viasna on patreon

Чатыры гады калоніі — у Мінгарсудзе агучылі прысуд палітзняволенай маці пяцярых дзяцей Вользе Залатар

2021 2021-12-03T11:37:03+0300 2021-12-03T11:46:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pyra.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 3 снежня вынеслі прысуд палітзняволенай маці пяцярых дзяцей Вользе Залатар. Яе прызналі вінаватай па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і навучанне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (дапамаганне да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Вольга не прызнала віну ні па ніводным артыкуле. Суддзя Анастасія Папко асудзіла Вольгу да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Гэта на год менш, чым прасіла ў суда пракурорка Жанна Баранава. На абвяшчэнні прысуду Вольга папрасіла суд агучыць усё абвінавачванне, якое заняла паўтары гадзіны.

Вольга Залатар з сям'ёй
Вольга Залатар з сям'ёй

Нагадаем, Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў яе дома правялі ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар. На волю яна так і не выйшла. Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэстную дзейнасць», яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты.

Як паведаміў адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, падчас допытаў Вольга заяўляла, што ў дзень затрымання да яе ўжывалася фізычная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах. Але ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факту збіцця Залатар было адмоўлена па прычыне таго, што "цялесныя пашкоджанні мелі месца да яе затрымання".

У судзе 15 лістапада зачыталі абвінавачванне па трох артыкулах КК Вользе, якое заняла каля 40 хвілін."Вясна" апублікавала поўны яго аўдыёзапіс.

25 лістапада кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце вырашыла, што адвакатка палітзняволенай Наталля Ванцовіч "не можа выконваць свае прафесійныя абавязкі з прычыны недастатковай кваліфікацыі". Адвакатке ставяць у віну разгалошванне дадзеных папярэдняга следства па справе Вольгі Залатар. Па словах Ванцовіч, яна гэтага не рабіла і будзе абскарджваць рашэнне. Пакуль яна працягвае абараняць Вольгу.

29 лістапада пракурорка Жанна Баранава запрасіла ў суда пакаранне для палітзняволенай – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вольга выступіла з моцным і шчымлівым апошнім словам палітзняволенай на судзе, якое яна сказала на беларускай мове.

3 снежня суддзя Анастасія Папко агучыла прысуд палітзняволенай Вользе Залатар – на год менш, чым прасіла пракурорка. Перад гэтым Вольга папрасіла суд агучыць усё абвінавачванне, якое заняла паўтары гадзіны.

Храналогія судовых працэсаў над Вольгай:

 "Арганізоўвала правядзенне сумеснага вольнага часу": у чым абвінавачваюць палітзняволеную маці пецярых дзяцей

У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапада распачаўся судовы працэс над палітзняволенай маці пецярых дзяцей Вольгай Залатар, якую ўтрымліваюць пад вартай ужо восем месяцаў.

"Цялесныя пашкоджанні мелі месца да яе затрымання": якую пазіцыю заняў СК па збіваннях і катаваннях палітзняволенай Вольгі Залатар

На судзе над палітзняволенай дапыталі сведак і даследавалі пісьмовыя матэрыялы справы, падчас якіх агучылі заключэнні экспертаў і матэрыялы праверкі з нагоды цялесных пашкоджанняў у Вольгі Залатар пасля затрымання.

Пракурорка запатрабавала пакараць шматдзетную маці Вольгу Залатар пяццю гадамі калоніі

Сёння пракурорка Жанна Баранава запрасіла пакаранне для зняволенай шматдзетнай маці – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

"Я хачу міра для сваёй роднай краіны", — Вольга Залатар у апошнім слове

У Мінскім гарадскім судзе сёння з апошнім словам выступіла палітзняволеная маці пецярых дзяцей Вольга Залатар.

Падтрымаць Вольгу лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Вользе Віктараўне Залатар (07.07.1983)

Последние новости

Партнёрство

Членство