viasna on patreon

У Гродне на 15 сутак асудзілі Сяргея Ціханоўскага, на 10 — Дзмітрыя Фурманава. Як гэта было? Дапоўнена

2020 2020-07-01T18:00:00+0300 2020-07-01T18:13:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2020-07-01_cihanouski_grodna_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, першага ліпеня, у 9.30 распачаўся адміністрацыйны разгляд справы па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага. Зараз ён  абвінавачваецца па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня ў Гродне (за што і быў затрыманы ў той жа дзень, а зараз у сувязі з гэтым знаходзіцца ў СІЗА-1 у Мінску). За гэты ж інцыдэнт дадаткова распачата і адміністрацыйная справа, якая і разглядаецца сёння. Сяргей Ціханоўскі  ўдзельнічае ў судовым пасяджэнні праз відэа-сувязь.

Сяргей Ціханоўскі на судзепраз відэа-сувязь. Фота: Гарадзенская Вясна
Сяргей Ціханоўскі на судзепраз відэа-сувязь. Фота: Гарадзенская Вясна

Разгляд справы праводзіць суддзя Ленінскага раёну г. Гродна Юры Казакевіч, але само пасяджэнне праходзіць ў Гарадзенскім абласным судзе — бо менавіта там ёсць належнае тэхнічнае абсталяванне для “анлайн-фармату”.

За судом назіраюць гарадзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч.

2020-07-01_pravaabaroncy_na_sudze_cihan.
Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч

Адвакат Ціханоўскага Андрэй Шчэпяткоў папрасіў перапынак на 15 хвілін для канфідэнцыйнай размовы са сваім падабаронным.  Суддзя задавальняе, а пасля перапынку зачытвае пратакол адміністрацыйнага правапарушэння, складзены маёрам А. Пігульскім. Згодна з пратаколам Ціханоўскі 29 траўня 2020 года аказаў супраціў работнікам міліцыі Рахунку і Будніку. 

Сам Сяргей Ціханоўскі віны не прызнаў і заявіў, што яго ніхто дагэтуль не азнаёміў з пратаколам. Тады Суддзя агучыў нейкую даведку аб тым, што Ціханоўскага хацелі азнаёміць з пратаколам, але той адмовіўся. На што Ціханоўскі заявіў, што гэта ўсё хлусня. Пасля чаго заявіў разам са сваім адвакатам хадайніцтва аб тым, каб яму накіравалі ўсе матэрыялы справы для азнаямлення. Прадстаўнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксей Аляксінскі выступіў супраць гэтага. Суддзя настойвае на даверы міліцэйскай даведцы і не задавальняе хадайніцтва.

Ціханоўскі заяўляе наступнае хадайніцтва — аб парадку правядзення працэсу:  спачатку разгледзець пісьмовыя матэрыялы справы, а потым апытаць сведак. Але суддзя не задавальняе і яго і ўстанаўлівае наступны парадак: спачатку апытаць сведак, потым апытаць прадстаўніка УУС Гарадзенскага аблвыканкаму, а потым разгледзець пісьмовыя матэрыялы справы.

Першым выступает сведка  Рахунок (супрацоўнік АМАПу Гарадзенскага УУС аблвыканкаму). На пачатку ён сказаў, што не памятае ў які дзень і ў якую дату ўсё адбывалася. Адвакат звярнуў ўвагу на тое, што рапарт Рахунка слова ў слова супадае з пратаколам яго апытання, які ў іншы дзень склаў капітан міліцыі Вадзім Налівайка.

Рахунок не змог патлумачыць адвакату, чаму розныя працэсуальныя дакументы сталіся  аднолькавымі, нават да паўторных граматычных памылак.

Рахунок прызнаў, што падчас адбыўшагася інцыдэнту з Ціханоўскім яго відэарэгістратар усё здымаў, але запіс не захаваўся. Патлумачыць, чаму так адбылося, Рахунак не змог.

Другі сведка, Буднік, таксама амапавец, пацвердзіў словы папярэдняга: Ціханоўскі аказваў супраціў і непадпарадкаванне. Таксама ён не памятае, каму даваў тлумачэнні. Не змог ён адказаць і на пытанне адваката аб тым, чаму яго пратакол апытання цалкам супадае з пратаколам апытання іншага амапаўца Рахунка.

Ціханоўскі запытаў, чаму ў РАУСе Буднік разам з Рахунком прымяняў да яго сілу і зрываў яму маску, але суддзя зняў гэтае пытанне. Ціханоўскі свярджае, што пры яго затрыманні амапаўцы не прадстаўляліся, а зараз на працэсе хлусяць.

На гэтым  выступ сведак сканчаецца.

Фота: Гарадзенская Вясна
Фота: Гарадзенская Вясна

Адвакат задае пытанне прадстаўніку АУС Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксею Аляксінскаму: чаму у матэрыялах справы існуюць тры ідэнтычныя дакументы (адрозніваюцца толькі даты)? Той не можа нічога адказаць, як і на пытанне, ці пераглядаліся запісы відэарэгістратара і чаму гэтыя запісы не захаваліся.

Суд пераходзіць за разгляду пісьмовых матэрыялаў справы, а затым да тлумачэнняў Ціханоўскага.

Ціханоўскі даводзіць, што адразу пасля яго затрымання было парушана заканадаўства, ніхто яго не апытваў, не дапускалі адваката, амапаўцы не ведалі, чаму яны яго затрымалі, гвалт быў зусім неабгрунтаваны, хоць ён не супраціўляўся, аднак надзетыя на яго кайданкі доўгі час моцна ціснулі на рукі, пасля чаго тыя былі зусім сінімі.

Адвакат Андрэй Шчэпяткоў звяртае ўвагу на парушэнні працэсуальнага заканадаўства, на тое, што орган, які пачаў адміністрацыйны працэс, зусім не даказаў віну Ціханоўскага, усё абвінавачванне базуецца толькі на сведчаннях зацікаўленага боку. Яшчэ раз звяртае ўвагу на тое, што тры розныя працэсуальныя дакументы за розныя даты, датычныя розных асоб, фактычна аднолькавыя — адзін і той жа тэкст названы рознымі дакументамі. У матэрыялах справы адсутнічаюць запісы з відэарэгістратараў, хоць яны і былі зробленыя. Не апытаны аніводны сведка, акрамя двух амапаўцаў, хоць у момант інцыдэнта вакол Ціханоўскага было шмат людзей. Адвакат просіць суд даць ацэнку ўсім абставінам і спыніць адміністрацыйную справу з-за абсалютнай недаказанасці віны падабароннага.

2020-07-01_cihanouski_na_sudzie.jpg
Фота: Гарадзенская Вясна

Пасля 15-хвіліннага перапынку суддзя Юрый Казакевіч вынес пастанову: падвергнуць Сяргея Ціханоўскага арышту ў 15 сутак. 


Пасля гэтага той жа суддзя ў 14.30 пачаў разглядаць адміністрацыйную справу Дзмітрыя Фурманава, таксама абвінавачанага па артыкуле 342 КК  за гарадзенскі інцыдент 29 траўня з Ціханоўскім. У той дзень Фурманава, які з’яўляецца сябрам ініцытыўнай групы Святланы Ціханоўскай, схапілі непасрэдна на крэсле за сталом па зборы подпісаў і склалі таксама пратакол па арт. 23.4 КаАП.

Орган, які пачаў працэс, — РАУС Ленінсага раёну. На судзе яго прадстаўляў Міхаіл Паўлоўскі.

Фурманаў падчас судвага пасяджэння патлумачыў, што на “яго наляцелі невядомыя нібыта бандыты, схапілі за рукі і павалаклі ў аўтамабіль”, пры тым так ударылі ў твар, што ён страціў прытомнасць і ачуняў толькі ў машыне. Таксама яму баявым прыёмам выкруцілі руку.

Сведкамі на працэсе выступілі прадстаўнікі АМАПу. Першым даваў паказанні старшына міліцыі Андрэй Пацуй. На частку пытанняў ён адказваў, што не памятае. Адвакат Фурманава  Вадзім Мушынскі звярнуў увагу на размытасць паказанняў сведкі і іх недакладнасць. Некаторыя пытанні адваката да сведкі суддзя зняў.

Наступны сведка амапавец Міхаіл Хацук сказаў, што ад кіраўніцтва паступіла каманда, а Фурманаў не падпарадкаваўся загаду, пасля чаго яго затрымалі з прымяненнем сілы. Міліцыянт пацвердзіў, што быў пры гэтым апрануты ў цывільную вопратку, а таксама заявіў, што не прымяняў сілу — гэта рабіў яго напарнік Пацуй.  Таксама Хацук спярша казаў, што не складаў рапарту, але падчас судовага пасяджэння выявілася, што ўсё ж складаў.

На пытанне, на якой адлегласці быў Фурманаў ад міліцыянта, які нібы ўпаў пры інцыдэнце 29 траўня ў Гродне (відэа з ім разышлося па інтэрнэце), Хацук не змог адказаць. Але бацька Дзмітрыя, Аляксандр Фурманаў, які таксама выступіў у якасці сведкі, адзначыў, што яго сын знаходзіўся на адлегласці каля 25-30 метраў.

Пасля перапынку суддзя агучыў пастанову — пакараць Дзмітрыя Фурманава на 10 сутак арышту. 


Днём раней трох гарадзенцаў, якія таксама абвінавачваюцца па тым жа артыкуле 342 КК за інцыдент з Ціханоўскім 29 траўня, асудзілі па аміністрацыйных справах за гэты ж інцыдэнт на суткі.

У Гродне асудзілі фігурантаў "справы Ціханоўскага"

У Гродне прайшлі адміністрацыйныя суды над трыма фігурантамі "справы Ціханоўскага" — Уладзімірам Навумікам, Яўгенам Разнічэнкам і Уладзімірам Кнігай. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства