна паліў у фортку. Мяне падтрымалі нашыя акадэмікі, бо ім ўжо сорамна стала. Тады калегі казалі мне: “іншых трэба падганяць, каб працавалі, а цябе неабходна стрымліваць”. Нам далі дазвол на далейшае даследванне, і больш таго, мне дазволілі працаваць з архівам КДБ. А ў тыя часы гэта было амаль немагчыма! Але падчас гэтых прац я схуднела на 8 кілаграмаў…
Гэта быў мой першы значны сур’ёзны ўчынак на карысць беларускага грамадства.
Таму я не магу сказаць, што для мяне першаснае з жыццёвых інтарэсаў, бо на кожным этапе жыцця галоўным было тое, што дыктаваў час. Так і фізіка, і філасофія, і метадалогія, і праваабарона…
“Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін паабяцалі, што знойдуць фінансаванне на выданне кніжкі, калі я буду займацца праваабарончай дзейнасцю”
— Калі скончыла аспірантуру, то па выніках працы ў Акадэміі напісала кнігу пра станаўленне савецкай таталітарнай сістэмы ў Беларусі (1917-1941 гг.), але не магла знайсці фінансаванне на яе выданне: ніхто не хацеў друкаваць.
У самой кнігі пазначаецца:
“Кніга была скончана ў 1994 г. і, як належыць, прадстаўлена на абмеркаванне аддзела ў Інстытуце гісторыі. Мне прапанавалі палепшыць работу - напісаць пра ўсё добрае, што было ў міжваенны перыяд, пра магутную савецкую дзяржаву, якой ганарыліся, якую баяліся ворагі і якое перамагло фашызм... Але калі рукапіс у палепшанным варыянце быў прадстаўлены на абмеркаванне, вырашылі, што трэба яшчэ папрацаваць. Рэкамендацыя кнігі да друку і абарона доктарскай дысертацыі былі адкладзеныя на нявызначаны тэрмін”.
І тады нашыя выдатныя пісьменнікі і грамадскія дзеячы Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін паабяцалі, што знойдуць фінансаванне на выданне кніжкі, калі я буду займацца праваабарончай дзейнасцю. Так я і вымушана была, можна сказаць, стаць праваабаронцай (смяецца).
Адразу я была не ўпэўнена ў юрыдычных пытаннях, уважліва прыслухоўвалася да юрыстаў, але за часы працы вывучыла ўсе асноўныя праваабарончыя дакументы. Пры гэтым ўсё роўна падыходзіла да праблем як навуковец: аналізавала як можа працаваць той ці іншы дзяржаўны ці міжнародны інстытут, якія ў яго плюсы, якія мінусы, праглядала тэндэнцыі.
“Але пры рэгістрацыі арганізацыі нам сказалі: “Прад’явіце гэтую Дэкларацыю!”
Станаўленне і развіццё “Беларускага Хельсінкскага Камітэта” ажыццяўлялася з актыўным удзелам яго першага кіраўніка Таццяны Процькі. Ідэя яго стварэння была агучана на адной з міжнародных канферэнцый з удзелам Беларусі ў траўні 1995 г. Праз некаторы час спіс заснавальнікаў арганізацыі складаў ужо больш за 50 чалавек, сярод якіх такія сусветна вядомыя прозвішчы, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Святлана Алексіевіч, Карлас Шэрман, Уладзімір Арлоў, Генадзь Бураўкін, Павел Шарамет і іншыя. Таццяна Сяргееўна ўспамінае, з якімі складанасцямі сутыкнуліся стваральнікі Беларускага Хельсінкскага камітэту.
— На канферэнцыі Міжнародная хельсінкская федэрацыя звярнулася да нас з прапановай арганізаваць праваабарончую арганізацыю, якая будзе інфармаваць міжнародную супольнасць пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, весці маніторынг тых пазіцый, якія ўваходзяць у хельсінкскія пагадненні і іншыя міжнародныя дамовы, падпісаныя Беларуссю. Тым самым мы мусілі аказваць уплыў на дзяржаву ўжо звонку, каб ішлі паляпшэнні ў бок дэмакратычных зменаў. Для рэгістрацыі рэспубліканскай арганізацыі павінна было быць не менш 50 чалавек, большасць з якіх — рэгіёны.
“Хроснымі бацькамі” беларускага камітэта лічацца кіраўнікі Балгарскага хельсінкскага камітэта. Яны даслалі нам Устаў сваёй арганізацыі, праўда, на балгарскай мове. Я яго пераклала і мы зрабілі свой Статут. Потым яны дапамагалі нам уступіць у Міжнародную хельсінкскую федэрацыю ў 1997 годзе.
Справа шла даволі хутка. Ужо ў кастрычніку 1995 году мы правялі агульны сход. Гэтым у большасці займалася я з дапамагой ПЭН-Цэнтра. У Статуце пазначана, што мы базуемся на Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Але пры рэгістрацыі арганізацыі нам сказалі: “Прад’явіце гэтую Дэкларацыю!” У Беларусі яе было складана знайсці. І я ўспомніла, што ў нейкай навуковай кніжцы, з якой я працавала як філосаф, у якасці прыклада была прадстаўлена Дэкларацыя. Мы скапіявалі яе проста з кніжкі. Гэта адзіная сур’ёзная праблема, з якой мы сутыкнуліся пры рэгістрацыі.
“БХК мы зарэгістравалі ў рэкордна кароткі тэрмін”
— Раней жа надрукаваць нейкую паперу было праблемай, бо ў 90-х мала ў каго былі машынкі для друкавання. Гэта зараз на кампутары можна хутка набраць тэкст. Пры рэгістрацыі, як правіла, узнікаюць пытанні па дакументах тэхнічнага характара. Прыемна было, што людзі, якія працавалі ў міністэрстве юстыцыі, самі падыходзілі да нас і прапаноўвалі сваю дапамогу: “Давайце мы вам выправім недахопы і апіскі”. БХК мы зарэгістравалі ў рэкордна кароткі тэрмін. Такой хуткасці па рэгістрацыі не было ні ў адной беларускай арганізацыі.
“За гэтыя 23 гады шмат чаго згубіла і дзяржава, і грамадзянская супольнасць”
— Людзі вельмі добра паставіліся да самой ідэі стварэння новай праваабарончай арганізацыі. БХК займаўся шматлікімі выпадкамі парушэння правоў чалавека. З’явіліся першыя грамадскія прыёмныя, якія працуюць дагэтуль. Тады яшчэ не было такога расчаравання - была надзея. За гэтыя 23 гады шмат чаго згубіла і дзяржава, і грамадзянская супольнасць. Канешне, цяпер людзі болей адукаваныя, больш ведаюць пра свет, але ў іх няма ўжо той надзеі, якая была раней.
“У 90-я гады распаўсюджванне Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека з’яўлялася страшнай апазіцыйнай дзейнасцю”
Стварэнне і ўмацаванне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі значна палепшыла разуменне правоў чалавека. Але ў 2000-х гадах адбыўся крызіс у яго ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі Беларусі, а ўжо ў 2004 годзе супраць Таццяны Сяргееўны, як старшыні праваабарончай арганізацыі БХК, і яе бухгалтаркі Таццяны Рудкевіч узбудзілі крымінальную справу за нявыплату падаткаў.
— У 90-я гады стаўленне да Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека было неадназначным. Яе распаўсюджванне лічылася страшнай апазіцыйнай дзейнасцю. Але ў пэўным сэнсе БХК змяніў сітуацыю. Менавіта з ініцыятывы сяброў БХК была прыцягнута ўвага грамадства да гэтага дакумента. І ўжо ў 2000-х, напрыклад, калі давалі пашпарты паўналетнім, то дарылі маленькія надрукаваныя кніжкі - Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека.
Напачатку дзейнасці БХК яшчэ была магчымасць паўплываць на ўладу, пакуль ідэя дыялогу ўлады і грамадзянскай супольнасці не была загублена і не сфарміравалася жорсткае супрацьстаянне паміж імі.
Першапачаткова дзяржава была бліжэй да грамадзянскай супольнасці. Можна было спакойна патрапіць да міністра юстыцыі. Колькі я да яго хадзіла вырашаць нейкія пытанні! Цяпер паспрабуй трапіць да яго на прыём.
Зразумела, што ў нас аўтарытарная дзяржава. Але трэба знаходзіць шляхі да нармальнай дзейнасці ў такіх умовах. Ідзе дождж, і што ты будзеш - пляваць у неба? Не можаш паўплываць на змену надвор’я? Прыстасоўвайся! Бяры парасон і ідзі!
У 2002-2005 гадах улада проста накрыла грамадзянскую супольнасць коканам, то бок перакрыла ўсе крыніцы фінансавання, а ў выніку выціснула з легальнага поля дзейнасці.
На той момант, мы былі адзінай арганізацыяй, якая мела разліковы рахунак і легальнае фінансаванне. Але і па гэты дзень за гэтае прыходзіцца адказваць...
Працяг чытайце ў другой частцы артыкула.