Сваякі Дзмітрыя Фурманава абвясцілі галадоўку Audio
Сваякі палітвязня Дзмітрыя Фурманава – маці Вольга Фурманава і яго дзяўчына Вольга Каракіна – абвясцілі бестэрміновую галадоўку каля будынку СІЗА№1, што на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Яны патрабуюць вызваліць Дзмітрыя Фурманава, які быў затрыманы 29 траўня на пікеце ў Гродне разам з Сяргеем Ціханоўскім і іншымі. Акрамя гэтага, яны патрабуюць вызвалення людзей, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (1-ы завулак Акрэсціна, 36 у Мінску), а таксама спынення крымінальных справаў па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Сваякі Дзмітрыя прыехалі ў Мінск раніцай 26 ліпеня. Яны планавалі праводзіць галадоўку суткі, а затым прыходзіць кожны вечар па дзве гадзіны. Вольга Каракіна распавяла, што будзе трымаць галадоўку, колькі зможа. Прыехаў таксама і бацька Дзмітрыя Аляксандр Фурманаў. Ён не бярэ ўдзел у галадоўцы, бо мае інваліднасць.
Вольга Фурманава распавяла, што Дзмітрыя з моманту яго затрымання яны змаглі пабачыць толькі аднойчы – на судзе сёмага ліпеня ў Гродне, дзе яго, як і іншых фігурантаў “справы Ціханоўскага”, асудзілі на адміністрацыйны арышт. Суд праходзіў дыстанцыйна, праз Skype відэасувязь.
Паведамленне аб правядзенні галадоўкі Вольга Фурманава і Вольга Каракіна накіравалі старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, а таксама Старшыні адміністрацыі Прэзідэнта РБ, Старшыні Савета РБ, Міністру МУС РБ, старшыні Следчага Камітэта РБ, Начальніку СІЗА№1 г. Мінска, Генеральнаму пракурору РБ, Старшыні Вярхоўнага Суда, Прадстаўніку ААН па правах чалавека ў Беларусі, Прадстаўніку ЕС у Беларусі, Спецыяльнаму дакладчыку па правах чалавека ў Беларусі.