viasna on patreon

"Калонія на час няволі – гэта дом. І ў гэтым доме няма ніводнага кутка, дзе ты гаспадар", — экс-палітвязень Даніла Ганчароў

2023 2023-04-11T16:50:00+0300 2023-04-12T11:54:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vjasna_komiks_1_volha-prankevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

30-гадовага мастака па асвятленні Данілу Ганчарова асудзілі па “народным” артыкуле ў 2021 годзе. За два гады няволі ў ПК № 17 мужчына даведаўся пра розныя рэжымы калоніі і адчуў на сабе стаўленне адміністрацыі да палітычных зняволеных, убачыў, што такое сапраўдны абсурд і навучыўся яднацца вакол творчасці ў няволі. Засвоіў прафесію краўца і даказаў іншым вязням, што палітычныя не “ср*ная інтэлегенцыя”. Пра гэта і іншае былы палітвязень распавёў "Вясне". 

Прызнанне віны ў судзе і прымус падпісаць прашэнне аб памілаванні

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Пачынаем адразу са спрэчнага пытання, ці прызнаваць віну ў судзе. Даніла дзеліцца сваім катэгарычным меркаваннем.

“На маю думку, прызнанне віны на тэрмін ніяк не ўплывае. Гэта чыстай вады рандамайзер. Колькі яны вырашылі даць, столькі яны і далі. Непрызнанне грае сваю ролю ўжо пасля ў няволі. Адміністрацыя калоніі імкнецца зрабіць усё, каб ты змяніў сваё меркаванне і падпісаў адпаведны дакумент (прашэнне аб памілаванні — заўв. рад.).

Сярод тых, хто зараз адбывае пакаранне, ёсць розныя меркаванні наконт прызнання ці непрызнання віны. Напрыклад, палітычны прызнае віну — і да яго больш лаяльна ставіцца адміністрацыя. І гэта выклікае пытанні ў тых, хто яе не прызнаў. Увогуле, шмат хто з палітычных трымаюцца за сваю пазіцыю, маўляў, “глядзіце, мы не зламаліся”. І да тых, хто прызнаў, ставяцца з пагардай. Тыя, хто яе прызнае, часцей за ўсё пасля ідуць насустрач адміністрацыі і паводзяць сябе час ад часу не вельмі прыемна. Напрыклад, адно аднаго закладаюць. Будзем шчырыя, нешта я сумняюся, што за прызнанне віны дужа скасуюць тэрмін”.

Маўчаць ці казаць?

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

У адным з інтэрв’ю Даніла казаў, што пасля апублічвання дэталяў зняволення адміністрацыя калоніі яшчэ больш цісне на палітвязняў. Але некаторыя прытрымліваюцца меркавання, што замоўчванне катаванняў грае толькі на руку ўладам. Дык ці трэба апублічваць факты жорсткага абыходжання ў калоніі?

"Я лічу, што казаць трэба. Калі чалавек можа сабе дазволіць, варта апублічваць тое, што робіцца ў засценках калоніі. Не трэба гэта замоўчваць, мы ўжо 30 гадоў замоўчваем.

Чым больш ціску з боку Еўропы на рэжым, тым больш людзі ўнутры краіны пакутуюць. Так што ў любым выпадку трэба распавядаць пра катаванні і жорсткае абыходжанне. Вядома, не трэба казаць пра розныя лазейкі, якія аблягчаюць вязням жыццё ў калоніі.

Пасля трагічнага выпадку з Вітольдам Ашуркам адміністрацыя калоніі стала сябе паводзіць больш асцярожна. Яны таксама нечага асцерагаюцца. І гэтага агалошвання яны ўсё ж такі баяцца. Калі б ім было ўсё роўна, адміністрацыя не выклікала б вязняў да сябе на дыван перад вызваленнем і не прасіла б нікому нічога не распавядаць пра калонію".

Black and red: прэсінг “блатных” ці безабароннасць перад адміністрацыяй калоніі

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

“Некаторым “блатным” асуджаным, якія сядзелі яшчэ пры старым рэжыме, не падабаецца, што зона стала “чырвонай” . Яны пазбавіліся ўлады. Але большасці звычайных вязняў, якія вымушаныя былі доўгі час выжываць у “чорных” умовах, то бок, паводле парадкаў “блатных”, пераход на новы рэжым падабаецца. Бо з іх спаў прэсінг “аўтарытэтных” вязняў. Агулам, гэта супярэчлівая сітуацыя. “Чырвоны” стэрыльны рэжым адміністрацыі — ён людзям дыхаць не дае. У чалавека няма вольнага часу, ён увесь час залежыць ад адміністрацыі і знаходзіцца ў стрэсе. Адміністрацыя мае ўсе рычагі шантажу і ціску, якімі актыўна карыстаецца. Зняволены цалкам безабаронны. Гэта страшна. Таму добрага ў “чырвоным” рэжыме таксама мала.

Напрыклад, падчас шыхтавання трэба гадзіну стаяць на вуліцы апранутым цалкам у форму. Калі на вуліцы 30-градусная спёка, здароўе не вытрымлівае. Пры мне быў выпадак, калі чалавек з суседняга атраду страціў прытомнасць і ўпаў на зямлю. Усё ж такі гэтых людзей асудзілі да пазбаўлення волі, а не здароўя”.

Прыклады ціску ў калоніі

“Каб выканаць адно правіла, ты вымушаны парушыць іншае”

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Вытрымка з Правілаў унутранага распарадку (ПУР):

57.6. Содержать в чистоте жилые помещения, рабочие места, в опрятном виде одежду, по установленному образцу заправлять постель, соблюдать правила личной гигиены, иметь короткую стрижку волосистой части головы, своевременно брить лицо, хранить продукты питания и предметы первой необходимости в специально оборудованных местах и помещениях (чемоданы, рюкзаки, сумки, вещевые мешки должны содержать сведения о владельце и перечень имущества, подписанный осужденным, начальником отряда и работником режимного отдела учреждения).

Даніла распавёў, што адміністрацыя калоніі стварае такія ўмовы, пры якіх вязні увесь час жывуць у стрэсе. Нявольна параўноўваю з нагодамі для стрэсу на волі і прашу Данілу прывесці некалькі прыкладаў. Каб зразумець усю абсурднасць парушэнняў вязнямі ПУР і патлумачыць чалавеку на волі, як жыве і што адчувае зняволены, мы спыняемся больш дэталёва на некалькіх выпадках з паўсядзённага жыцця вязня ў калоніі.

“У калоніі ёсць правілы ўнутранага распарадку, паводле якіх жывуць усе вязні. Яны складзены такім чынам, што для таго, каб іх выконваць, табе трэба іх парушыць. Напрыклад, ты атрымаў “палажняк” (адзін камплект вопраткі, які належыць атрымаць кожнаму вязню — заўв. рэд.): кліфт (пінжак — заўв. рэд.), штаны, майку. Гэтую вопратку ты павінен трымаць у належным стане. Але ты не можаш, напрыклад, папраць яе, бо ў цябе няма іншай. Каб выйсці з сітуацыі, можна, напрыклад, узяць на час адзенне ў суседа. Але правіламі гэта забаронена. Такім чынам, ты вымушана парушаеш правілы. Адміністрацыя калоніі ставіць цябе ў такое становішча, што, каб выканаць адно правіла, ты вымушаны парушыць іншае. Наглядчыкі нібыта заплюшчваюць на гэта вочы. Але ўвесь час нагадваюць: “Мы за вамі сочым!”. Кожны вязень разумее, што як толькі ён не спадабаецца пэўнаму наглядчыку, альбо ў адміністрацыі не будзе выкананы план па парушэннях, яго могуць пакараць. Напрыклад, за тое, што ён праў свой адзіны камплект вопраткі.

Таксама ў калоніі караюць, калі вязні ляжаць днём на ложку. За гэта адпраўляюць у ШІЗА.

“Іншы абсурдны прыклад прымянення штрафных санкцый. Супрацоўнік можа першым павітацца з вязнем і адразу ж абвінаваціць яго ў тым, што не павітаўся. Гэтага дастаткова, каб накіраваць у ШІЗА, пазбавіць пасылкі ці спаткання з роднымі”.

Гісторыя пра тое, як своечасова не пагаліўся

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Штодзень па буднях, а шостай раніцы, мы ідзем працаваць на прамзону. Гісторыя адбылася ў адзін з такіх дзён. Якраз у той час адміністрацыя забараніла браць на працу будзь-якія прылады для галення. Таму перад выхадам я пагаліўся. Хаця на прамзоне, у адрозенне ад барака, ёсць гарачая вада. У той дзень запісаўся на падоўжаную смену працягласцю 12 гадзін. То бок мусіў вяртацца ў барак бліжэй да 19 гадзіны. За дзень у мяне адрасла шчаціна. Па вяртанні наглядчык адразу ў мяне спытаў, чаму я непаголены. Але я болей за 12 гадзін быў у прамзоне, у якую забаранілі праносіць прылады для галення. За гэта мяне пазбавілі спаткання з роднымі. Агулам вязням у калоніі належыць чатыры працяглых спаткання, і чатыры – кароткатэрміновых. Але праз падобныя “парушэнні” за ўвесь час зняволення я змог скарыстацца толькі адным”.

“Парушэннем стала нефармальная прыяцельская размова з кіраўніком атраду”

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

“Напачатку вайны вязням перасталі выдаваць дазволы на спатканні. Я так разумею, паступіла адмысловае распараджэнне зверху, каб палітычныя былі пазбаўленыя магчымасці бачыцца з роднымі. У той час я згодна графіку дзяжурстваў прыбіраўся ў бараку. Заходзіць аператыўны супрацоўнік, вітаецца, я вітаюся ў адказ. Ён пачаў весці са мною прыяцельскую размову, а я не разумею, што адбываецца, чаму кіраўнік атраду раптам стаў размаўляць са мною “за жыццё”, чаго ніколі раней не бывала. Пасля прыязнай размовы ён на развітанне мне кажа, што я прадставіўся “не па форме” і каб за гэта напісаў “тлумачальную”. Праз два дні загадчык гаспадаркі мне паведаміў, што на мяне напісалі дакладную за тое, што не павітаўся. Я нават не зразумеў, што парушэннем стала тая нефармальная прыяцельская размова з кіраўніком атраду. За гэта мяне пазбавілі доўгатэрміновага спаткання”.

“Калонія на час няволі – гэта дом. І ў гэтым доме няма ніводнага кутка, дзе ты гаспадар”

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

“Калонія, барак на час зняволення становіцца для чалавека сапраўдным домам. Ён там жыве. І ў гэтым доме ў чалавека няма ніводнага куточка, дзе ён гаспадар. Ані твой ложак, ані тваё працоўнае месца ў прамзоне - цалкам адсутнічае зона бяспекі. У любую секунду ў тваю прастору могуць уварвацца і знайсці там “парушэнне””.

“Людзі там не ў арміі”

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

“Адміністрацыя стварае ўмовы, каб ты там жыў кожны дзень нібы ў арміі. Але людзі там не ў арміі. І шмат хто з вязняў трапляюць туды не на паўтара года. Кожны дзень трэба прачынацца без дзесяці шэсць, за дзесяць хвілін паспяваць пагаліцца і памыцца, затым бегчы на падлік. Пасля на прамзону, увечары з прамзоны. Усё гэта ў вельмі жорсткім рэжыме. У цябе афіцыйна тры вольныя гадзіны на дзень. І так без перапынку шмат гадоў. Ад гэтага людзі вар’яцеюць”.

Адно парушэнне – два розныя пакаранні

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

“У калоніі існуе такое паняцце, як прафілактычны ўлік. Усяго, здаецца, больш за 10 катэгорый, паводле якіх ставяць на прафулік. Вось самыя распаўсюджаныя. Трэцяя – схільнасць да агрэсіі , сёмая – схільнасць да суіцыду, яна ж і самая распаўсюджаная, дзясятая – схільнасць да экстрэмізму, гэта палітычныя.

Вязні з прафулікам заўсёды ходзяць наперадзе калоны, на грудзях носяць адпаведную жоўтую бірку. Да “жоўтых” заўсёды большая ўвага. Калі даходзіць справа да парушэння, палітычныя прафулікоўцы больш пакутуюць. Разгледзім сітуацыю. Напрыклад, чалавеку з сёмай катэгорыяй і мне, з дзясятай, даюць парушэнне за размову ў страі. То бок пагаварылі “сёмы” з “дзясятым”. Адна размова, адно парушэнне. Але яму прызначаюць пакаранне ў выглядзе так званага суразмоўя, якое праз тры дні “згарае” і не цягне за сабою ніякіх больш цяжкіх наступстваў. А мне, палітычнаму, даюць вымову, гэта рэальнае пакаранне. То бок, на момант, калі выпісваюць парушэнне, мы для адміністрацыі роўныя. Калі абіраюць пакаранне, дастаецца болей палітычным.

Вязень з прафулікам заўсёды мусіць быць больш пільным і асцярожным. Бо тых, хто з катэгорыяй прафуліку, і без нагоды “адстрэляць” (выпішуць парушэнне — заўв. рэд.). Напрыклад, днём у бараку на ложках спяць пяць чалавек, з якіх некалькі на прафуліку. Спачатку разбяруцца з тымі, у каго жоўтая бірка, а да астатніх справа можа і не дайсці.

Жыць у падобным стрэсе магчыма. Але гэта вельмі моцна адбіваецца на здароўі. Людзі ў такіх умовах паступова губляюць свядомасць. Псуецца характар, фізічнае здароўе. Адразу пасля вызвалення можа гэта і не адчуваецца, бо людзі на адрэналіне. Троху пазней усё гэта адгукнецца”.

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

РАСКЛАД (будні дзень)

Вось як выглядаў будні дзень Данілы ў калоніі № 17:

6:00 - 6:15 – пад’ём і руханка, ранішняя прыборка

6:15 - 6:30 – сняданак

6:30 -7:00 – шытхаванне, пералік

7:10 -8:00 – вязні выпраўляюцца на промзону

8.00 - 16:00 – праца на прамзоне

16:30 - 17:00 – прыборка ў бараку

17:00 - 17:30 – шыхтаванне/пералік

18:00 - 18:30 – вячэра

18:30 - 21:00 – адміністратыўныя мерапрыемствы, лекцыі, званкі і г.д. Часам шчасціць пазаймацца сваімі справамі

20:00 - 20:30 – вечаровая прыборка

21:00 – праверка тых, хто стаіць на прафуліку

21:00 - 22:00 – вольны час

22:00 - 6:00 – адбой

"Зранку і да 19 гадзіны вольнага часу ў вязня паводле расклада не прадугледжана. А цягам дня трэба і перакусіць, і дух перавесці, і кавы выпіць. На гэта ўсё набягае каля паўгадзіны. Ад сёмай і да дзясятай вечара пачынаецца адносна вольны час. Але ён адразу скарачаецца тым, што для прафулікаўцаў а 21:00 прадугледжана дадатковая праверка. Пасля дзявятай ужо трэба пачынаць рыхтавацца да сну. Таму апошняя вольная гадзіна сыходзіць.

Да таго ж, у вольны час адміністрацыя часам чытае вязням ідэалагічна-выхаваўчыя лекцыі. Яны з’ядаюць яшчэ гадзіну. Таксама адымаем гаспадарчыя справы. У выніку застаецца зусім няшмат часу на асабістыя справы і маляванне".

Творчасць у калоніі: клуб і маляванне

Малюнак Данілы Ганчарова, зроблены ў калоніі
Малюнак Данілы Ганчарова, зроблены ў калоніі

Палітвязень маляваў у бараку ў тыя вольныя тры гадзіны, якія заставаліся ўвечары.

 “Клуб знаходзіцца пры бібліятэцы. У ім могуць займацца розныя тэматычныя гурткі. Каб арганізаваць заняткі ў клубе, спярша трэба атрымаць у адміністрацыі дазвол. Заняткі праходзяць у вечаровы час, звычайна пасля 19 гадзіны. Быў час, калі палітычны зняволены ладзіў у клубе заняткі польскай мовы. Ён дамаўляўся, каб з волі дасылалі патрэбныя падручнікі. Незадоўга да пачатку вайны памяшканне бібліятэкі зачынілі на рамонт. А як пачалося поўнамаштабнае ўварванне, адміністрацыя перастала даваць дазвол палітычным (і асабліва тым, хто стаіць на прафуліку) збірацца ў клубе. Наведваць спартовы стадыён таксама забаранілі”.

У калонію прапускаюць матэрыялы для малявання, але, напрыклад, Данілу не дазволілі драўляны планшэт. Даводзілася маляваць на зэдліку, пакуль мужчына не змайстраваў планшэт. Таксама не прапускаюць гелевыя асадкі і любімыя Данілавы мяккія матэрыялы: соус, сангіну, пастэль. Фарбы перадавалі блізкія ў пасылках, або вязні набывалі іх у мясцовай краме.

Канкурэнцыя малюнкаў

Малюнак Данілы Ганчарова, зроблены ў калоніі
Малюнак Данілы Ганчарова, зроблены ў калоніі
Малюнак Данілы Ганчарова, зроблены ў калоніі
Малюнак Данілы Ганчарова, зроблены ў калоніі

Абмяркоўваем, ці даводзілася мужчыну вучыць маляваць іншых вязняў.

 “Зняволены, які адсядзеў пяць ці шэсць гадоў і цікавіўся б малюнкам, маляваць ужо дакладна ўмее. Трэба разумець, што вязень, які даўно ў няволі, вельмі рукасты чалавек. Ён і шыць умее, і з дрэвам працаваць, і рамонт рабіць, і маляваць, і нават заспявае, калі трэба. Таму канкурэнцыя там малюнкаў даволі вялікая.

Ёсць такая пасада з абсурднай назвай як начны днявальны. Гэта той, хто ноччу дзяжурыць у бараку. Яны за гэтыя шматлікія ночы зняволення, якія цалкам вольныя, падчас якіх няма з кім нават паразмаўляць, выдатна навучаюцца маляваць. Можа, іх малюнкі троху безгустоўныя, але, напрыклад, яны добра “лепяць форму”. Мне з маімі паўтара гадзінамі вольнага часу на дзень было цяжка канкураваць з начнымі дзяжурнымі”.

Распытваю Данілу, ці былі адваротныя прыклады — яднання вязняў вакол малявання.

“У мяне даволі хуткая пабудова малюнка, але я не люблю прамалёўваць святло і цень. Таму я дамаўляўся з начным дзяжурным, што я раблю “пабудову”, а ён ноччу накладзе цені. Агулам на некалькі атрадаў нас было пяць мастакоў”.

“Гэта вам не са сцягамі хадзіць. Тут працаваць трэба

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

У калоніі падчас адбывання тэрміну ўсе вязні павінны працаваць. У шклоўскай калоніі ёсць некалькі працоўных цэхаў: дрэваапрацоўчы, швейны і так званая “проволока” – там вязні разбіраюць металічны лом. Даніла працаваў у швейным цэху.

Мужчына разважае, ці варта працаваць на “сістэму”.

“Я згодны, што часам мае сэнс адмаўляцца ад працы ў калоніі. Але за гэта ты атрымаеш дадатковы тэрмін і паедзеш на “крытую”. Мне гэтага не хацелася. Можа хтосьці ўспрыме гэта як маладушнасць.

Праца ў калоніі патрэбная і каб папросту хутчэй шоў час. Усё адно табе не дадуць гэты вольны час выдаткаваць на сябе. Зрэшты, ты атрымліваеш карысную спецыялізацыю. Напрыклад, я навучыўся збіраць па лекалах адзенне. Прынамсі штаны пашыю”.

“Першы месяц палітвязень выглядае ёлупнем, якога ў сталовую за руку трэба весці”. Стаўленне іншых вязняў да палітычных

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Па словах Данілы, некаторыя непалітычныя вязні перадузята ставяцца да палітычных.

“Гэта вам не са сцягамі хадзіць. Тут працаваць трэба. Папрыходзяць гэтыя палітычныя. Нічога не ўмеюць. Інтэлегенцыя ср*ная”, — пераказвае Даніла словы некаторых непалітычных вязняў. Але за час працы стаўленне да яго і іншых змянілася ў лепшы бок.

Таксама, асуджаныя не па палітычных артыкулах часам не вераць, што ў адміністрацыі калоніі асаблівае стаўленне да палітычных.

“Нават у такім маленькім калектыве ёсць людзі, якія лічаць, што мы там у прывілеяваным стане. Трэба з імі размаўляць, тлумачыць рэальнае становішча.

Адміністрацыя ўвесь час кажа, што ў калоніі стаўленне да ўсіх аднолькавае. Калі хтосьці табе ўвесь час паўтарае, што ўсе на роўных, значыць, кагосьці абавязкова прыгнятаюць.

Палітвязня ўвесь час закідваюць у ШІЗА, не даюць завесці сяброўскія стасункі. Ён там сярод зняволеных не ведае, каму давяраць, хто яго можа закласці. Першы месяц проста галава круціцца, і палітвязень выглядае ёлупнем, якога ў сталовую за руку трэба весці. Я сам такім быў. У таких умовах складана адразу зарэкамендаваць сябе з лепшага боку”.

Звычкі з волі

vjasna_komiks_16_volha-prankevich.jpg
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Напрыканцы размовы мастак распавёў цёплую гісторыю пра свайго сабаку Сэпту.

“Я даўно маю старога сабаку Сэпту, якому 14 гадоў і якога давялося пакінуць у Беларусі. Калі быў у калоніі, то напрыканцы дня, вяртаючыся на барак, часта ўзгадваў, што зараз трэба выгуляць сабаку, а я ўжо стомлены пасля працы”.

Партнёрства

Сяброўства